навукова-вытворчае аб’яднанне на Беларусі. Створана ў 1986. Уключае НДІ сродкаў аўтаматызацыі (галаўное прадпрыемства), НДІ «Агат», электрамех. з-д (усе ў Мінску), доследны з-д «Нёман» (г. Ліда). Спецыялізавана на выпуску аўтаматызаваных інфарм.-выліч. і кіравальных сістэм і праграмна-тэхн. сродкаў для розных сфер дзейнасці (транспарт, энергетыка, экалогія, ахова здароўя, адукацыя, адм. кіраванне, банкаўская і праваахоўная справа і інш.). Вырабляе таксама тавары нар. ўжытку, мед. тэхніку, тэхнал. прадукцыю для аграпрома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯДА́ (Андрэй Аляксеевіч) (н. 18.7.1946, в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне камп’ютэрнай алгебры, інфарматыкі і кібернетыкі. Д-рфіз.-матэм.н. (1990). Скончыў БДУ (1969), дзе і працаваў. З 1978 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. Навук. працы па тэорыі, метадах, праграмна-алгарытмічных і апаратных сродках арганізацыі паралельных вылічэнняў. Распрацаваў новы кірунак у тэорыі мадулярных выліч. структур (МВС) — мінімальна залішнія МВС. Дзярж. прэмія СССР 1991.
Тв.:
Модулярные структуры конвейерной обработки цифровой информации. Мн., 1992 (разам з І.Ц.Пакам);
Высокоскоростные методы и системы цифровой обработки информации. Мн., 1996 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА БЕЛАРУ́СКАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯімя І.С.Лупіновіча Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1961 у Мінску на базе б-кі Акадэміі с.-г. навук БССР. У 1961—62 Бел.рэсп.навук.с.-г.б-каМін-ва сельскай гаспадаркі БССР, з 1970 — імя Лупіновіча. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 586 тыс.экз.
Праводзіць інфармац., даведачна-бібліягр. работу з нац., замежным і сусв. інфармац. фондамі пры дапамозе праграмна-тэхн. сродкаў. Мае 2 філіялы і з’яўляецца галіновым цэнтрам міжбібліятэчнага абанемента, з 1993 — нац. цэнтрам інфарм. сістэмы Камісіі ААН па харчаванні і сельскай гаспадарцы (AGRIS) і членам Міжнар. сеткі с.-г. б-к (AGLJVET).
Да арт.Бібліятэка Беларуская сельскагаспадарчая. Будынак бібліятэкі. У чытальнай зале бібліятэкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАГА КАНТРО́ЛЮ МАШЫ́НА,
разнавіднасць кіравальнага выліч. комплексу для атрымання і апрацоўкі вымяральнай, кантрольнай, дыягнастычнай інфармацыі. Выкарыстоўваюцца ў гібкіх аўтаматызаваных вытворчасцях, на заводах-аўтаматах, ў сістэмах аўтам. кіравання тэхнал. працэсамі і абсталяваннем, станках з лічбавым кіраваннем і інш.
Звычайна ўбудоўваецца ў абсталяванне ў розным канструкцыйным выкананні, радзей як Л.к.м. выкарыстоўваюцца аўтаномныя міні- ці мікра-ЭВМ. Маюць абмежаваныя магчымасці апрацоўкі інфармацыі, спрошчаную арганізацыю прылад уводу-вываду (для сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі дадаткова забяспечваюцца стандартнымі блокамі ўводу-вываду) і невял. колькасць перыферыйных прылад. Пры выкарыстанні Л.к.м. працэс кантролю, рэгулявання і кіравання зводзіцца да выканання тыповых алгарытмаў першапачатковай апрацоўкі інфармацыі, праграмна-лагічнага кантролю і кіравання, ідэнтыфікацыі, аптымальнага і адаптыўнага кіравання і рэгулявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЯЛО́ГІІ БЕЛАРУ́СКІ НДІМіністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1977 у Мінску на базе праблемнай н.-д. лабараторыі кібернетычных метадаў дыягностыкі і біякіравання (з 1970) Мінскага мед. ін-та. Асн. кірункі навук. даследаванняў: распрацоўка навук. асноў прафілактыкі, метадаў дыягностыкі, рэабілітацыі і лячэння (у т. л. хірургічнага) ішэмічнай хваробы сэрца і артэрыяльных гіпертэнзій, аўтаматызаваных праграмна-тэхн. сродкаў і прыбораў для іх выяўлення і кантролю эфектыўнасці, лячэбных і аздараўленчых мерапрыемстваў пры сардэчна-сасудзістых захворваннях і інш. У ін-це працуюць лаўрэаты Дзярж. прэміі Беларусі 1996 акад.Нац.АН Беларусі Г.І.Сідарэнка (заснавальнік ін-та), Ю.П.Астроўскі, Л.З.Паланецкі, Я.Г.Нікіцін, А.У.Фралоў, У.У.Мірончык, А.П.Вераб’ёў. (Дырэктар ін-та з 1993 М.А.Манак.) На базе ін-та працуе Рэсп. цэнтр сардэчна-сасудзістай хірургіі (аперацыі па карэкцыі парокаў сэрца, рэканструкцыі сасудаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІБЕРНЕ́ТЫКА»,
навукова-даследчае аб’яднанне Нац.АН Беларусі. Утворана 27.6.1996 на базе Інстытута тэхнічнай кібернетыкі і яго навукова-інж. цэнтраў з мэтаю правядзення фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне кібернетыкі, інфарматыкі, аўтаматызацыі і прыкладной матэматыкі. У склад «К.» ўваходзяць: Ін-ттэхн. кібернетыкі; навукова-інж. прадпрыемства «Інфармацыйныя тэхналогіі» (асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка, стварэнне, развіццё і эксплуатацыя навукова-інфарм. камп’ютэрнай сеткі ў Рэспубліцы Беларусь); навукова-інж. прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» (асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка і ўкараненне геаінфарм. сістэм, комплексаў і тэхналогій апрацоўкі спадарожнікавай інфармацыі, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, аўтаматызаваных картаграфічных сістэм і комплексаў); інж. прадпрыемства «Навуковае прыборабудаванне» (асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка, выраб, укараненне і тыражаванне праграмна-тэхн. комплексаў для аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў у розных галінах нар. гаспадаркі Рэспублікі Беларусь); навукова-інж. прадпрыемства «Сістэмы аўтаматызацыі» (асн. кірункі дзейнасці: стварэнне камп’ютэрных тэхналогій праектавання і вытв-сці новых вырабаў і аўтаматызаваных рабочых месцаў; камп’ютэрнае мадэляванне ў інтэлектуальных і вытв. сферах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ ЭВМ,
сукупнасць праграм і праграмных дакументаў, неабходных для аўтаматызаванай наладкі праграм і рашэння прыкладных задач на ЭВМ. Забяспечвае рэалізацыю функцый ЭВМ і вылічальнай сістэмы. Кампаненты П.з. садзейнічаюць эфектыўнаму функцыянаванню тэхн. сродкаў і абслугоўваюць карыстальнікаў выліч.сістэм.Найважн. кампаненты П.з.: аперацыйная сістэма, пакеты прыкладных праграм, бібліятэкі стандартных праграм, комплексы праграм тэхн. абслугоўвання.
Адрозніваюць П.з. базавае (сістэмнае) і прыкладное. Базавае П.з. ўключае праграмы універсальнага карыстання (тэкставыя рэдактары, сродкі машыннай графікі, узаемадзеянне з камп’ютэрнымі сеткамі і WEB-дызайну (гл.Інтэрнет), праграмы апрацоўкі каманд карыстальніка] і праграмы аўтаматызацыі праграмавання (сістэмы аперацыйная, праграмавання і наладкі, кіравання базамі даных). З мэтай выкарыстання існуючага П.з. распрацоўваюцца праграмна-сумяшчальныя сем’і ЭВМ. Найб. пашыраныя і адпрацаваныя кампаненты базавага П.з. рэалізуюцца апаратна і ў выглядзе мікрапраграм. Прыкладное П.з. арыентавана на рашэнне канкрэтных задач: аўтаматызаванае праектаванне, распазнаванне вобразаў і апрацоўка відарысаў, кіраванне вытворчасцю, тэхнал. працэсамі.
На Беларусі П.з. распрацоўваецца з пачатку 1960-х г. на Мінскім заводзе ЭВМ, у НДІЭВМ, Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКЛА́ДАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел аперацый даследавання, дзе будуюцца і аналізуюцца матэм. мадэлі каляндарнага планавання (упарадкавання і ўзгаднення ў часе пэўнай сукупнасці дзеянняў, падзей, аперацый, работ і інш.). Асн. мэта Р.т. — распрацоўка метадаў рашэння аптымізацыйных задач, што ўзніклі пры гэтым (гл.Аптымізацыі задачы і метады).
У задачах Р.т. зыходныя даныя звычайна дэтэрмінаваныя, у адрозненне ад задач масавага абслугоўвання тэорыі. Таму разглядаецца клас задач абслугоўвання канечнага мноства патрабаванняў адной ці некалькімі прыладамі ў дэтэрмінаванай абслуговай сістэме. Вывучаюцца таксама выліч. складанасць задач, магчымасці пабудавання набліжаных алгарытмаў рашэння, устойлівасць рашэнняў, многакрытэрыяльныя задачы. Выкарыстоўваецца ў кіраванні вытв-сцю, распрацоўцы графікаў руху транспарту, праграмна-мэтавым планаванні і кіраванні буйнымі праектамі, пабудаванні раскладаў заняткаў у навуч. установах, дыспетчарызацыі інфармацыйна-выліч працэсаў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р.т. вядуцца з 1960-х г. у Ін-це матэматыкі і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Танаев В.С., Гордон В.С., Шафранский Я.М. Теория расписаний: Одностадийные системы. М., 1984;
Танаев В.С., Сотсков Ю.Н., Струсевич В.А. Теория расписаний: Многостадийные системы. М., 1989;
іх жа. Математические модели и методы календарного планирования. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ПРАЕКТАВА́ННЯ,
выкарыстанне ЭВМ і інш. сродкаў аўтаматызацыі, аб’яднаных у сістэму класа «чалавек—машына» для праектавання машын, абсталявання, збудаванняў і інш. аб’ектаў.
Аўтаматызацыя праектавання дае магчымасць павялічыць дакладнасць разлікаў і канструктарскай дакументацыі, выбіраць варыянты для рэалізацыі на аснове матэм. аналізу ўсіх або большасці з іх, скараціць тэрміны праектавання і інш. Метады і сродкі аўтаматызацыі праектавання залежаць ад характару і прызначэння аб’екта праектавання. Найб. істотныя вынікі атрымліваюцца пры аўтаматызацыі праектавання складаных тэхн. сістэм і збудаванняў, пры падрыхтоўцы праграмна-кіравальнага выканаўчага абсталявання. З дапамогай графапабудавальнікаў, друкавальных прыстасаванняў і інш. сродкаў вываду інфармацыі вынікі аўтаматызацыі праектавання аўтаматычна выдаюцца ў выглядзе схем, чарцяжоў ці графікаў (табліц) на аркушах паперы чарцёжных фарматаў, магнітнай стужцы, мікрафільмах і інш. або на спец. экране. Пры аўтаматызацыі праектавання машын і механізмаў па зыходных даных вызначаюць найлепшы варыянт кампаноўкі вырабу, выбіраюць і разлічваюць канструкцыю і яе асобныя вузлы, аптымізуюць допускі і пасадкі, вызначаюць форму спалучаных паверхняў, чысціню іх апрацоўкі і інш.
Навукова-тэхн. распрацоўкі сістэм аўтаматызацыі праектавання вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі з 1960-х г.: сфармуляваны асновы аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні; створаны першыя алгарытмы, праграмы і тэхн. сродкі канструявання і тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці машын і абсталявання; распрацаваны «аўтаматычны чарцёжнік» дае магчымасць з вял. дакладнасцю рабіць чарцяжы вырабаў складанай канфігурацыі (карабельных вінтоў, крыла самалёта, лапатак рабочых колаў турбін і інш.).
Літ.:
Системы автоматизированного проектирования технологических процессов, приспособлений и режущих инструментов. М., 1988;
Ракович А.Г. Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКУ́НІН (Міхаіл Аляксандравіч) (30.5.1814, в. Прамухіна Таржоцкага р-на Цвярской вобласці — 1.7.1876),
рускі сацыяліст-утапіст, адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў анархізму. Атрымаў ваен. адукацыю. У 1840 выехаў за мяжу. Як прыхільнік стварэння агульнаслав. федэрацыі быў адным з арганізатараў Слав. з’езда 1848 у Празе. За ўдзел у рэвалюцыях 1848—49 у Еўропе саксонскім і аўстр.ваен. судом двойчы прыгавораны да пакарання смерцю. У 1851 выдадзены рускім уладам. Адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай і Шлісельбургскай крэпасцях, ссылку ў Зах. Сібіры, адкуль уцёк за мяжу. У Лондане супрацоўнічаў з А.Герцэнам і М.Агаровым у «Колоколе». Падтрымаў паўстанне 1863—64, звязваючы з ім надзею на агульнаслав. паўстанне. У 1864 стварыў тайнае «Інтэрнацыянальнае брацтва», у 1868 — «Альянс сацыялістычнай дэмакратыі», які далучыўся да 1-га Інтэрнацыянала. З-за асабістага канфлікту з К.Марксам і праграмна-тэарэт. разыходжанняў у 1872 выключаны з 1-га Інтэрнацыянала. Стварыў міжнар. анархісцкую арг-цыю, якая дзейнічала да 1878.
У сваіх філас. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад гегельянства да радыкальнага анархізму, анархісцкую ідэю свабоды асобы аб’яднаў з ідэяй калект. уласнасці. Бакунін прыкметна паўплываў на народніцкі рух, быў прыхільнікам ідэі сял. бунту. Анархісцкая тэорыя Бакуніна канчаткова склалася да канца 1860-х г. У поглядах на прыроду прытрымліваўся матэрыялізму, імкнуўся сфармуляваць вучэнне пра грамадства ў духу прудонаўскай ідэі знішчэння дзяржавы. Аўтар прац «Аб філасофіі» (1840), «Навука і надзённая рэвалюцыйная справа» (1870), «Бізунова-германская імперыя і сацыяльная рэвалюцыя» (1871), «Дзяржаўнасць і анархія» (1873) і інш.