АНАЛІТЫ́ЧНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,
скрыжаванне гібрыда 1-га пакалення з бацькоўскай формай-«аналізатарам», якая мае рэцэсіўныя прыкметы (гомазіготная па рэцэсіўных алелях). Праводзіцца з мэтай вызначэння генатыпу гібрыднай асобіны па характары атрыманага патомства. Патомкі ад аналітычнага скрыжавання абавязкова нясуць адзін рэцэсіўны алель ад «аналізатара», на фоне якога павінны праявіцца алелі, атрыманыя ад аналізуемага арганізма. Для аналітычнага скрыжавання (за выключэннем выпадкаў узаемадзеяння генаў) характэрна супадзенне расшчаплення па фенатыпе з расшчапленнем па генатыпе сярод патомкаў. З дапамогай аналітычнага скрыжавання можна вызначыць, да якога тыпу належыць праведзенае скрыжаванне: да мона- або дыгібрыднага. Гл. таксама Скрыжаванне.
т. 1, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПА́ЙНАСЦЬ,
уласцівасць крышталёў расколвацца ці расшчапляцца па пэўных крышталеграфічных напрамках, што абумоўлена будовай іх крышталічных рашотак; дыягнастычная прыкмета мінералаў. Плоскасці С. і плоскасці ў крышталеграфічнай рашотцы мінералаў з найб. рэтыкулярнай шчыльнасцю атамаў звычайна супадаюць; залежаць таксама ад тыпу хім. сувязей у мінерале.
Адрозніваюць С. вельмі дасканалую (напр., слюды), дасканалую (напр., кальцый), сярэднюю (напр., піраксены) і недасканалую (напр., кварц, пірыт). У адным крышталі ў адпаведнасці з яго сіметрыяй і тыпам структуры могуць праявіцца некалькі (да 6 у сфалерыце) па-рознаму арыентаваных плоскасцей С., якія адрозніваюцца паводле ступені дасканаласці.
т. 15, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)