ПРАЕКТАВА́ННЕ,

распрацоўка праекта (прататыпа, правобраза) аб’екта (прамысл. прадпрыемства, збудавання, машыны, абсталявання, аснасткі, дарогі, газа- ці нафтаправода, цеплатрасы, адзення, абутку і інш.) або сукупнасці дакументацыі для яго вытв-сці ці рэканструкцыі. Віды П.: арх.-буд., дарожнае, маш.-буд., тэхнал., с.-г. і інш. Уключае эскізны, тэхнічны і рабочы этапы. Бывае тыпавое і індывідуальнае. Робіцца спецыялізаванымі ўстановамі або падраздзяленнямі прадпрыемстваў.

П. — частка жыццёвага цыкла аб’екта ці тэхн. сістэмы, які ўключае стадыі: фармуляванне патрабаванняў да аб’екта, уласна П., вытв-сць, выпрабаванне доследных узораў вырабаў, серыйную вытв-сць, эксплуатацыю, мадэрнізацыю, утылізацыю. Пры неабходнасці перад П. выконваюцца н.-д. і доследна-канструктарскія работы. Уваходнымі данымі для П. з’яўляюцца патрабаванні, што выпрацоўваюцца ў тэхн. заданні. Традыцыйнае П. арыентуецца на эмпірычныя ітэрацыйныя метады, сучаснае грунтуецца на метадах аўтаматызаванага П. (гл. Аўтаматызацыя праектавання), машыннай графікі, матэматычнага мадэліравання. Выкарыстанне камп’ютэраў і спец. праграмнага забеспячэння дазваляе на стадыі П. прадугледзець магчымыя праектныя сітуацыі і выбраць варыянт рашэння, найб. адпаведны патрабаванням да аб’екта без вырабу яго прататыпа. У працэсе П. робяцца інж., тэхніка-эканам. і інш. разлікі, чарцяжы, схемы, макеты, складаюцца спецыфікацыі, тлумачальныя запіскі, каштарысы, калькуляцыі, апісанні. Пры тыпавым П. распрацоўваюцца праекты для шматразовага выкарыстання, пры індывідуальным выкарыстоўваюцца тыпавыя праектныя рашэнні. Пры П. кіруюцца дзярж. і ведамаснымі стандартамі, нормамі і правіламі

Літ.:

Джонс Дж.К. Методы проектирования: Пер. с англ. 2 изд. М., 1986;

Борисов В.И. Общая методология конструирования машин. М., 1978.

У.​І.​Махнач.

т. 12, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Артаганальнае праектаванне 7/461, 462

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕКТАВА́ННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

навукова абгрунтаванае канструяванне сістэмы параметраў будучага сацыяльнага аб’екта або якасна новага стану існуючага аб’екта; адна з форм сац. кіравання. П.с. ўласцівы шматварыянтнасць, складаныя характарыстыкі, параметры, часам у выглядзе якасна-зместавых, каштоўнасна-арыентаваных ацэнак. П.с. абумоўлена існаваннем шэрагу заканамернасцей і прычынна-выніковых сувязей. Сярод аб’ектаў П.с. элементы і падсістэмы сац. структуры грамадства (прац. калектывы, рэгіёны, сац. групы і інш), розныя грамадскія (эканам., паліт. і інш.) адносіны, элементы ладу жыцця, што паддаюцца праектаванню. Мэта П.с. — стварэнне сац. праектаў, якія ўяўляюць сабой сістэму падабраных і навукова абгрунтаваных паказчыкаў пра будучы стан сац. сістэмы пры канкрэтных дзеяннях людзей, наяўнасці пэўных фін., працоўных, матэрыяльных і інш. рэсурсаў. Вынік П.с. адлюстроўваецца ў навукова абгрунтаваных аналітычных апісаннях, чарцяжах, табліцах, алгарытмах матэм. апарату і інш. П.с. праводзіцца пры дапамозе розных тэхн., матэм., лагічных і інш. сродкаў з выкарыстаннем сістэм аўтаматызаванага праектавання, па спецыяльна распрацаванай сац. тэхналогіі (упарадкаваная паслядоўнасць прыёмаў праектавання, комплекс сац. метадаў, спосабаў, навыкаў. Алгарытм П.с.: вызначэнне сац. заказу, пастаноўка мэт і задач, распрацоўка прагнозу, яго верыфікацыя і карэкціроўка, стварэнне мадэляў і прагнозаў.

Літ.:

Тощенко Ж.Т., Аитов Н.А., Лапин Н.И. Социальное проектирование. М., 1982;

Антонюк Г.А. Социальное проектирование и управление общественным развитием: Теоретико-методол. аспект. Мн., 1986;

Котляров И.В. Политическая социология. Мн., 1998.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛСЕЛЬБУДПРАЕ́КТ, Праектна-вышукальны інстытут Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1970 у Мінску як Бел. рэсп. праектна-вышукальны ін-т «Белкалгаспраект» на базе абл. праектных арг-цый сістэмы Белміжкалгасбуда. З 1986 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне агароднінасховішчаў, адм., жылых, гандл. і культ.-бытавых будынкаў і збудаванняў; распрацоўка праектаў заводаў буйнапанэльнага домабудавання, жалезабетонных вырабаў; інж.-вышукальныя работы і праектаванне дарог.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЮ́К (Георгій Аляксандравіч) (н. 13.11.1942, в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Ленінградскі ун-т (1970). З 1974 у Ін-це філасофіі і права, з 1980 на кафедры філасофіі АН Беларусі. Аўтар прац па праблемах сац. кіравання, сац. праектавання і міжэтнічных адносін: «Сацыяльнае праектаванне: (некаторыя метадалагічныя аспекты)» (1978), «Сацыяльнае праектаванне і кіраванне грамадскім развіццём: Тэарэтыка-метадалагічны аспект» (1986). Адзін з аўтараў кн. «Сацыяльна-філасофскія праблемы вытворчасці і выкарыстання навуковых ведаў» (1992) і інш.

т. 1, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ АБ’Е́КТАЎ АХО́ВЫ ЗДАРО́ЎЯ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1989 у Мінску. Асн. кірунак дзейнасці: праектаванне і буд-ва аб’ектаў аховы здароўя.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ ПРАДПРЫЕ́МСТВАЎ ГА́НДЛЮ І ГРАМА́ДСКАГА ХАРЧАВА́ННЯ (Белдзіпрагандаль) Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1965 у Мінску на базе доследнага канструктарскага бюро (з 1959). Асн. кірунак работы — праектаванне прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛДЗІПРАБУ́Д», Праектна-канструктарскі ін-т «Белдзіпрабуд». Засн. ў 1987 у Мінску на базе філіяла Ін-та «Пермпрампраект», з 1995 — недзяржаўная ўстанова. Мае філіялы ў абл. цэнтрах Беларусі. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне аб’ектаў прамысл. і жыллёва-грамадзянскага прызначэння.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ СІСТЭ́М І АБ’Е́КТАЎ ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЯ (Белдзіпрагаз) канцэрна «Белпалівагаз». Засн. ў 1987 у Мінску на базе праектнага і інш. аддзелаў канструктарска-тэхнал. бюро з вытв. прадпрыемствам «Белгазтэхніка». Асн. кірунак дзейнасці — праектаванне сістэм і аб’ектаў газазабеспячэння.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛКААППРАЕ́КТ», Праектная арганізацыя «Белкааппраект» Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў. Засн. ў 1967 у Мінску як ін-т «Белкааппраект», з 1994 праектная арг-цыя. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне кіравання буд-вам, арганізацыя тэхналогій для аграпрамысл. комплексу (калгасы, саўгасы, фермерскія гаспадаркі і прадпрыемствы кааперацыі).

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)