ЭТЫМАЛАГІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

тып лінгвістычнага слоўніка, у якім даюцца звесткі пра паходжанне слоў адной мовы або некалькіх роднасных моў адначасова. Упершыню была пададзена бел. лексіка на шырокім слав. фоне ў «Этымалагічным слоўніку славянскіх моў» Ф.​Міклашыча (1886). Яна займае значнае месца і ў інш. слоўніках слав. моў: «Славянскі этымалагічны слоўнік» Э.​Бернекера (1908—13); а таксама фундамент. слоўніках, работа над якімі вядзецца ў Маскве («Этымалагічны слоўнік славянскіх моў: праславянскі лексічны фонд», 1974—2002, вып. 1—29, выд. працягваецца), Кракаве («Слоўнік праславянскі», т. 1—8, 1974—84, 2001, выд. працягваецца), у Брне («Этымалагічны слоўнік славянскіх моў», сш. 1—2, 1973—80). Значны лексічны матэрыял бел. гаворак упершыню ўведзены ў этымалагічныя даследаванні ў працы «Караняслоў рускай мовы, параўнанні з усімі найгалоўнейшымі славянскімі гаворкамі і з дваццаццю чатырма замежнымі мовамі» (1842) беларуса па паходжанні Ф.​С.​Шымкевіча. Спробы этымалагізацыі бел. лексікі ёсць у «Слоўніку беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870). Шырэй пададзена бел. лексіка ў «Этымалагічным слоўніку рускай мовы» М.​Фасмера (т. 1—3, 1950—58; рус. пер. з дадаткамі т. 1—4, 1964—73, перавыд. 1986—87, 1996) і ў «Этымалагічным слоўніку польскай мовы» Ф.​Слаўскага (т. 1—5, 1952—82, выд. працягваецца), «Этымалагічным слоўніку ўкраінскай мовы» (т. 1—4, 1982—2002, выд. працягваецца). Шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» ствараецца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (т. 1—8, 1978—93, выд. працягваецца). Выданне мае на мэце выявіць словаўтваральныя і семантычныя архаізмы і інавацыі, у т. л. тэрытарыяльна абмежаваныя запазычанні і калькі з інш. моў, мясц. наватворы, асаблівае значэнне надаецца арэальнай характарыстыцы слоў. У кожным з тамоў каля 3 тыс. слоўнікавых артыкулаў з навук. бібліяграфіяй па прыведзеных словах, у якой улічана манаграфічная і часопісная айч. і замежная л-ра. Аб’ектам разгляду ў Э.с. могуць быць і фразеалагізмы. Напр., у «Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» І.​Я.​Лепешава (1981) растлумачана паходжанне каля 450 устойлівых словазлучэнняў сучаснай бел. мовы.

Г.​А.​Цыхун, І.​К.​Германовіч.

т. 18, кн. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)