ГІДРАЛА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць рэакцыі гідролізу (расшчапленне арган. злучэнняў) з далучэннем на месцы разрыву элементаў малекул вады (H​+ і OH​). У залежнасці ад характару сувязі, якая гідралізуецца, адрозніваюць эстэразы (ліпазы, фасфатазы і інш.), гліказідазы (амілазы, цэлюлазы, неактыназы і інш.), пратэазы, пептыдазы і г.д. Пашыраны ў прыродзе, адзначаны амаль ва ўсіх жывых арганізмах. Удзельнічаюць у працэсах пазаклетачнага і ўнутрыклетачнага стрававання. Большасць унутрыклетачных гідралаз знаходзіцца ў лізасомах (вакуолях), некат. — у ядры, арганелах і цытаплазме.

т. 5, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭАЛІТЫ́ЧНЫЯ ФЕРМЕ́НТЫ, пратэазы,

ферменты класа гідралаз; каталізуюць гідроліз пептыдных сувязей у бялках і пептыдах. Прысутнічаюць ва ўсіх жывых арганізмах. У пазваночных жывёл бываюць пазаклетачныя (П.ф. стрававальнага тракту — пепсін, трыпсін і інш., крыві — трамбін, рэнін, плазмін і інш.) і ўнутрыклетачныя (катэпсіны). Пазаклетачныя выпрацоўваюцца звычайна ў выглядзе неактыўных праферментаў. П.ф. падзяляюць на 2 групы: эндапептыдазы, якія каталізуюць гідроліз пептыдных сувязей унутры поліпептыднага ланцуга і экзапептыдазы, якія каталізуюць адшчапленне ад поліпептыднага ланцуга канцавых амінакіслот (з N - або С-канца малекулы). Выкарыстоўваюць у даследаваннях для ўстанаўлення будовы бялкоў і пептыдаў, у харч. прам-сці (мякчэнне мяса, сыраварства), у медыцыне (гаенне ран і апёкаў, лячэнне пухлін і інш.).

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)