Правапарушэнне 1/111, 112; 8/526

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАПАРУШЭ́ННЕ,

антысацыяльнае дзеянне (або бяздзеянне), якое парушае якія-н. нормы права і прычыняе грамадству шкоду. Падзяляюцца на: цывільныя (прычыненне шкоды асобе, маёмасці грамадзяніна або арг-цыі), адміністрацыйныя (напр., парушэнне правіл дарожнага руху і інш.), дысцыплінарныя і інш. правіннасці (напр., прагул). Найб. небяспечны від П. — злачынства. За П. законам прадугледжана адпаведная цывільная, адм., дысцыплінарная і крымін. адказнасць. П. бывае і міжнародным (парушэнне дзяржавай або інш. суб’ектам міжнар. права сваіх міжнар. абавязкаў).

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРАВАПАРУШЭ́ННЕ,

правіннасць, проціпраўнае наўмыснае або неасцярожнае дзеянне (або бяздзеянне), замах на дзярж. або грамадскі парадак, уласнасць, правы і свабоды грамадзян і інш. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да адміністрацыйнага правапарушэння адносяцца: парушэнні грамадскага парадку, правілаў дарожнага руху, проціпажарных, сан.-эпідэміялагічных, мытных правілаў, пагранічнага рэжыму, парушэнні правілаў палявання, рыбнай лоўлі і аховы рыбных запасаў і інш. За адміністрацыйнае правапарушэнне прадугледжана адм. адказнасць (калі правапарушэнні не цягнуць за сабой крымін. адказнасці).

т. 1, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛІ́КТ (ад лац. delictum парушэнне, віна),

правапарушэнне, незаконнае дзеянне, правіннасць, злачынства. У больш вузкім сэнсе — супярэчнае нормам цывільнага заканадаўства дзеянне, за якое прадугледжана пакаранне ў форме матэрыяльнай адказнасці.

т. 6, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ НЕБЯСПЕ́КА ў крымінальным праве,

аб’ектыўная прыкмета злачынства ці іншага правапарушэння, якая выяўляе шкоднасць такіх паводзін для грамадства, нанясенне або рэальную пагрозу нанясення істотнай шкоды пануючым у ім грамадскім адносінам, спосабу жыцця. Шкода можа быць паліт., эканам., фіз., маральная; яна можа быць нанесена правам і законным інтарэсам грамадзян, парадку кіравання, грамадскаму парадку і г.д. Грамадская небяспека дзеяння або бяздзеяння пэўнага віду абумоўлівае сац. патрэбу ў яго забароне пад пагрозай адпаведнай адказнасці. У залежнасці ад характару і ступені грамадскай небяспекі дзеянне разглядаецца заканадаўствам як злачынства ці правапарушэнне (адм., цывільна-прававое, працоўнае). Ступень і характар грамадскай небяспекі злачынстваў пакладзены ў аснову іх класіфікацыі і ўлічваюцца пры вызначэнні віду і памеру пакарання. Гл. таксама Адміністрацыйнае правапарушэнне, Злачынства.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАЎПРА́ЎСТВА,

злачынства супраць парадку кіравання. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь заключаецца ў самавольным ажыццяўленні асобай свайго сапраўднага або мяркуемага права, якое ўчынена з парушэннем устаноўленага прававым актам парадку і прычыніла шкоду ў буйным памеры, істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, ці дзярж. грамадскім інтарэсам. С. таксама лічыцца адм. правапарушэнне, якое ўяўляе сабой самавольнае ажыццяўленне свайго сапраўднага або мяркуемага права, калі дзеянні парушальніка не пацягнулі пазначаных вышэй вынікаў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 14, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРАБА́НДА (італьян. contrabando ад contra супраць + bando ўрадавы ўказ),

міжнароднае правапарушэнне ў сферы мытнай справы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь К. — тайнае перамяшчэнне праз дзярж. граніцу грузаў, тавараў, валюты і інш. каштоўнасцей, а таксама забароненых або абмежаваных для перамяшчэння прадметаў і рэчываў у абход мытнага заканадаўства. К. з’яўляецца злачынствам і караецца ў адпаведнасці з крымін. заканадаўствам. Адказнасць за адм. мытныя правапарушэнні (пералічаны ў Мытным кодэксе Рэспублікі Беларусь) устанаўліваецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

т. 8, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕЯЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

у праве здольнасць грамадзяніна або юрыдычнай асобы сваімі дзеяннямі набываць правы і ствараць для сябе юрыдычныя абавязкі, несці адказнасць за ўчыненае правапарушэнне. У Рэспубліцы Беларусь поўнай Дз. валодаюць грамадзяне па дасягненні паўналецця (18 гадоў). Юрыд. асобы набываюць Дз., як і праваздольнасць, з моманту іх узнікнення. Правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, а таксама грамадзян, прызнаных недзеяздольнымі ў выніку псіхічнай хваробы або разумовай непаўнацэннасці, абараняюцца іх законнымі прадстаўнікамі — бацькамі, усынавіцелямі або апекунамі. Ніхто не можа быць абмежаваны ў Дз. інакш, як у выпадках, прадугледжаных законам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УХІЛЕ́ННЕ АД УПЛА́ТЫ ПАДА́ТКАЎ,

правапарушэнне супраць парадку ажыццяўлення эканам. дзейнасці дзяржавы. Учыняецца шляхам угойвання ці наўмыснага заніжэння прыбыткаў, даходаў, аб’ектаў падаткаабкладання або шляхам ухілення ад падачы дэкларацыі пра даходы і маёмасць, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды ў буйных памерах. У Рэспубліцы Беларусь крымін. адказнасць за такія дзеянні прадугледжана арт. 243 КК: вінаваты ў іх можа быць пазбаўлены права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, прыцягнуты да арышту і абмежаванню свабоды, а ў выключных выпадках асуджаны да доўгатэрміновага пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕГАТО́РНЫ ІСК (ад лац. actio negotoria іск адмовы) у цывільным праве і працэсе, патрабаванне ўласніка маёмасці да асобы, якая сваімі проціпраўнымі дзеяннямі перашкаджае яму ажыццявіць права карыстання ці распараджэння гэтай маёмасцю. Напр., пад’езд да гаража ўласніка загрувашчаны буд. матэрыяламі суседа. што стварае перашкоду нармальнаму ажыццяўленню правоў уласніка. Зместам Н.і. з’яўляецца: спыненне дзеянняў адказчыка, устараненне парушальнікам сваімі сіламі і сродкамі створаных ім перашкод і забарона іх учынення на будучае. Н.і. можа быць задаволены толькі да таго часу, пакуль працягваецца правапарушэнне або не ліквідаваны яго вынікі; уласнік таксама мае права патрабаваць кампенсацыі нанесеных страт.

А.​П.​Марыкаў.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)