ПРАТА..., прота... (ад грэч. prōtos першы), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) першапачатковы, першасны, напр., пратадэрма, пратаплазма, протарэнесанс, 2) старшынство ў царкоўным чыне, напр., протадыякан, протапрэсвітэр.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ТА (Prato),

горад у Цэнтр. Італіі, у правінцыі Фларэнцыя, у вобл. Таскана. Каля 180 тыс. ж. (2000). У эканам. адносінах цесна звязаны з г. Фларэнцыя. Цэнтр тэкст. прам-сці (з 13 ст., шарсцяныя тканіны, дыванаткацтва). Развіты тэкст. машынабудаванне, хім., гарбарная, швейная, харч. прам-сць. Маст. галерэя. Арх. помнікі 12—15 ст.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОТА,

тое, што прата...

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАДЭ́РМА (ад прата... + дэрма),

вонкавы слой клетак верхавінкавай мерыстэмы парастка і кораня. У працэсе развіцця П. дыферэнцыруецца ў эпідэрму (на парастку) або рызадэрму (на корані), радзей дае пачатак некат. субэпідэрмальным тканкам.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАНЕ́МА (ад прата... + грэч. nēma нітка),

прадростак, мікраскапічнае ніткаватае або пласціністае ўтварэнне ў водарасцей і мохападобных. Утвараецца са споры або ў выніку рэгенерацыі клетак гаметафіту ці спарафіту. Дае пачатак аднаму або некалькім макраскапічным слаявінам.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭІ́ДЫ (ад прата... + грэч. eidos выгляд),

складаныя бялкі, утвораныя з простых бялкоў (пратэінаў) і прастэтычных груп. У залежнасці ад хім. прыроды прастэтычнай групы падзяляюць на нуклеапратэіды, глікапратэіды, ліпапратэіды, фосфапратэіды і інш. Да П. адносяцца многія ферменты. Выконваюць пластычныя, ферментатыўныя, гарманальныя і інш. жыццёва важныя функцыі.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭО́ЛІЗ (ад прата... + лізіс),

працэс ферментатыўнага расшчаплення бялкоў да пептыдаў і амінакіслот. У біял. сістэмах пашыраны рэакцыі абмежаванага П., калі гідролізу падпадае толькі абмежаваная колькасць сувязей, размешчаных на паверхні бялковай малекулы, што прыводзіць да ўтварэння невял. колькасці фрагментаў. З рэакцыямі абмежаванага П. звязана ажыццяўленне шэрагу фізіял. працэсаў.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАПЛА́ЗМА (ад прата... + плазма),

змесціва жывой клеткі — яе цытаплазма і ядро. З’яўляецца мнагафазным калоідам, дзе дысперснае асяроддзе — вада, а асн. дысперсная фаза — бялкі і ліпіды. У жывёл, раслін, мікробных клетак і аднаклетачных арганізмаў фіз. ўласцівасці, хім. састаў, структурна-марфал. асаблівасці П. маюць шмат агульнага, што служыць адным з доказаў адзінства жывой прыроды. Часам тэрмінам «П.» няправільна наз. пазаядзерную ч. клеткі — цытаплазму.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАПЛА́СТ (ад прата + грэч. plastos вылеплены, утвораны),

у раслін — поўнасцю пазбаўленая клетачнай сценкі клетка, якая мае клетачную мембрану, што абмяжоўвае цытаплазму, ядро і інш. арганоіды. У клетачнай інжынерыі П. атрымліваюць штучна для кланіравання і рэгенерацыі з іх цэлых раслін (зліццё П., якія належаць розным відам). У мікраарганізм а ў П. ўтвараюцца ў выніку мутацый, аўталітычных працэсаў, уздзеяння некат. антыбіётыкаў і інш. агентаў. У форме П. існуюць мікаплазмы і L-формы бактэрый.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПІ (Lippi),

італьянскія жывапісцы эпохі Ранняга Адраджэння; прадстаўнікі фларэнційскай школы жывапісу.

Фра Філіпа Л. (каля 1406, г. Фларэнцыя, Італія — 9.10.1469). У 1421—56 быў манахам-кармелітам. Як мастак склаўся пад уплывам Мазачыо, Мазаліна, Анджэліка, Л. Манака. Працаваў у Фларэнцыі, Падуі (1434—37), Прата (1452—64, з перапынкамі), Спалета (з 1466). Яго фрэскавыя цыклы вызначаюцца вытанчанасцю лінейнага малюнка, мяккай святлоценявой лепкай формы, гармоніяй светлага, стрыманага каларыту, індывідуальнасцю і простанароднасцю вобразаў («Рэформа кармеліцкага ордэна» ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі, 1432—33; «Сцэны з жыцця Іаана Хрысціцеля і св. Стэфана» ў саборы ў Прата, 1452—64). Алтарным кампазіцыям уласцівы лірычнасць, змякчэнне пластычнай трохмернасці форм складанымі, гарманічна-плаўнымі матывамі руху і святлоценявой насычанасцю каларыту («Мадонна Тарквінія», «Мадонна з немаўляці, св. Фрэдрыяна, св. Аўгусцінам і анёламі», абедзве 1437; «Каранаванне Маці Божай», 1441—47; «Дабравешчанне», 1440-я г.; «Тонда Барталіні», 1452; «Пакланенне немаўляці», канец 1450 — пач. 1460-х г.). Сярод яго вучняў С.Батычэлі.

Філіпіна Л. (каля 1457, г. Прата, Італія — 18.4.1504). Сын Фра Філіпа Л. Вучыўся ў свайго бацькі, пазней у Батычэлі. У сталы перыяд зазнаў уплывы Леанарда да Вінчы і нідэрландскіх жывапісцаў. Творчасць вызначаецца эмацыянальнай выразнасцю контурных ліній і вытанчанасцю колеравай гамы, якая падкрэсліваецца багаццем арх.-дэкар. матываў, навеяных ант. мастацтвам. Сярод твораў: фрэскі ў капэле Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне (каля 1481—83) і капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела (1487—1502) у Фларэнцыі, у царкве Санта-Марыя сопра Мінерва ў Рыме (каля 1488—93), алтарныя кампазіцыі «Сцэны з жыцця Лукрэцыі» (каля 1475—80), «Мадонна на троне са святымі» (1485), «Пакланенне немаўляці Хрысту» (сярэдзіна 1480-х г.), «Пакланенне вешчуноў» (1496) і інш. У позніх работах узмацніліся рысы неспакою і манернай напружанасці.

Фра Філіпа Ліпі. Тонда Барталіні. 1452.
Філіпіна Ліпі. Апостал Філіп каля храма Марса. Цуд з драконам. Фрэска ў капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела. 1487—1502.

т. 9, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)