ПРАГІ́НЫ ТЭКТАНІ́ЧНЫЯ,

лінейна выцягнутыя адмоўныя тэктанічныя структуры (даўж. ад дзесяткаў да тысяч кіламетраў), запоўненыя асадкавай або вулканагенна-асадкавай тоўшчай (магутнасцю да 10—15 км). Фарміруюцца на працягу многіх мільёнаў гадоў у выніку тэктанічных рухаў на розных стадыях развіцця зямной кары. Па ступені запаўнення бываюць кампенсаваныя (хуткасць асадканамнажэння адпавядае прагінанню) і некампенсаваныя (хуткасць прагінання значна перавышае асадканамнажэнне). Вылучаюць П.т. геасінклінальныя (унутраныя і знешнія), платформавыя (унутрыплатформавыя розных рангаў, — напр., Прыпяцкі прагін; аўлакагены, напр., Прыпяцка-Данецкі аўлакаген; перыкратонныя), арагенныя (краявыя прагіны, напр., Перадуральскі, Перадкарпацкі; міжгорныя), перыакіянічныя (уздоўж падводных ускраін мацерыкоў, напр., П.т. з 2 бакоў Атлантычнага ак., Антарктычнага ўзбярэжжа Ціхага ак.). П.т. ўмяшчаюць паклады карысных выкапняў: нафты, газу, каменнай і калійных солей, вуглёў і інш.

т. 12, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Індастанская платформа,

дакембрыйская платформа, займае п-аў Індастан, Інда-Гангскую раўніну да падножжа Гімалаяў і в-аў Шры-Ланка. Фундамент складзены з архейскіх крышт. парод (граніта-гнейсы, грануліты, сланцы) і асадкава-вулканагенных тоўшчаў. Асн. ч. платформавага чахла складзена з рыфейскіх карбанатна-тэрыгенных адкладаў. Фанеразойскія адклады (кантынентальныя покрыўна-ледавіковыя, вугляносныя, чырванаколерныя пясчаныя, вулканагенныя) запоўнілі грабенападобныя перыкратонныя прагіны і Дэканскую сінеклізу. Паўн. частка І.п. — пліта з глыбока апушчаным фундаментам і слаба дыслацыраванымі кайназойскімі тоўшчамі (магутнасць да 10—12 км), што запаўняюць Перадгімалайскі і Бенгальскі ўскраінныя прагіны. Буйныя радовішчы руд жалеза, марганцу, медзі, золата, рэдкіх металаў, таксама мускавіту, вугалю; баксітаў і каалінавых глін; тытану, цырконію, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. Выяўлены алмазаносныя кімберліты.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯВЫ́ ПРАГІ́Н у геалогіі,

лінейна выцягнуты, асіметрычны прагін, які ўзнік на мяжы паміж платформай і складкавымі горнымі ўтварэннямі на геасінклінальным этапе. Звычайна мае пакатыя вонкавыя, стромкія ўнутр. крылы; даўж. больш за 1000 км. Запоўнены кангламератамі, пясчанікамі і інш. маласавымі пародамі. Марфалагічна прадстаўлены ланцугом упадзін, размежаваных папярочнымі падняццямі. З К.п. звязана намнажэнне вугляносных і саляносных тоўшчаў, а таксама фарміраванне структур, спрыяльных для назапашвання і ўтрымання нафты і газу. Найб. прагіны Перадкарпацкі, Перадуральскі, Перадапалачскі, Перадгімалайскі.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНСКА-ЛО́ЕЎСКАЯ СЕДЛАВІ́НА,

тэктанічная структура Прыпяцка-Данецкага аўлакагена. Падзяляе Прыпяцкі і Дняпроўска-Данецкі прагіны, прыўзнята адносна іх на 1,5 і 0,5 км адпаведна, абмежавана разломамі на З, Пн і У. Уключае Брагінскі пахаваны выступ (заходзіць з Пд ад Украінскага шчыта і цягнецца на ПнПнЗ, шыр. каля 40 км, даўж. 50 км, паверхня крышт. фундамента на адзнаках ад -0,3 км да -1,5 км) і Лоеўскую седлавіну (на Пн ад выступу, шыр. 30—40 км, даўж. 60 км, фундамент на адзнаках ад -2 км да -4,5 км). Большая частка платформавага чахла седлавіны складзена з парод дэвону.

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НГСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН,

у цэнтральнай частцы Паўд. Азіі, на тэр. паўд.-ўсх. Індыі, Бангладэш, Непала, Бутана, часткова зах. Кітая і паўн. і ўсх. М’янмы. Пл. 1,86 млн. км². Размешчаны ў паўн. ч. Індастанскай платформы, уключае Перадгімалайскі і Перадараканскі краявыя прагіны; гал. ваданосныя гарызонты — чацвярцічныя пралювіяльныя адклады акумулятыўнай раўніны р. Ганг. Напорныя воды на глыб. да 15 м. Дэбіты свідравін ад 5—6 да 30 л/с. Мінералізацыя вады ніжэй за 1 г/л. Жыўленне басейна за кошт інфільтрацыі атм. ападкаў, рачных і расталых вод ледавікоў, кандэнсацыі вільгаці з паветра. Эксплуатацыйныя рэсурсы падземных вод для б.ч. басейна каля 7400 км³/год.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТВІ́ЙСКАЯ СЕДЛАВІ́НА,

прыўзнятая тэктанічная структура на ПнЗ Усходне-Еўрапейскай платформы, якая аддзяляе Балтыйскую сінеклізу ад Маскоўскай і ў выглядзе сядла з невял. паніжэннем паверхні фундамента злучае Балтыйскі шчыт з Беларускай антэклізай. Размешчана на тэр. паўн. Беларусі, Латвіі, зах. ч. Пскоўскай вобл. Расіі. Выцягнута ў шыротным напрамку на 250—300 км, шыр. да 200 км. Фарміраванне яе адбывалася пераважна ў познабайкальскі і каледонскі этапы. Паверхня крышт. фундамента залягае на глыбіні ад -500 да -1000 м. На ёй вылучаны выступы, прагіны, монакліналі, абмежаваныя разломамі з амплітудай 50—100 м і ўскладненыя лакальнымі малаамплітуднымі (50—70 м) падняццямі. Платформавы чахол Л.с. складзены з вендскіх, кембрыйскіх, ардовікскіх, сілурыйскіх, дэвонскіх і антрапагенавых адкладаў.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Аўстралійскі кратон,

старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае цэнтр. і зах. часткі Аўстралійскага мацерыка і паўд. частку в-ва Новая Гвінея. На У абмежавана Усх.-Аўстралійскай вобласцю палеазойскай складкавасці. Аддзяленне аўстралійскай платформы ад Гандваны пачалося ў юры і завяршылася ў палеагене.

Крышталічны фундамент складзены з блокаў архейскіх метамарфізаваных парод, якія падзяляюцца зонамі пратэразойскай складкавасці і перапрацоўкі. Пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах на З і выступах у цэнтры і на Пд. Платформавы чахол залягае ва ўпадзінах (сінеклізах), аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (Перт і Кінг Леапольд маюць макс. магутнасць яго 7—10 км). Аўлакагены запоўнены пераважна пародамі позняга пратэразою і палеазою, сінеклізы — палеазою, прагіны — мезазою і кайназою. Аўстралійская платформа мае багатыя радовішчы золата, жалезных, марганцавых, медных і поліметал. рудаў, урану, баксітаў і інш.

М.​А.​Нагорны.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІТА́ ў геалогіі,

буйная адмоўная тэктанічная структура платформ. Характарызуецца глыбокім заляганнем крышт. фундамента, перакрытага магутнай тоўшчай (да 12—15 км) платформавага чахла. Межы П. часта праводзяцца па мяжы пашырэння асадкавага чахла, па буйных разломах і флексурах. П. ўскладнены больш дробнымі дадатнымі (антэклізы, скляпенні, выступы, антыкліналі, падняцці, купалы і інш.) і адмоўнымі (сінеклізы, упадзіны, прагіны, сінкліналі і інш.) структурамі. П. бываюць устойлівыя і рухомыя. Устойлівыя П. менш дэфармаваныя. Рухомыя П. — найб. тэктанічна актыўныя ч. платформ, якія хутка прагіналіся і назапашвалі магутны асадкавы чахол. Некат. даследчыкі называюць П. маладыя эпігерцынскія платформы ў адрозненне ад стараж. дакембрыйскіх платформ. Паводле новай глабальнай тэктонікі (гл. Тэктанічныя гіпотэзы) вылучаюць літасферныя П. — вялізныя цвёрдыя блокі літасферы, якія пастаянна рухаюцца са скорасцю 1—12 см/год па вязкім слоі астэнасферы ад зон расцяжэння (сярэдзінна-акіянічныя хрыбты) да зон сціскання. Беларусь размешчана на З Рускай пліты Усх.-Еўрапейскай платформы.

А.​М.​Каўхута.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТФО́РМА ў геалогіі,

адна з гал. глыбінных структур зямной кары, якая характарызуецца адносна малой інтэнсіўнасцю тэктанічных рухаў, магматызму і плоскім рэльефам. Проціпастаўляецца высокарухомым паясам — геасінкліналям, арагенным эпіплатформавым, сярэдзінна-акіянічным хрыбтам. П. звычайна ізаметрычныя, вуглаватыя, мяжуюць са складкавымі і горнымі абласцямі па вял. разломах (краявых швах) ці па краявых прагінах, месцамі з акіянічнымі абласцямі. Плошча ад соцень да некалькіх тысяч квадратных кіламетраў. Мае 2-ярусную будову: складкавы крышт. фундамент (гл. Фундамент платформавы крышталічны) і слабапарушаны платформавы чахол. Паводле ўзросту фундамента П. падзяляюцца на стараж. (кратоны, з дакембрыйскім фундаментам) і маладыя з палеазойскім і раннемезазойскім фундаментам). Большасць вял. стараж. П. (Усх.-Еўрапейская, Афрыканская, Аўстралійская, Антарктычная, Паўн.-Амерыканская, Бразільская) утвараюць ядры мацерыкоў (акрамя Азіі, у складзе якой вядомы 4 П.). Маладыя П. (Цэнтральна-Еўраазіяцкая, Зах.-Еўрапейская, Іберыйская і інш.) адрозніваюцца ад стараж. адносна большай рухомасцю, структурным планам, тыпам структур і інш. У структуры П. вылучаюць пліты, шчыты, сінеклізы, антэклізы, прагіны, масівы, скляпенні, валы і інш. На дне акіянаў вылучаны П. акіянічныя, адпаведныя глыбокім катлавінам з пакатахвалістым дном, малой магутнасцю зямной кары (5—7 км) і адсутнасцю ў фундаменце «гранітнага слоя». Тэр. Беларусі размешчана ў зах. ч. Усх.-Еўрапейскай П.

Р.​Г.​Гарэцкі.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЗІЯ (грэч. Asia, напэўна ад асірыйскага асу усход),

самая вялікая па плошчы (каля 43,4 млн. км²) частка свету. Размешчана ў паўн. ч. Усх. паўшар’я. Крайнія пункты Азіі: на Пн мыс Чэлюскін, 77°43 паўн. ш.; на Пд мыс Піяй, 1°16 паўн. ш.; на З мыс Баба 26°10 усх. д.; на У мыс Дзяжнёва, 169°40 зах. д. Разам з Еўропай утварае адзін мацярык Еўропы—Азіі. Мяжа на сушы паміж Азіяй і Еўропай праходзіць па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. беразе Каспійскага мора, Кума-Маныцкай упадзіне, Чорным м., праліве Басфор, Мармуровым м. і праліве Дарданелы. З Афрыкай злучана Суэцкім перашыйкам, ад Паўн. Амерыкі аддзелена Берынгавым пралівам. На Пн абмываецца Паўн. Ледавітым, на У — Ціхім, на Пд — Індыйскім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. На З унутр. моры Атлантычнага ак. — Міжземнае і Эгейскае — абмываюць п-аў М.​Азія. Берагі Азіі горныя і нізінныя намыўныя, паднятыя тэрасаваныя і апушчаныя (інгрэсіўныя). На У астраўным узбярэжжам характэрны вулканічныя рысы, берагам трапічных мораў — каралавыя рыфы. Паўастравы займаюць 8 млн. км², астравы — 2,5 млн. км². На Пн Азіі п-вы Ямал, Таймыр; на У — Чукоцкі, Камчатка, Карэя; на Пд — Індакітай з Малакай, Індастан, Аравійскі; на З — М.​Азія. У Паўн. Ледавітым ак. а-вы Паўн. Зямля, Новасібірскія, Урангеля; у Ціхім — а-вы і ланцугі вял. а-воў: Курыльскія, Сахалін, Японскія, Рукю, Тайвань, Філіпінскія. На Пд Азіі в-аў Шры-Ланка і Малайскі архіпелаг; на З у Міжземным м. в-аў Кіпр. Найб. аддаленасць унутр. раёнаў Азіі ад акіянаў 2 — 2,5 тыс. км. Прыродныя раёны: Паўн. Азіі, Усх. Азія, Цэнтр., Сярэдняя Азія, Паўд. Азія і Зах. Азія (пра кожны гл. асобны арт.).

Рэльеф. Азія — узвышаная ч. свету (сярэдняя выш. 950 м). Пераважаюць горы і пласкагор’і, якія займаюць 75% тэр. У Азіі знаходзяцца найвыш. горныя сістэмы (выш. многіх хрыбтоў у Цэнтр. Азіі больш за 5000—7000 м) і вяршыня свету — 8848 м, Джамалунгма, або Эверэст, у Гімалаях. Горы Азіі ўтвараюць 2 вял. паясы: адзін выцягнуўся ў субшыротным напрамку ад Пярэднеазіяцкіх нагор’яў да хрыбтоў Індакітая і а-воў Малайскага архіпелага і ўключае Таўр, Каўказ, Загрос, Капетдаг, Сулейманавы горы, Гіндукуш, Памір, Каракарум, Тыбет, Гімалаі, горы М’янмы, Суматры і Явы. На У ад яго адыходзяць горныя хрыбты Куньлунь, Наньшань і Цыньлін. Другі пояс гор цягнецца з ПдЗ на ПдУ ад Цянь-Шаня да Чукоткі і ўключае Алтай, Саяны, горы Забайкалля, Станавы хр., Джугджур, Калымскае і Чукоцкае нагор’і. Зах. адгалінаванні паўн. ч. гэтага пояса — хрыбты Верхаянскі і Чэрскага. Уздоўж усх. ўзбярэжжа паласа гор мерыдыянальнага напрамку: Каракскае нагор’е, Сярэдзінны хр. Камчаткі, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія і Анамскія горы. Вял. нагор’і Азіі Тыбецкае, Памір, Пярэднеазіяцкія (Малаазіяцкае, Армянскае, Іранскае), пласкагор’і Сярэднесібірскае, Аравійскага п-ва, Дэкан. Нізінныя раўніны Зах.-Сібірская, Туранская, Паўн.-Сібірская, Вял. Кітайская раўніна, Месапатамская, Інда-Гангская; высокія (у Цэнтр. Азіі) — Кашгарская, Джунгарская. На Камчатцы, а-вах Усх. Азіі і Малайскага архіпелага шмат дзеючых вулканаў.

Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах Азія складаецца з шэрагу стараж. платформаў (Сібірскай, Індыйскай, Кітайска-Карэйскай і Афрыкана-Аравійскай) і больш маладых складкавых структур. У абласцях іх распасцірання дакембрыйскія крышт. пароды выступаюць на паверхню ці перакрыты асадкавымі тоўшчамі. Уздоўж краёў Сібірскай платформы невял. тэр. займаюць структуры байкальскага ўзросту (Усх. Саян, Енісейскі краж, Прыбайкалле і Забайкалле). Да структур каледонскай складкавасці адносяцца паўн. дугі Цянь-Шаня, цэнтр. ч. Казахскага драбнасопачніка, паўн.-ўсх. раёны Кітая. Герцынская складкавасць ахапіла вял. тэр. Азіі, у выніку ўтварыліся Урал, паўн. ч. Алтая, Салаір, Цянь-Шань, Куньлунь, Наньшань. Мезазойскія структуры пашыраны ў Паўн.-Усх. Сібіры, Забайкаллі, Індакітаі. Маладыя кайназойскія геал. структуры альпійскай складкавасці фарміраваліся ў Альпійскім і Ціхаакіянскім складкавых паясах, у выніку ўзніклі асн. рысы размяшчэння горных сістэм. Склалася шыротная горная сістэма, што працягнулася праз усю Азію (Каўказ, Памір, Гімалаі і інш.). Каля падножжа маладых гор сфарміраваліся Месапатамскі, Інда-Гангскі і інш. вялізныя краявыя (перадгорныя) прагіны. Карысныя выкапні. У Азіі больш як палавіна сусветных запасаў нафты. Асн. нафтагазаносныя раёны: у краінах Персідскага заліва (Саудаўская Аравія, Аман, Кувейт, Катар, Іран), у Расіі (Зах. Сібір, Сахалін), а таксама ў Азербайджане, Казахстане, на а-вах Малайскага архіпелага (Суматра, Калімантан) і ў Кітаі. Найб. радовішчы каменнага вугалю ў Расіі (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Ленскі, Паўд. Якуцкі бас.), у Казахстане (Карагандзінскі бас.), Кітаі, Індыі, Карэі. Значныя паклады жал. руды ў Расіі (Прыангар’е, Паўд. Сібір), Казахстане (Кустанайская вобл., Цэнтр. Казахстан), Кітаі, Карэі, Індыі. Буйн. радовішчы марганцу ў Індыі і Грузіі; волава ў Паўд.-Усх. Азіі (М’янма, Тайланд, а-вы Інданезіі); медзі ў Казахстане (Джэзказган); нікелю ў Расіі (раён г. Нарыльска); графіту ў Расіі (Усх. Сібір) і Шры-Ланцы; слюды ў Расіі (Усх. Сібір) і Індыі; фасфарытаў у Казахстане і Кітаі; баксітаў — у Казахстане, Расіі (Паўд. Сібір), паўн.-ўсх. Кітаі, Індыі; золата ў Расіі, Узбекістане, Казахстане; алмазаў у Расіі [Саха (Якуція)]. Буйныя радовішчы кухоннай солі ў Расіі, Казахстане, Туркменістане, Турцыі, Іране, Пакістане.

Клімат. Азія размешчана ва ўсіх кліматычных паясах — ад арктычнага да экватарыяльнага. На б.ч. Азіі пераважае кантынентальны клімат. Зімой над Азіяй фарміруецца ўстойлівая вобласць высокага ціску — Азіяцкі антыцыклон. Летам пануюць кантынентальныя трапічныя і ўмераныя паветраныя масы. На У і Пд Азіі развіта мусонная цыркуляцыя (гл. Мусоны). Сярэдняя т-ра студз. ад -20 °C на Пн да 25 °C каля экватара. Найб. нізкія зімовыя т-ры ў раёнах Аймякона і Верхаянска (да -70 °C, полюс холаду Паўн. паўшар’я). У ліпені на Пн т-ра ніжэй за 10 °C, у Цэнтр. Азіі 30 °C і больш. Макс. колькасць ападкаў на наветраных схілах гор Паўд. і Усх. Азіі (напр., у Чэрапунджы, у Індыі, да 12 000 мм за год); у экватарыяльных раёнах — больш за 2000 мм, у субтрапічных і ўмераных мусонных паясах — 600—2000 мм; ва ўнутр. кантынентальных раёнах — менш за 350 мм; у пустынях Аравійскага п-ва і Цэнтр. Азіі — менш як 150 мм за год. Клімат Азіі пустынна-арктычны і субарктычны на Пн; ва ўмераным поясе — рэзка кантынентальны, сухі (Усх. Сібір), умерана кантынентальны (Зах. Сібір); пустынны ў Сярэдняй Азіі, Казахстане і паўн. ч. Цэнтр. Азіі; умераны мусонны на У; міжземнаморскі ў субрапічным поясе (зах. ўскраіна М.​Азіі); субтрапічны горна-стэпавы і пустынны на б.ч. М.​Азіі; вільготны субтрапічны на У Закаўказзя (Калхідская ніз.); высакагорны пустынны на Паміры, Каракаруме, Тыбеце і інш.; субтрапічны мусонны на ўсх. ускраінах Азіі; трапічны пустынны клімат ва ўнутр. раёнах Зах., Сярэдняй Азіі, Зах. Пакістана; субэкватарыяльны ў Індастане, Індакітаі, усх. раёнах в-ва Ява, экватарыяльны на Зондскіх а-вах і п-ве Малака.

Унутраныя воды. Азія — краіна вялікіх рэк, займае першае месца ў свеце па сумарным аб’ёме сцёку. Водныя рэсурсы размешчаны нераўнамерна. У Паўн. Ледавіты ак. цякуць Об з Іртышом, Енісей з Ангарой і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма; у Ціхі ак. — Анадыр, Амур з Сунгары, Усуры і Аргунню, Хуанхэ, Янцзы (самая доўгая і мнагаводная ў Азіі, 5800 км), Сінзян, Меконг і Менам; у Індыйскі ак. — Салуін, Іравадзі, Брахмапутра, Ганг і Інд, а таксама Шат-эль-Араб (утвораны зліццём Тыгра і Еўфрата). Да рэк абласцей унутр. сцёку належаць Амудар’я, Сырдар’я, Чу, Ілі, Кура і інш. Ва ўмераных шыротах рэкі замярзаюць зімой і разліваюцца вясной. Рэкам мусоннай ч. Азіі характэрны летні макс. сцёк, міжземнаморскіх раёнаў — зімовы; рэкі экватарыяльных раёнаў паўнаводныя круглы год. Выкарыстоўваюцца як трансп. артэрыі і для ірыгацыі, маюць значныя энергарэсурсы. Буйныя азёры — Каспійскае і Аральскае моры — з’яўляюцца рэшткамі вял. мораў, у тэктанічных упадзінах ляжаць воз. Байкал (самае глыбокае, 1629 м), Ісык-Куль, Хубсугул, Урмія, Цялецкае; некаторыя азёры ўзніклі ў выніку абвалаў (Сарэзскае), карставых працэсаў (воз. Зах. Таўр). У бяссцёкавых упадзінах шмат салёных азёраў (Кукунор, Туз і інш.). На в-ве Паўн. Зямля, у гарах Памір, Гімалаі, Каракарум, Гіндукуш і інш. ёсць ледавікі. Агульная іх пл. 118,4 тыс. км². Значную тэр. Паўн., Зах. і Усх. Сібіры (каля 11 тыс. км²) займае шматгадовая мерзлата.

Глебы і расліннасць. На раўнінах паўн. і сярэдняй ч. Азіі ярка выяўлена шыротная занальнасць. На Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. распасціраюцца арктычныя пустыні, тундра і лесатундра са слаба развітымі тундрава-глеевымі глебамі, на якіх растуць імхі, лішайнікі, ягаднікі, нізкарослыя дрэвы. Далей на Пд тундра і лесатундра змяняюцца вял. паласой зоны тайгі (цемнахвойнай на З — елка, сасна і светлахвойнай на У — піхта, лістоўніца, кедр) з пераважна падзолістымі мярзлотна-таежнымі глебамі. Тайга змяняецца лісцевымі (бярозавымі) лясамі, потым лесастэпам і стэпам з чарназёмнымі і каштанавымі глебамі, а на Д. Усходзе — шыракалістымі лясамі з дубу, клёну, грабу, ліпы. Паўпустыні і пустыні з шэразёмнымі глебамі пашыраны на Аравійскім п-ве, у раёнах Іранскага нагор’я, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (Каракумы, Кызылкум, Гобі, Такла-Макан), дзе характэрна пустынна-стэпавая расліннасць: злакі, палын, саланчакі. У субтропіках Зах. Азіі міжземнаморская ксерафітная расліннасць на карычневых глебах, ва Усх. Азіі — мусонныя мяшаныя і шыракалістыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У тропіках Усх. і Паўн. Азіі мусонныя лістападныя лясы і саванны на чырвона-жоўтых фералітных глебах; на наветраных схілах гор зялёныя лясы. На п-ве Індастан своеасаблівыя чорныя глебы сухіх саваннаў — рэгуры. У экватарыяльных шыротах (Інданезія) мнагаярусныя забалочаныя лясы (гілеі). У гарах вышынная пояснасць: у Паўн. Азіі пераважаюць чорная тайга і тундра, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі — горныя стэп і пустыні, у Паўд. Азіі — горныя трапічныя лясы. Азія — радзіма большасці культ. раслін.

Жывёльны свет вельмі разнастайны і падпарадкаваны шыротнай занальнасці і вышыннай пояснасці. Некаторыя жывёлы маюць вял. арэалы (у ваўка і ліса амаль уся Азія). Самы бедны жывёльны свет на паўн. акіянскіх узбярэжжах і ў тундры (лемінгі, пясцы; з птушак — белая сава, белая курапатка, гусі, гагі); на ўзбярэжжах і ў лядовых прасторах — белы мядзведзь; у морах — морж, цюлень, розныя віды рыб. У лясной зоне водзяцца лось, алені (паўн. алень; на Пд марал і ізюбр), казуля, кабарга, расамаха, буры мядзведзь, рысь, собаль, куніца, гарнастай, вавёрка. Для фауны стэпаў, пустынь і горных пустынь характэрны антылопы (сайгак, джэйран), дзікія бараны і казуля; з драпежнікаў — барс, гепард, паласатая гіена, шакал. Захаваліся кулан, конь Пржэвальскага, дзікі двухгорбы вярблюд, шмат грызуноў (тушканчыкі, суслікі), надзвычай шматлікія паўзуны: яшчаркі (агамы, геконы, вараны), змеі (гюрза, кобра); некалькі відаў чарапах. Небяспечныя павукападобныя: скарпіёны, каракурт, тарантул, фалангі. У Цэнтр. Азіі водзяцца дзікі як, чырвоны воўк, снежны барс; у шыракалістых лясах — плямісты алень, янотападобны сабака, харза, чорны мядзведзь, бамбукавы мядзведзь. На Пд некалькі відаў малпаў: макакі, гібоны, у Інданезіі — арангутангі. У саваннах і экватарыяльных лясах жывуць слон, насарог, дзікі бык (буйвал), тапір, антылопы і інш. Для вывучэння і аховы прыроды ў многіх краінах створаны запаведнікі.

Насельніцтва. У Азіі жыве каля 3,4 млрд. чал. (1994). 80% насельніцтва Азіі сканцэнтравана ў Кітаі, Індыі, Інданезіі, Пакістане і Японіі, дзе шчыльнасць насельніцтва дасягае 200—300 (часам 1500) чал. на 1 км², найб. нізкая шчыльнасць у Сібіры, Цэнтр. і Зах. Азіі (у асобных раёнах няма пастаяннага насельніцтва). У Азіі жывуць прадстаўнікі 3 асн. расаў: мангалоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўд. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д.​Усходу), еўрапеоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўн. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д. Усходу) і акіянскай галіны экватарыяльнай расы (Паўд.-Усх. і Паўд. Азіі). Ёсць пераходныя антрапалагічныя тыпы: пярэднеазіяцкі, пантыйскі, інда-афганскі і інш. Большасць насельніцтва Азіі вызнае іслам (народы Пярэдняй Азіі, малайцы, яванцы і інш. народы Паўд.-Усх. Азіі) і будызм (манголы, карэйцы, кітайцы, японцы, в’етнамцы і інш.); распаўсюджана таксама хрысціянства (рускія, армяне, грузіны, філіпінцы, ч. арабаў Лівана і в’етнамцаў, альфуры), індуізм (насельніцтва Паўд. Азіі), даасізм і канфуцыянства (у Кітаі), сінтаізм (у Японіі), часткова джайнізм і сікхізм (у Індыі), іудаізм (у Ізраілі). У карэйцаў, в’етнамцаў і інш. захаваліся і анімістычныя вераванні.

Палітычны падзел. У межах Азіі і на прылеглых а-вах размешчаны дзяржавы: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Аман, Арменія, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Бруней, Бутан, В’етнам, Грузія, ч. Егіпта, Ізраіль, Іарданія, Індыя, Інданезія, Ірак, Іран, Йемен, Казахстан, Камбоджа, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Катар, Кіпр, Кітай, Кувейт, Кыргызстан, Лаос, Ліван, Малайзія, Мальдывы, Манголія, М’янма, Непал, Пакістан, Палесціна (тэр. Зах. берага р. Іардан і сектар Газа), Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Сірыя, Таджыкістан, Тайланд, б.ч. Турцыі, Туркменістан, Філіпіны, Шры-Ланка, Японія, а таксама тэр. Аамынь (уладанне Партугаліі) і Сянган (Ганконг; уладанне Вялікабрытаніі).

Літ.:

Власова Т.В. Физическая география материков. 3 изд. М., 1976;

Физическая география материков и океанов. М., 1988;

Народы мира: Ист.-этногр. справочник. М., 1988;

Страны и народы: Зарубежная Азия: Общ. обзор;

Юго-Западная Азия. М., 1979;

Страны и народы: Советский Союз: Общ. обзор;

Российская Федерация. М., 1983.

Да арт. Азія. Каменная пустыня.
Да арт. Азія. Лістоўнічная тайга ў Заходняй Сібіры (злева); джунглі Малайзіі.
Да арт. Азія. Даліна Гейзераў на Камчатцы.
Да арт. Азія. Вільготныя субтропікі Закаўказзя.
Да арт. Азія. Пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі.
Да арт. Азія. Пік Кхумбутсе ў Гімалаях.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)