Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЖЭ́КТАР (англ. projector ад лац. projectus кінуты наперад),
асвятляльная прылада, якая канцэнтруе святло ў абмежаваным прасторавым вугле з дапамогай аптычнай сістэмы (люстэркаў або лінзаў). Крыніцы святла — спец. пражэктарныя лямпы напальвання, дугавыя вугальныя лямпы. Адрозніваюць П. далёкага дзеяння (выкарыстоўваюцца ў ваен. справе), заліваючага святла (для асвятлення фасадаў будынкаў, тэатр. сцэн) і сігнальныя (для перадачы інфармацыі).
Схемы пражэктараў: а — рэфлектарнага (люстранога); б — кандэнсарнага (лінзавага); 1 — аптычная сістэма; 2 — крыніца святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАНАСКО́П (ад грэч. eikōn выява, відарыс + скоп),
пераўтваральнік светлавога сігналу ў электрычны (відэасігнал); адна з першых перадавальных тэлевізійных трубак з назапашваннем эл. зарадаў. Заменены на больш дасканалыя пераўтваральнікі — відыкон, суперартыкон, ПЗС-матрыцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЯТЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады для штучнага асвятлення розных аб’ектаў. Канструкцыйна складаюцца з асвятляльнай арматуры і крыніцы штучнага святла. Некаторыя тыпы ўключаюць аптычныя сістэмы (напр., люстэркі, кандэнсары).
Адрозніваюць асвятляльныя прылады далёкага (пражэктар) і блізкага (свяцільня, праекцыйны апарат) дзеяння. Пражэктары або свяцільні некаторых тыпаў аб’ядноўваюць у асвятляльныя ўстаноўкі, якія ўключаюць размеркавальныя шчыты, пуска-рэгулявальную і інш. апаратуру. Асвятляльныя прылады выкарыстоўваюцца для асвятлення памяшканняў, трансп. сродкаў, адкрытых пляцовак і інш.
Да арт.Асвятляльныя прылады. Свяцільні з кампактнымі люмінесцэнтнымі лямпамі: 1, 2 — для пакояў; 3—5 — для жылых гаспадарчых і дапаможных памяшканняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕСКО́П (ад грэч. kinēsis рух + ...скоп),
прыёмная электронна-прамянёвая прылада для ўзнаўлення тэлевізійных відарысаў. Выкарыстоўваецца для стварэння чорна-белых і каляровых відарысаў непасрэдна на экране або пры праектаванні відарыса на знешні экран.
Бываюць манахромныя і каляровыя. Манахромны К. мае вакуумна-шчыльную абалонку з гарлавінай і шкляным дном. У гарлавіну ўбудаваны электронны пражэктар, які фарміруе электронны пучок з інтэнсіўнасцю, што змяняецца ў адпаведнасці з відэасігналам. У месцах падзення такога пучка на люмінесцэнтны экран на ўнутранай паверхні дна абалонкі ўзнікае свячэнне, яркасць якога прапарцыянальная інтэнсіўнасці пучка. У каляровых К. люмінесцэнтны экран складаецца з мноства люмінафорных элементаў (у форме кружочкаў ці палосак), якія свецяцца чырвоным, зялёным або сінім колерам пад уздзеяннем аднаго з трох электронных пучкоў, сфарміраваных трыма электроннымі пражэктарамі.
А.П.Ткачэнка.
Маскавы каляровы кінескоп: 1 — мазаічны люмінафорны экран; 2 — ценявая маска для раздзялення колераў; 3 — электронныя пражэктары.Да арт.Кінескоп: а — мазаічная структура экрана; б — штрыхавая структура экрана: 1 — электронныя пучкі; 2 — ценявая маска; 3 — экран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДАВА́ЛЬНАЯ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ ТРУ́БКА,
разнавіднасць электронна-прамянёвых трубак, якая пераўтварае аптычны відарыс на святлоадчувальнай паверхні (мішэнь, фотакатод ці інш.) у электронны (рэльеф эл. зарадаў, фотаправоднасць) і пасля ў відэасігнал; асн. частка тэлевізійных перадавальных камер.
Бывае з назапашваннем і без назапашвання эл. зараду. П.т.т. з назапашваннем зараду выкарыстоўваюцца ў вяшчальным тэлебачанні, маюць святлоадчувальную мішэнь, электронны пражэктар, факусавальную і адхіляльную сістэмы і інш. элементы (у залежнасці ад тыпу П.т.т.), якія кіруюць электронным праменем. У адных П.т.т. (напр., у іканаскопе, суперартыконе, суперіканаскопе) светлавыя сігналы выбіваюць электроны за кошт знешняга фотаэфекту, у другіх (напр., у відыконе) — змяняецца папярочная праводнасць фотакатода, у выніку чаго ўзнікаюць эл. зарады, якія назапашваюцца на мішэні. Электронны прамень пры абяганні (сканіраванні) мішэні разраджае яе, у выніку атрымліваецца відэасігнал. У тэлевізійных камерах выкарыстоўваюцца пераважна відыконы і іх разнавіднасці (плюмбіконы, сатыконы); у малагабарытных камерах — цвердацельныя фотапераўтваральнікі, напр., ПЗС-матрыцы. П.т.т. без назапашвання зараду (напр., дысектар) не маюць электроннага пражэктара, а відэасігнал фарміруецца электронамі, выпрамененымі з фотакатода пад уздзеяннем святла, і выкарыстоўваюцца для навук. і інш. мэт.