ПРАЦЭДУ́РА (франц. procédure ад лац. procedere рухацца наперад),

1) афіцыйна ўстаноўлены парадак дзеянняў для ажыццяўлення ці выканання чаго-н., напр., П. галасавання.

2) Лячэбнае ці прафілакт. мерапрыемства, якое рэкамендуецца ўрачом, напр., душ, ванна, масаж.

т. 13, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕБІСЦЫ́Т (ад лац. plebiscitum рашэнне народа),

апытанне народа, звычайна з мэтай вызначэння лёсу адпаведнай тэрыторыі. У некаторых краінах (напр., у Францыі) лічыцца сінонімам рэферэндуму. З фармальна-юрыд. пункту гледжання працэдура правядзення П. нічым не адрозніваецца ад працэдуры рэферэндуму.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЫГА́ЦЫЯ ў медыцыне,

лячэбная працэдура, якая заключаецца ў арашэнні запаленчай тканкі струменем вады ці лек. вадкасцю. Пашырана ў хірургіі (І. ранавых паверхняў, прамой кішкі і інш.), уралогіі, гінекалогіі і інш. Прылады (цытаскопы, урэтраскопы, спрынцоўкі і інш.), што выкарыстоўваюцца пры І., наз. ірыгацыйнымі (прамыўнымі).

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЫ,

працэдура выбрання шляхам адкрытага або закрытага (тайнага) галасавання. Пры прамых выбарах выбаршчыкі непасрэдна выбіраюць кіраўніка дзяржавы або інш. службовых асоб. Ускоснымі (непрамымі) называюцца выбары, у працэсе якіх выбіраюцца прадстаўнікі (выбаршчыкі) для далейшага галасавання па выбарах кіраўніка дзяржавы, дэпутатаў і г.д. Гл. таксама Выбарчае права.

т. 4, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛІВА́ННЕ,

лячэбна-прафілактычная водная працэдура для загартоўвання арганізма; назначаецца таксама ў пачатку водалячэння. Абліванне праводзяць 2—3 мін кожны дзень на працягу 4—6 тыдняў, паступова зніжаючы т-ру вады з 34—33 °C да 22—20 °C. Потым усё цела расціраюць сухой, лепш нагрэтай прасціной.

т. 1, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎНТБЕ́ТЭНА ПЛАН,

план прадастаўлення незалежнасці Брыт. Індыі, які прапанаваў яе віцэ-кароль Л.​Маўнтбетэн. Абнародаваны брыт. урадам 3.6.1947. Прадугледжваў падзел Брыт. Індыі на 2 дамініёны — Інд. Саюз (пераважна з індуісцкім насельніцтвам) і Пакістан (пераважна з мусульм. насельніцтвам). Правінцыі Пенджаб і Бенгалія падзяляліся паміж імі паводле вынікаў галасавання ў мясц. асамблеі. Правіцелі княстваў мелі права далучыцца да аднаго з дамініёнаў або захаваць ранейшыя адносіны з Вялікабрытаніяй. 15.8.1947 працэдура падзелу была скончана, а М.п. зацверджаны каралём Вялікабрытаніі як Закон пра незалежнасць Індыі.

т. 10, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУШ (франц. douche ад італьян. doccia вадасцёкавая труба),

прылада для аблівання цела тонкімі вадзянымі струменямі. Таксама гігіенічная і лячэбная водная працэдура, якая заключаецца ва ўздзеянні на цела чалавека струменяў вады рознай т-ры і ціску.

Выкарыстоўваюць Д. халодны (т-ра ніжэй за 20 °C), субхалодныя (да 34 °C), індыферэнтныя (34—36 °C), цёплыя (38—39 °C), гарачыя (40 °C і вышэй), кантрастныя (з пераменнай т-рай 10—25 і 45 °C); з лек.-прафілакт. мэтамі выкарыстоўваюць звычайна дажджавы, ігольчасты, пылавы, цыркулярны, узыходны, Д. Шарко, шатландскі; ціск вады ад 0,3 да 4 атм.

т. 6, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́СТЫНГ (ад англ. listing унясенне ў спіс),

працэдура допуску каштоўнай паперы да афіц. гандлю на фондавай біржы, яе ўключэння ў каціравальны ліст фондавай біржы. Ажыццяўляецца на аснове правіл, устаноўленых біржай (у некаторых краінах гэтыя правілы ўзгадняюцца з дзярж. органамі). Найб. распаўсюджанымі крытэрыямі Л. на фондавых біржах зах. краін з’яўляюцца такія паказчыкі, як прыбытак да выплаты падаткаў, кошт рэальных актываў, рыначны кошт акцый і інш. Жорсткасць крытэрыяў Л. звычайна залежыць ад вядомасці фондавай біржы (найб. жорсткія крытэрыі існуюць на Нью-Йоркскай фондавай біржы). Л. перашкаджае допуску на біржу няякасных (ненадзейных) каштоўных папер і выступае асн. элементам яе арганізаванасці.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮСТРА́ЦЫЯ (ад лац. lustratio ачышчэнне ахвярапрынашэннем),

1) агульная назва рэліг. абрадаў, звязаных з уяўленнямі пра ачышчальную, душавыратавальную сілу магічных дзеянняў, рытуалаў.

2) У шэрагу ўсх.-еўрап. дзяржаў (Венгрыя, Чэхія, Эстонія, Латвія, Румынія) Л. — працэдура праверкі асоб, якія займаюць адказныя дзярж. пасады, а таксама кандыдатаў на гэтыя пасады на прадмет іх прыналежнасці ў мінулым да кіраўніцтва камуніст. партый, службаў дзярж. бяспекі або супрацоўніцтва з гэтымі службамі. Праверка праводзіцца на падставе закону аб Л. Калі выяўлена супрацоўніцтва асобы з рэжымам, ёй прапаноўваецца добраахвотная (з захаваннем тайны выяўленых фактаў) або прымусовая (з публічным абнародаваннем кампраметуючай інфармацыі) адстаўка.

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ МІЖУРА́ДАВЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ,

пастаянныя аб’яднанні дзяржаў, створаныя на падставе распрацаванага і ўзгодненага імі міжнар. пагаднення або інш. ўстаноўчага акта з мэтай каардынацыі намаганняў урадаў па вырашэнні міжнар. праблем і садзейнічання развіццю ўсебаковага супрацоўніцтва дзяржаў. Спецыфічныя рысы М.м.а.: пастаянны або рэгулярны характар дзейнасці, метад функцыянавання (шматбаковыя перагаворы, адкрытае абмеркаванне пытанняў), працэдура распрацоўкі і прыняцця рашэнняў (абмеркаванне і галасаванне) і характар прынятых рашэнняў, якія, як правіла, не маюць абавязковай сілы і заснаваны на прынцыпе «адна краіна — адзін голас» або на фін. узносе і эканам. становішчы адпаведных краін-удзельніц. Адрозніваюць М.м.а. сусветныя (ААН, ЮНЕСКА, МАП і інш.) і рэгіянальныя.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)