ЛІМБ (ад лац. limbus пруг, шляк, аблямоўка),

плоскае кольца, падзеленае на роўныя долі акружнасці (градусы, мінуты, секунды). Служыць для адліку вуглоў у вугламерных інструментах, астр., геад., фіз. прыладах, прыцэльных прыстасаваннях зброі. Л. наз. таксама бачны край дыска Сонца, Месяца, планеты.

т. 9, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНА́Й (ням. Donau, венг. Duna, славацк., чэш. Dunaj, балг., сербск. Дунав, рум. Dunárea),

стараж.-грэч. Істр, рака ў Еўропе, на тэр. ФРГ, Аўстрыі, Славакіі, Венгрыі, Югаславіі, Балгарыі, Румыніі, Украіны; другая па даўжыні пасля Волгі. Даўж. 2850 км, пл. бас. 817 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў Брэге і Брыгах на ўсх. схілах горнага масіву, Шварцвальд, упадае ў Чорнае м. Верхні Д. (да Вены) цячэ па Баварскім пласкагор’і ў вузкай глыбокай даліне, якая падзяляе адгор’і Альпаў і Чэшскага масіву. У сярэднім цячэнні перасякае Сярэднедунайскую раўніну. У асобных горных хрыбтах і градах (Венгерскія Вароты, Вішаградскі праход, Жалезныя Вароты, Казанэ) утварае даліны прарыву. Ніжняе цячэнне (да вусця) праходзіць па Ніжнедунайскай раўніне. Утварае дэльту (пл. 3500 км²), дзе вылучаюцца 3 гал. рукавы (гірлы); Кілійскае, Сулінскае і Георгіеўскае. Больш за 300 прытокаў, 34 з іх суднаходныя. Гал. прытокі: Марава, Ціса, Олт, Сірэт, Пруг (злева), Ін, Драва, Сава, Марава (справа). Жыўленне мяшанае. Рэжыму верхняга Д. характэрна летняе разводдзе ад раставання снегу і лёду ў гарах, на астатняй тэр. веснавое разводдзе і летняя межань. На асобных участках у суровыя зімы замярзае да 1,5 мес. Сярэдні гадавы расход вады 6430 м³/с. Рыбалоўства (пераважна ў дэльце). Водзяцца бялуга, сяўруга, асетр, дунайскі селядзец, сазан, жэрах і інш. Выкарыстоўваецца на арашэнне і водазабеспячэнне гарадоў і прамысл. цэнтраў. Суднаходная да вярхоўяў, мае вял. значэнне ў трансп. сувязях Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы. У ніжнім цячэнні (у Румыніі) Д. злучаны каналам з Чорным м. У Жалезных Варотах (на мяжы Румыніі і Югаславіі) 2 буйныя ГЭС (Джэрдап), каскад ГЭС з вадасховішчамі на тэр.

Аўстрыі і ФРГ. Гал. гарады на Д. — Рэгенсбург (ФРГ), Лінц, Вена (Аўстрыя), Браціслава (Славакія), Будапешт (Венгрыя), Нові-Сад, Бялград (Югаславія), Русе (Балгарыя), Брэіла, Галац (Румынія), Ізмаіл (Украіна) і інш. У дэльце Д. запаведнік Дунайскія плаўні. Д. — міжнар. рака. Канвенцыяй аб рэжыме суднаходства на Д. 1948 устаноўлена свабода суднаходства, забаронена плаванне ваен. караблёў непрыдунайскіх краін.

Рака Дунай у Будапешце.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)