МЫ́ТНЫ САЮ́З,

міждзяржаўнае фарміраванне, у рамках якога значна зніжаны тарыфы на правоз тавараў у межах краін-удзельніц і ўстаноўлены агульны мытны тарыф, што забяспечвае аднастайныя для ўсіх членаў умовы прыёму тавараў з інш. дзяржаў. М.с. — больш высокая ступень інтэграцыі ў параўнанні з зонай свабоднага гандлю, але саступае агульнаму рынку.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІЛО́ВІЧ (Аляксандр Фауставіч) (26.2.1829, в. Жэрчыцы Бельскага пав. Беластоцкай вобл. — пасля 1870),

удзельнік рэв. руху 1860-х г. Скончыў Полацкую духоўную семінарыю (1853), але ад кар’еры святара адмовіўся. З 1854 на вайск. службе, у 1859 атрымаў афіцэрскі чын. На пач. 1860-х г. актыўны дзеяч падп. Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы. У пач. 1863 арыштаваны ў сувязі са знойдзенай у яго нелегальнай л-рай і з вер. 1863 у адстаўцы ў чыне падпаручніка. За правоз зброі ў лют. 1864 арыштаваны ў Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс) і высланы ў Пермскую губ. Па амністыі 1867 вызвалены, пасяліўся ў Польшчы.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНЯ, таможня,

дзярж. орган, праз які ўводзяцца ў краіну і вывозяцца з яе тэрыторыі імпартныя і экспартныя тавары, а таксама багаж, паштовыя адпраўленні і інш. грузы. У Рэспубліцы Беларусь М. з Дзярж. мытным к-там і інш. мытнымі органамі ўваходзяць у адзіную сістэму дзярж кіравання. Стварэнне, рэарганізацыя і ліквідацыя М. ажыццяўляюцца Дзярж. мытным к-там. Парадак і ўмовы праходжання службы ў М. рэгламентуецца Палажэннем, якое зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, правы і абавязкі службовых асоб М. вызначаны Мытным кодэксам Рэспублікі Беларусь. На тэр. Беларусі дзейнасць М. вядома з часоў ВКЛ, адкуль паходзіць назва «М.» (ад мыта, або цло — пошліны, якую збіралі з купцоў і інш. гандляроў за ўвоз і вываз тавараў ці правоз іх па тэр. краіны). Размяшчалася ў каморы.

Г.А.Маслыка.

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТА, мыт, цло,

грашовы збор, які бралі ў ВКЛ з мясц. купцоў за ўвоз з-за мяжы або вываз тавараў за мяжу і з іншаземцаў за продаж тавараў на мясц. рынках ці правоз іх па тэр. дзяржавы. М. аддавалі і некат. таварамі; кошт тавараў і суму М. з 15 ст. запісвалі ў мытныя кнігі. М. збіралі мытнікі ў спец. памяшканнях — каморах і прыкаморках, дзе тавары аглядалі і ацэньвалі. Да 15 ст. купцы плацілі М. і буйным феадалам, па землях якіх ішлі гандл. шляхі (гасцінцы). Пратэсты і скаргі гарадоў прымусілі вярх. ўладу ў 16 ст. пакінуць скарбу манапольнае права збіраць М. (часам яно перадавалася ў арэнду). У 1570 устаноўлены 2 стаўкі М.: мясц. купцы плацілі 1 грош з кожнай капы (г.зн. 60) грошаў у кошце тавару (1,7% агульнага кошту); замежныя — 2 грошы з капы (3,4% кошту). Да сярэдзіны 17 ст. сеймавыя пастановы павялічылі мытны збор у 3—4 разы. З сярэдзіны 16 ст. да 1764 ад платы М. за вываз прадуктаў са сваіх маёнткаў вызвалялася шляхта.

З.Ю.Капыскі.

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)