Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРО́СА»,
«Ляда», бел.нар. гульня. Вядома ўсім усх.-слав. народам. Верагодна, была прымеркавана да веснавых аграрна-магічных абрадаў, элементы якіх арганічна спалучаліся са шлюбнай сімволікай. Удзельнікі становяцца ў 2 рады (хлопцы насупраць дзяўчат) і, узяўшыся за рукі, спяваюць па чарзе: «Дзеўкі проса сеялі, сеялі» — «А мы проса вытапчам, вытапчам». Заканчваецца песня словамі: «Мы дзевачку забяром, забяром» — «Мы вам коней аддаём, аддаём». Затым хлопцы забіраюць дзяўчыну ў свой рад або ловяць удзельніка, які бяжыць паміж радамі («Ляда»). Гульня спыняецца, калі ўсе ўдзельнікі з аднаго рада пяройдуць у другі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́СА (Panicum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў тропіках, субтропіках, некат. — ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. Вырошчваюць пераважна П. звычайнае, або пасяўное, сапраўднае, мяцёлчатае (P. miliaceum). У Еўразіі і Паўн. Афрыцы вядома ў культуры за 3 тыс. гадоў да н.э. На Беларусі рэшткі насення знойдзены пры раскопках гарадзішчаў 5 ст. да н.э.
П. звычайнае — аднагадовая травяністая расліна з валасніковістымі каранямі выш. 70—100 см. Лісце лінейна-ланцэтнае, апушанае. Суквецце — раскідзістая, радзей сціснутая мяцёлка. Плод — зярняўка. Зерне выкарыстоўваецца як крупы (проса), разам з адходамі яго перапрацоўкі ідзе на корм жывёле і птушкам. Прасяная салома па якасці блізкая да сена. Пад назвай «П.» культывуюць расліны інш. родаў сям. метлюжковых, напр., магар, чуміза, брыца звычайная (курынае П., японскае П.), мяшэй італьянскі (італьянскае П.). Харч., кармавая расліна.
Проса звычайнае: 1 — агульны выгляд; 2 — мяцёлкі падвідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКАЕ ПРО́СА, негрыцянскае проса,
перыстамяшэй амерыканскі (Pennisetum americanum),
гібрыдная кветкавая расліна сям. метлюжковых з роду перыстамяшэй. Радзіма — Афрыка. Культывуецца ў засушлівых раёнах Афрыкі і Азіі, менш на Пд Еўропы, Амерыкі і Аўстраліі.
Аднагадовая травяністая расліна са шматлікімі высокімі (да 3 м і больш) сцёбламі і доўгім шырокім лісцем. Суквецце — густая цыліндрычная або эліпсападобная, коласападобная мяцёлка. Зярняўкі авальна-яйцападобныя або грушападобныя; белыя або шэрыя, багатыя бялком (12—13%), крухмалам (да 60%) і алеем (да 7%). Збожжавая і кармавая святло- і цеплалюбівая, засухаўстойлівая расліна, непатрабавальная да глебавых умоў. Размнажаюць насеннем. Апрацоўваецца, як прапашная культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мінскае (сорт проса) 8/579
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Падалянскае 24/273 (сорт проса) 8/579
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРУПЯНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
сельскагаспадарчыя расліны, зерне якіх перапрацоўваецца пераважна на крупы. Большасць К.к. (магар, полба, проса, рыс, сорга, чуміза) з сям. метлюжковых, грэчка — з сям. драсёнавых. Крупы вырабляюць таксама з зерня аўса, пшаніцы, ячменю, гароху, кукурузы. Багатыя бялкамі, вітамінамі і вугляводамі. З зерня К.к. атрымліваюць крухмал, муку, спірт, іх выкарыстоўваюць на корм жывёле. З саломы вырабляюць паперу (рысавая папера), плеценыя вырабы, скормліваюць жывёле. Грэчка — добры меданос. Вырошчваюць ва ўсіх земляробчых раёнах. Найб. плошчы займаюць рыс (Азія), проса, сорга (Азія, Афрыка), грэчка (Еўропа, Паўн. Амерыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́НІК,
у беларусаў пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім пры мыцці перылі (пралі) бялізну, палотны пры адбельванні; ім таксама абівалі лён, проса. Вядомы з 11—12 ст.