спосаб апрацоўкі металаў ціскам паміж вярчальнымі валкамі пракатнага стана з мэтай атрымання вырабаў пэўнага сячэння. П. атрымліваюць розныя віды пракату: пруткі і палосы рознага папярочнага сячэння, трубы, колы, кольцы і інш.
Адрозніваюць П. гарачую, цёплую і халодную. Вядомы 3 асн. віды: падоўжная (найб. пашыраная), папярочная і папярочна-вінтавая (касая). Пры падоўжнай П. метал дэфармуецца паміж паралельна размешчанымі валкамі, якія верцяцца ў процілеглых напрамках. Пры гэтым метал зацягваецца ў міжвалковую прастору сілай трэння і пластычна дэфармуецца (вышыня сячэння вырабу пры праходжанні паміж валкамі змяншаецца, даўжыня павялічваецца). Такім спосабам вырабляюць сартавы і ліставы пракат, раскочваюцца загатоўкі ў гатовыя трубы. Папярочнай і папярочна-вінтавой П. робяць толькі дэталі форм вярчэння. Пры гэтым вырабу, што апрацоўваецца папярочнай П., надаецца вярчальны рух і апрацоўка адбываецца ў папярочным напрамку. Такой П. атрымліваюць шасцерні, кольцы, вырабы з перыяд. профілем. Пры папярочна-вінтавой П. выраб мае яшчэ і паступальны рух уздоўж яго восі. Гэты спосаб выкарыстоўваюць у вытв-сці труб, шароў і інш. цел вярчэння. Бесперапыннасць П. забяспечвае высокую прадукцыйнасць. У індустр. краінах П. апрацоўваюць больш як 3/4 усёй выплаўленай сталі.
Літ.:
Машины и агрегаты металлургических заводов. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—88;
Поперечно-клиновая прокатка в машиностроении. М., 1982.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧАЯ ПРАКА́ТКА,
пракатка нагрэтых металаў і сплаваў паміж вярчальнымі валкамі пракатных станаў. Робіцца пры т-рах, вышэйшых за парог рэкрышталізацыі, калі забяспечваецца дастатковая пластычнасць: для сталі 1000—1300, медзі 750—800, латуні 600—800, алюмінію і яго сплаваў 350—400 °C. Бывае падоўжная (найб. пашыраная), папярочная і вінтавая (касая). На загатовачных і абціскных станах гарачая пракатка атрымліваюць загатоўкі круглага, квадратнага, плоскага сячэння для наступнай коўкі, штампоўкі і мех. апрацоўкі, а таксама сартавы пракат і пракат спец. профілю (паміж валкамі з паглыбленнямі), лісты, трубы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗЗЛІ́ТКАВАЯ ПРАКА́ТКА,
атрыманне металічных пруткоў, загатовак, лістоў ці стужак з вадкага металу, які заліваецца ў зазор паміж гарыз. валкамі, што круцяцца ў розныя бакі. Пры бяззліткавай пракатцы ў адным працэсе спалучаюцца ліццё, крышталізацыя і дэфармацыя металу. Найбольш пашырана бяззліткавая пракатка сталі (гл.Бесперапыннае ліццё металаў і сплаваў).
Схемы бяззліткавай пракаткі: а — пры падачы металу збоку; б — пры падачы металу знізу; 1 — размеркавальная вапна; 2 — міжвалковая прастора (крышталізатар); 3 — валок; 4 — паласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАЧЭ́ННЕ,
пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый, збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытв-сці, паўправадніковай тэхніцы, ужытковым мастацтве і інш.
Ліставое З. — наклейванне на падрыхтаваную паверхню вырабаў або збудаванняў тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Вядома з 3-га тыс. да н.э. (Егіпет), у Кіеўскай Русі пашырылася з 10—11 ст. Ужывалася для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спец. мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў. Парашковае З. — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку. Агнявое З. — пакрыццё метал., звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці нагрэвам. Другі яго спосаб — нанясенне лаку, у якім ёсць золата, на фарфора-фаянсавыя вырабы. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца. З. плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі інш. металу або валачэнне метал. пруткоў, абкручаных лістамі золата. Гэтым спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і інш.Гальванічнае З. (выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст.) робіцца пераважна ў цыяністых залатых электралітах метадам электралітычнага асаджэння. З. катодным распыленнем пашырана пры вытв-сці фотаэлементаў і інш. З. наз. таксама пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЦО́ЎКА МЕТА́ЛАЎ ЦІ́СКАМ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, у выніку якіх адбываецца пластычная дэфармацыя загатовак без парушэння іх суцэльнасці пад уздзеяннем прыкладзеных вонкавых сіл. Асн. віды апрацоўкі металаў ціскам: пракатка, прасаванне, валачэнне, коўка, штампоўка, гібка; абсталяванне: пракатныя станы, прэсы, валачыльныя станы, молаты, гібачныя машыны.
Апрацоўваюць ціскам большасць металаў і сплаваў, за выключэннем крохкіх (напр., чыгуноў), пераважна ў гарачым стане (пры т-ры больш высокай, чым т-рарэкрышталізацыі). Пасля халоднай апрацоўкі (робіцца звычайна пры пакаёвай т-ры) пластычныя ўласцівасці металаў узнаўляюць адпалам. Часам выкарыстоўваюць і цёплую апрацоўку (пры прамежкавых т-рах). Апрацоўка металаў ціскам дае магчымасць павысіць трываласць, зменшыць шурпатасць паверхні (напр., абкаткай ролікамі) вырабаў, паменшыць расход металу, лягчэй механізуецца і аўтаматызуецца.
Тэорыя апрацоўкі металаў ціскам займаецца вызначэннем намаганняў, што абумоўліваюць пластычнае дэфармаванне; разлікам памераў і формаў загатовак; вывучае заканамернасці пластычнага цячэння металаў, уплыў апрацоўкі металаў ціскам на мех. і фіз. ўласцівасці металаў. Звязана з дасягненнямі фізікі металаў і пластычнасці тэорыі. Заснавана рус. вучоным Дз.К.Чарновым, развіта і выкладзена ў працах рус. і бел. Вучоных С.І.Губкіна, А.І.Цэлікава, А.П.Чакмарова, Г.М.Паўлава, В.П.Севярдэнкі, В.С.Смірнова, В.М.Чачына, А.В.Сцепаненкі і інш. На Беларусі работы ў галіне апрацоўкі металаў ціскам вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це АН, Бел.політэхн. акадэміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́ТНЫ СТАН,
агрэгат (комплекс машын і механізмаў) для апрацоўкі металаў ціскам спосабам пракаткі з дапамогай вярчальных валкоў пракатных; адзін з асн. відаў абсталявання металургічнай прамысловасці. Акрамя пракаткі П.с. транспартуюць зліткі ці загатоўкі да награвальных печаў і валкоў стана, перадаюць пракат ад адной рабочай клеці да другой, робяць кантоўку загатовак, ахаладжэнне і інш.
Прамысл. пракатка жалеза пачалася з 18 ст. У Расіі асабліва шырока развівалася на Урале. З 1960-х г. у СССР, ЗША, ФРГ і Італіі ствараюць ліцейна-пракатныя агрэгаты, у якіх сумяшчаюцца працэсы бесперапыннага ліцця і пракаткі ў адзіным непарыўным патоку. П.с. падзяляюць на 5 асн. відаў, сярод якіх вызначаецца некалькі тыпаў: абціскальныя і загатовачныя (блюмінгі, слябінгі, загатовачныя сартавыя, трубазагатовачныя); сартавыя (рэйкабэлечныя, буйна-, сярэдне- і дробнасартавыя, драцяныя; ліставыя — гарачай і халоднай пракаткі; трубапракатныя; спецыяльныя для асаблівых відаў пракату (колапракатныя, шарапракатныя, для зубчастых колаў і інш.) Паводле колькасці валкоў П.с. дзеляць на 2-валковыя (стан-дуа), З-(стан-трыо), 4-(стан-кварта) і шматвалковыя, у т. л. планетарныя; паводле колькасці рабочых клецей — на 1-, 2-, 3-, 4-, 5-, 6-, шматклецевыя. П.с. для вытв-сці сартавога пракату характарызуецца дыяметрам валкоў, для вырабу ліставога пракату — даўжынёй бочкі валкоў, для вытв-сці труб — вонкавым дыяметрам валкоў. Прадукцыйнасць бесперапыннага загатовачнага П.с. складае каля 4—6 млн.т загатовак за год, аўтам. трубапракатнага 50—70 т бясшвовых труб за гадзіну.