ПРАВІДЗЕ́ННЯ БУ́ХТА,

фіёрд ў Анадырскім зал. Берынгава м., каля паўд.-ўсх. берага Чукоцкага п-ва, у Расіі. Даўж. каля 50 км, шыр. на ўваходзе каля 9 км, глыб. да 50 м. Прылівы паўсутачныя (да 1 м). Зімой замярзае. На ўзбярэжжы — порт Правідзення. Адкрыта экспедыцыяй В.Берынга ў 1728. Названа ў 1848 англ. капітанам Мурам у азнаменаванне «шчаслівага правідзення», якое дазволіла яго караблю правесці зімоўку ў бухце.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫ МАРСКІ́ ШЛЯХ, Паўночна-Усходні праход (да пач. 20 ст.),

галоўная суднаходная магістраль Расіі ў Арктыцы. Праходзіць па морах Паўн. Ледавітага ак., злучае еўрап. і азіяцкія рас. парты (гл. на карце да арг. Паўночны Ледавіты акіян). Даўж. (ад Карскіх Варот да бухты Правідзення) 5600 км. Абслугоўвае парты Арктыкі і буйных сіб. рэк (завоз паліва, абсталявання, харч. прадуктаў, вываз драўніны і інш.). Гал. парты: Ігарка, Дудзінка, Дыксан, Тыксі, Певек, Правідзення. Працягласць навігацыі 2—4 месяцы (на асобных участках даўжэй, з дапамогай ледаколаў). П.м.ш. упершыню пройдзены з З на У (з адной зімоўкай) у 1878—79 швед. экспедыцыяй Н.А.Нордэншэльда; за адну навігацыю — у 1932 экспедыцыяй О.Ю.Шміта на судне «Сібіракоў». З 1935 вядуцца рэгулярныя рэйсы. З пабудовай атамных ледаколаў у канцы 1971 адбыўся першы зімовы рэйс.

т. 12, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫНГАВА МО́РА,

паўзамкнёнае мора Ціхага ак. паміж Азіяй на З, Паўн. Амерыкай на У, Алеуцкімі і Камандорскімі а-вамі на Пд. Берынгавым прал. злучана з Чукоцкім м. Пл. 2315 тыс. км², найб. глыб. 5500 м. Залівы: Анадырскі, Брыстольскі, Нортан, Алютарскі. Самыя вял. а-вы: Св. Лаўрэнція, Нунівак, Прыбылова, Карагінскі. Берагі моцна парэзаныя, усх. — нізінныя, зах. — пераважна гарыстыя. Упадаюць рэкі Анадыр і Юкан. Клімат на Пн арктычны і субарктычны з адметнымі рысамі кантынентальнасці, на Пд умераны марскі. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пд 2 °C, на Пн ніжэй за -1 °C, у жніўні 5—6 °C на Пн і 9—10 °C на Пд. Большую ч. года ўкрыта плывучымі льдамі. Салёнасць 28—33‰. Прылівы на ПнЗ паўсутачныя, на астатняй плошчы — няправільныя паўсутачныя (да 8,3 м у Брыстольскім зал.). Берынгаву мору ўласціва з’ява свячэння мора. Рыбалоўства (ласасёвыя, камбала, селядзец, сайра, мінтай); промысел марскіх коцікаў, цюленяў. На берагах і астравах птушыныя «базары». Гал. парты: Анадыр, Правідзення (Расія), Ном (ЗША). Названа ў гонар В.Берынга.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)