КАВАЛЕ́ВІЧ Эдуард Вікенцьевіч (н. 26.8.1936, в. Вербавічы Нараўлянскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. матэматык-праграміст. Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це матэматыкі і выліч. тэхнікі АН Беларусі, з 1961 у НДІ ЭВМ. Навук. працы па выліч. тэхніцы і праграмаванні, стварэнні і ўкараненні аперацыйных сістэм Адзінай сістэмы ЭВМ. Дзярж. прэмія СССР 1978. Прэмія Ленінскага камсамола 1970.
Тв.:
Система разделения времени ЕС ЭВМ. М., 1982 (у сааўт.);
Система виртуальных машин для ЕС ЭВМ. М., 1985 (у сааўт.);
Программирование на языке ассемблера ЕС ЭВМ. 2 изд. М., 1986 (у сааўт.).
М.П.Савік.
т. 7, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Ю́ТЭРНАЯ МУ́ЗЫКА,
разнавіднасць электроннай музыкі. Заснавана на выкарыстанні камп’ютэраў, а таксама аснашчаных імі сінтэзатараў гуку. Камп’ютэры дазваляюць ствараць і ўзнаўляць больш за 100 электронных тэмбраў, імітаваць гучанне сімф. аркестра, джаза, рок-музыкі, пеўчага голасу і інш., пісаць музыку ў розных стылях і жанрах, для любога складу выканаўцаў, сінтэзаваць муз. і немуз. гукі. Напачатку К.м. стваралі кампазітар і праграміст, пазней і аматары, здольныя працаваць з ЭВМ. К.м. ўзнікла ў 1950—60-я г. Першыя ўзоры — «Іліякская сюіта» амер. кампазітара Л.Хілера і праграміста Л.Айзексана (1957). Сярод інш. прадстаўнікоў К.м. — кампазітары М.Бэбіт, П.Барба, К.Штокгаўзен, Я.Ксенакіс, П.Шэфер, П.Булез, С.Грунберг, Э.Арцем’еў, С.Губайдуліна, У.Мартынаў, Я.Мурзін, бел. — В.Раінчык, А.Літвіноўскі, Дз.Яўтуховіч.
Літ.:
Петелин Ю., Петелин Р. Персональный оркестр... в персональном компьютере. СПб., 1997;
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в: Пер. с чеш. М., 1976.
Т.Г.Мдывані.
т. 7, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭПТУА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА (англ. conceptional art ад concept ідэя, агульная задума + art мастацтва), канцэптуалізм,
кірунак у авангардным мастацтве 2-й пал. 20 ст. Узнікла ў ЗША ў канцы 1960-х г. (тэарэтык і аўтар тэрміна С.Ле Віт; мастакі Р.Бэры, Л.Вейнер, Д. Х’юблер, Дж. Косут), адначасова пашырылася ў Зах. Еўропе (мастакі англ. групы «Мастацтва і мова» Т.Аткінсан, Х.Харэл, Д.Байнбрыдж, М.Болдуін і інш.). Працягвае традыцыі дадаізму і антымастацтва. У аснове К.м. — ідэя (канцэпт) важнасці не самога суб’ектыўнага прадмета адлюстравання, якую дэклараваў поп-арт, а таго, што прадмет абазначае, адмаўленне абавязковай завершанасці маст. твора. Мастак-канцэптуаліст не столькі выканаўца твора, колькі яго праграміст, тэарэтык. Ён дае гледачу права на «сааўтарства», самаст. асэнсаванне магчымых варыянтаў разумення сутнасці твора, прапануе аналізаваць не твор, а прыроду, прызначэнне і сутнасць мастацтва. Аналіз кода твора ідзе праз філасофію і лінгвістыку. У якасці матэрыялу выкарыстоўваюць фотаздымкі, пісьмовую інфармацыю, графіку, гук, відэазапісы і інш., часам стварэнне маст. твора замяняецца рэфлекторнымі дыскусіямі. К.м. блізкае да перфомансу.
Я.Ф.Шунейка.
т. 8, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)