Праметый 8/415 (табл.); 9/527
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ТЫЙ (лац. Prometium),
Pm, штучны радыеактыўны хім. элемент III гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 61, ат. м. 144, 9128, адносіцца да лантаноідаў. Вядома 14 ізатопаў з масавымі лікамі 141—154; найб. устойлівы 145Pm (перыяд паўраспаду T1/2 каля 18 гадоў). У зямной кары знойдзены ў вельмі нязначнай колькасці 147Pm (T1/2 2,64 гады, мяккі β-выпрамяняльнік), які ўтвараецца пры дзяленні урану-235. Адкрыты ў 1945, назва ад імя Праметэя.
Метал светла-шэрага колеру, t 1170 °C, шчыльн. 7260 кг/м³. Вылучаюць 147Pm з сумесі радыеактыўных ізатопаў розных элементаў, што ўтвараюцца ў рэактарах пры дзяленні ядз. паліва. Выкарыстоўваюць пераважна як кампанент люмінафораў (свецяцца бесперапынна на працягу некалькіх гадоў), а таксама як крыніцу радыеактыўнага выпрамянення ў мініяцюрных ядз. батарэйках.
т. 12, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
хімічныя элементы, ізатопам якіх уласцівы радыеактыўны распад (гл. Радыеактыўнасць). Да Р.э. адносяць тэхнецый, праметый, палоній і ўсе размешчаныя за ім элементы перыяд. сістэмы.
Р.э. з ат. н. 90—103 — актыноіды, з ат. н. 93—103 (размешчаны ў перыяд. сістэме за уранам) — трансуранавыя элементы. Р.э. з ат. н. 84—92 трапляюцца ў прыродзе (прыродныя). З прыродных Р.э. толькі торый і уран маюць ізатопы, перыяды паўраспаду якіх параўнальныя з часам існавання Зямлі (-109 гадоў); іх наз. першаснымі. Астатнія прыродныя Р.э. — прадукты распаду урану і торыю (гл. Радыеактыўныя рады), наз. другаснымі. Трансуранавыя элементы, а таксама тэхнецый і праметый наз. штучнымі Р.э. (атрыманы пры розных ядз. рэакцыях).
т. 13, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНТАНО́ІДЫ (ад лантан + грэч. eidos выгляд, від),
сям’я з 14 хім. элементаў VI перыяду перыяд. сістэмы з ат. н. 58—71, размешчаных услед за лантанам: цэрый Ce, празеадым Pr, неадым Nd, праметый Pm, самарый Sm, еўропій Eu, гадаліній Gd, тэрбій Tb, дыспрозій Dy, гольмій Ho, эрбій Er, тулій Tm, ітэрбій Yb, лютэцый Lu. Адносяцца да рэдказямельных элементаў. Падзяляюць на цэрыевую (Ce—Eu; лёгкія Л.) і ітрыевую падгрупу (Gd—Lu; цяжкія Л.). Устарэлая назва — лантаніды.
Л. — серабрыста-белыя металы, некат. (Pr, Nd) з жоўтым адценнем. Пластычныя, электраправодныя, лёгка паддаюцца мех. апрацоўцы. Маюць блізкія хім ўласцівасці, што абумоўлена падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак. У хім. злучэннях характэрная ступень акіслення +3. У паветры акісляюцца (лёгкія Л. пры пакаёвай т-ры, астатнія пры 180—200 °C). Узаемадзейнічаюць з вадой з вылучэннем вадароду і ўтварэннем нерастваральных гідраксідаў, з к-тамі (салянай, сернай, азотнай), пры награванні — з галагенамі, азотам, борам, серай. Аксіды, фтарыды, сульфіды Л. — тугаплаўкія рэчывы (напр., для аксідаў tпл 2200—2500 °C). Утвараюць шматлікія інтэрметал. і комплексныя злучэнні. Выкарыстоўваюцца як легіруючыя дабаўкі для чыгуну, сталі і сплаваў каляровых металаў, гетэры ў электронных прыборах, кампаненты магн матэрыялаў, акумулятараў вадароду, міш-металу і інш.
І.В.Боднар.
т. 9, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)