МО́ЎЭТ ((Mowat) Фарлі Мак-Гіл) (н. 12.5.1921, г. Белвіл, Канада),
канадскі пісьменнік. Скончыў ун-т у Таронта. Піша на англ. мове. Першы яго твор — «Людзі Аленевага краю» (1952) пра трагічны лёс эскімосаў. Аўтар кніг пра жыхароў і прыроду Поўначы — «Народ у адчаі» (1959), «Выпрабаванне лёдам» (1960), «Трагедыі мора» (1984), пра жывёл — «Не крычы, ваўкі!» (1963), «Кіт на пагібель» (1972), аповесцей для дзяцей «Сабака, які не хацеў быць проста сабакам» (1957), «Лодка, якая не плыве» (1969), аўтабіягр. кн. «І птушкі не спяваюць» (1979) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Вперед, мой брат, вперед! М., 1983;
В стране снежных бурь. Л., 1984;
Следы на снегу. М., 1985;
Мое открытие Америки. М., 1987;
Трагедии моря. М., 1988;
Проклятие могилы викинга. М., 1990;
Собака, которая не хотела быть просто собакой. М., 1995.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 10, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЯ КУЛЬТУ́РА,
паняцце, якое характарызуе найб. тыповыя спосабы бытавання культуры ў сучасным грамадстве; у шырокім сэнсе — вытв-сць культ. каштоўнасцей, разлічаная на масавы і падпарадкаваны масам ужытак. Узнікла ў 2-й пал. 20 ст.; з’яўляецца прадуктам трансфармацыі сучаснага грамадства, яго пераходу ад індустр. да постіндустр. (інфармацыйнага) тыпу тэхнал. развіцця і звязана з развіццём сродкаў масавай камунікацыі, павышэннем узроўню адукаванасці мас і дэмакратызацыяй культуры, павелічэннем вольнага часу і інш.
Ахоплівае ўсе віды культуры і субкультуры («субкультуру дзяцінства», сродкі масавай інфармацыі, сістэму дзярж. ідэалогіі і прапаганды, індустрыю вольнага часу і інш.). Вытв-сць, распаўсюджанне і выкарыстанне прадуктаў М.к. маюць індустрыяльна-камерцыйны характар. Сэнсавы дыяпазон М.к. шырокі — ад прымітыўнага кіча да больш складаных і змястоўна насычаных форм (некаторыя віды рок-музыкі, «інтэлектуальны» дэтэктыў і інш.). Яна адпавядае патрэбам масавай аўдыторыі ў эмацыянальнай кампенсацыі і разрадцы, адпачынку, гульнях; адначасова садзейнічае ўкараненню ў свядомасць людзей стандартызаваных норм асабістай культуры, ідэалагічна арыентаванага светаўяўлення, нівеліроўцы поглядаў і густаў. Пашырэнне М.к. адбываецца праз «мас-медыя» — паліграфію, радыё, тэлебачанне, аўдыё- і відэатэхніку і інш., якія забяспечваюць шырокае развіццё і моцнае псіхал. ўздзеянне на масавага спажыўца. Праяўленне М.к. характэрна для ўсіх краін незалежна ад форм дзярж. ладу. Супрацьстаіць М.к. элітарная культура. Адны філосафы і сацыёлагі разглядалі М.к. ў сувязі з канцэпцыяй масавага грамадства і прадказвалі крах «вышэйшай» культуры ў яе сутыкненні з масай, «натоўпам» (Х.Артэга-і-Гасет, Іспанія; Т.Адорна, Германія), другія — як гранічнае выяўленне духоўнай несвабоды і сродак адчужэння і прыгнёту асобы (Э.Фром, Д.Рысмен, Г.Маркузе, Я.Марэна, ЗША), як страшыдла, што пажырае ў чалавеку ўсё чалавечае (Дж.Оруэл, О.Хакслі, Вялікабрытанія), як сродак задавальнення запатрабаванняў масавага спажыўца (Т.Парсанс, ЗША).
Літ.:
Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Дар или проклятие?: Мозаика массовой культуры. М., 1994.
А.І.Галаўнёў.
т. 10, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)