Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЯ́НКА (Emberiza calandra, або Miliaria calandra),
птушка сям. аўсянкавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жыве ў стэпах, на сухадольных лугах з хмызняковымі зараснікамі, палях, каля населеных пунктаў. У канцы лета вывадкі П аб’ядноўваюцца ў чароды да 50 асобін і больш. На Беларусі рэдкі гнездавальны від. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 20 см, маса да 60 г. Апярэнне аднастайна-шэрае, святлейшае на горле, грудзях і брушку, з бурымі падоўжанымі стракацінамі. Дзюба высокая, моцная. Корміцца пераважна насеннем раслін, парасткамі, часткова дробнымі беспазваночнымі. Нясе 4—6 яец двойчы за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НКІ (Emberiza),
род птушак атр. вераб’інападобных. 39 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі гняздуюцца 4 віды: прасянка (Emberiza calandra), аўсянка садовая (Emberiza hortulana), аўсянка звычайная (Emberiza citrinella), аўсянка чаротавая (Emberiza schoeniclus). Прасянка і аўсянка садовая занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела да 22 см, маса да 64 г. Апярэнне бураватае і карычняватае. Дзюба кароткая, канічная, верхняя палавіна якой няшчыльна прылягае да ніжняй. Жывуць на лугах, у хмызняках, чаротавых зарасніках і ў лесе. Гнёзды адкрытыя, на зямлі або на высокіх кустах. Нясуць 2—6 яец. За год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі і насеннем.
Аўсянкі: 1 — звычайная (а — самка; б — самец); 2 — садовая; 3 — чаротавая (а — самец; б — самка); 4 — прасянка.