Я́ШЫН (сапр. Папоў) Аляксандр Якаўлевіч

(27.3.1913, в. Блуднова Нікольскага р-на Валагодскай вобл., Расія — 11.7.1968),

рускі пісьменнік Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1941). Друкаваўся з 1928. Першы зб. вершаў «Песні Поўначы» (1934). У зб-ках «На Балтыцы» (1942), «Горад гневу» (1943) пройдзенае і перажытае ў Вял. Айч. вайну. Асн. тэмы твораў — любоў да роднага краю, роздум пра жыццё і смерць, маральныя каштоўнасці, прызванне творцы: зб-кі вершаў «Землякі» (1946), «Сумленне» (1961), «Басанож па зямлі» (1965), «Дзень тварэння» (1968), паэма «Алёна Фаміна» (1949). Аўтар аповесцей «Сірата», «Валагодскае вяселле» (абедзве 1962), цыклаў апавяд. «Разам з Прышвіным» (1963—74), «Салодкі востраў» (1969), кнігі крытыкі «Рагаты Пегас» (1976), дзённікаў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950. Яго апавяд. «Частую рабінамі» на бел. мову пераклаў А.​Кудравец.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1984—86;

Границы души: Стихи из дневников. Строфы. Лирические записи. Поэмы. М., 1982.

Літ.:

Михайлов А.Л. Александр Яшин. М., 1975;

Рулева А.С. Александр Яшин: Личность. Поэт. Прозаик. Л., 1980.

Л.​В.​Календа.

т. 18, кн. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАУСТО́ЎСКІ Канстанцін Георгіевіч (31.5.1892, Масква — 14.7.1968),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім (1911—13), Маскоўскім (1914) ун-тах. Пасля 1917 супрацоўнічаў у газетах, «Окнах РОСТА», ТАСС. Падарожнічаў па краіне, быў на Беларусі. Друкаваўся з 1912. Першы раман «Рамантыкі» (1916—23, апубл. ў 1935). У ранніх творах (зб-кі апавяд. і нарысаў «Марскія эскізы», 1925; «Сустрэчныя караблі», 1928; раман «Зіхатлівыя воблакі», 1929) востры дынамічны сюжэт, героі — летуценнікі, якія прагнуць рамант. прыгод. Аповесці «Кара-Бугаз» (1932), «Калхіда» (1934) пра этычныя праблемы пераўтварэння навакольнага асяроддзя. Карціны рус. прыроды ў аповесці «Мяшчорская старана» (1939), апавяд. (зб. «Летнія дні», 1937) і інш. У аўтабіягр. эпапеі «Аповесць пра жыццё» (ч. 1—6, 1945—63) шмат раздзелаў прысвечана Беларусі («Карчма на Брагінцы», «Мястэчка Кобрын», «У балотных лясах», «Гнілая зіма» і інш.). Аўтар нататак пра пісьменніцкую працу «Залатая ружа» (1955), гіст. аповесцей «Лёс Шарля Лансевіля» (1933), «Паўночная аповесць» (1938; аднайм. фільм 1960), біягр. аповесцей пра людзей мастацтва «Ісак Левітан» (1937), «Тарас Шаўчэнка» (1939), п’ес «Паручнік Лермантаў» (1941), «Наш сучаснік (Пушкін)» (1949), кніг гіст.-біягр. нарысаў «Блізкія і далёкія» (1967), успамінаў, казак, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы лірызм, эмацыянальнасць, рамант. ўспрыняцце жыцця, паэтычнасць мовы. П’еса «Пярсцёнак» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1976). Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі Я.​Брыль, А.​Кучар, А.​Марціновіч, Л.​Салавей і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1981—86;

Бел. пер. — Кара-Бугаз. 2 выд. Мн., 1935;

Калхіда. Мн., 1935;

Чорнае мора. Мн., 1938;

Аповесці. Мн., 1957;

Белая вясёлка: Аповесці і апавяданні. Мн., 1976.

Літ.:

Левицкий Л.А. Константин Паустовский. 2 изд. М., 1977;

Кременцов А.И. К.​Г.​Паустовский: Жизнь и творчество. М., 1982;

Воспоминания о Константине Паустовском. М., 1983;

Измайлов А.Ф. Наедине с Паустовским: К.​Г.​Паустовский — прозаик, публицист, критик, драматург. Л., 1990.

А.​В.​Спрынчан.

К.Г.Паустоўскі.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)