«ЛІСТ ДА СВЯТО́ГА ПЯТРА́»,
бел. ананімны празаічны твор 2-й пал. 17 ст. Захаваўся ва ўрыўках. З’яўляецца пародыяй на жанр афіцыйнага паслання. Крытычны пафас скіраваны супраць каталіцкай веры і яе носьбіта Ярмолы Аханцэвіча Цюхая, вобраз якога зніжаны. Аўтар просіць апостала Пятра прапусціць у рай чалавека цёмнага і прымітыўнага, які па сутнасці не мае на гэта права. У творы ярка выражаны стылявыя рысы барока. Упершыню апубл. чэшскім славістам Ф.Крчэкам у польск. час. «Lud» («Народ», 1899, т. 5). Да Вял. Айч. вайны зберагаўся ў б-цы імя Асалінскіх (Львоў).
А.В.Мальдзіс.
т. 9, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЭ́К-ХАН, Мірза Кучэк-хан (1880/81, г. Рэшт, Іран — ліст. 1921),
іранскі паліт. дзеяч. Меў рэліг. адукацыю. Удзельнік Іранскай рэвалюцыі 1905—11. У 1-ю сусв. вайну кіраўнік руху партызан-джэнгелійцаў супраць брыт. і рас. войск. Вясной 1918 заключыў пагадненне з брыт. камандаваннем і згадзіўся прапусціць брыт. войскі ў Баку. У 1920 уступіў у саюз з іранскімі камуністамі, узначальваў урад (май—ліп. 1920) і Рэв. к-т (з мая 1921) Гілянскай рэспублікі. 29.9.1921 здзейсніў пераварот, знішчыў б.ч. кіраўніцтва Гілянскага абкома Іранскай кампартыі. Атрады К.-х. разгромлены шахскімі войскамі, а сам ён загінуў.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РВАЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
разгром партызанамі часцей ням.-фаш. арміі ў в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. 18 ліст. ў Вял. Айч. вайну. Праведзена партыз. брыгадамі «Жалязняк» (камандзір В.І.Шаруда), імя Панамарэнкі (І.І.Бандарэнка) і 108-м партыз. атрадам імя Катоўскага (М.А.Трусноў) у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Задача аперацыі — перакрыўшы дарогу з Рэчыцы на Горваль і Шацілкі, не прапусціць часці гітлераўцаў, якія адступалі ў напрамку Бабруйска. У ходзе аперацыі партызаны пад кіраўніцтвам камісара партыз. брыгады імя Панамарэнкі Я.Р.Садовага імклівай атакай уварваліся ў Горваль і разграмілі праціўніка, захапілі танкі, бронемашыны, артылерыю, 110 аўтамашын з боепрыпасамі, прадуктамі і абмундзіраваннем. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі захапіць Горваль, але партызаны моцна ўтрымлівалі свае пазіцыі на працягу 5 сутак да падыходу часцей Чырв. Арміі. У гонар баявых дзеянняў партызан у Горвалі ў 1977 пастаўлены абеліск.
т. 5, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)