Прававога парадку партыя 8/526

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАВО́ГА ПАРА́ДКУ ПА́РТЫЯ,

партыя буйных прадпрымальнікаў і землеўладальнікаў у Расіі ў 1905—07. Узнікла ў кастр. 1905. Праграма (ліст. 1905): увядзенне «прававога парадку» (канстытуцыі), «адзінства і непадзельнасць» Рас. імперыі, «моцная дзярж. ўлада», умацаванне аўтарытэту манархіі, скасаванне абшчыннага землеўладання ў вёсцы, забарона забастовак пры паляпшэнні жыцця рабочых і «магчымым скарачэнні рабочага дня». У 1906—07 распалася: частка далучылася да акцябрыстаў, частка да манархістаў.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

універсал,

від прававога акта ў Рэчы Паспалітай.

т. 16, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКО́Е ДНО (прававы рэжым),

глыбакаводнае марское дно, якое размешчана па-за знешнімі межамі кантынент. шэльфа. Прынцыпы і нормы міжнар. прававога рэжыму М.д. вызначаны Канвенцыяй ААН па марскім праве 1982. Паводле Канвенцыі, агульныя паводзіны дзяржаў у адносінах да гэтага раёна павінны адпавядаць яе палажэнням, прынцыпам Статута ААН і інш. нормам міжнар. права ў інтарэсах падтрымання міру і бяспекі і садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню. Прававы рэжым М.д. не закранае прававога статуса вод, якія яго пакрываюць, і паветр. прасторы над ім. Канвенцыя абвясціла М.д. агульнай спадчынай чалавецтва. Ні адна дзяржава не можа прэтэндаваць на суверэнітэт або суверэнныя правы ці ажыццяўляць іх у адносінах нейкай часткі гэтага раёна М.д. або яго рэсурсаў, ні адна дзяржава, фіз. або юрыд. асоба не можа прысвойваць ніякую частку дадзенага раёна і яго рэсурсы. Гл. таксама Марское права.

т. 10, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

галіна права, прадметам рэгулявання якой з’яўляюцца прынцыпы арганізацыі і парадак дзейнасці дзярж. інстытутаў, прававы статус грамадзян і іх узаемаадносіны з дзяржавай. К.п. рэгламентуе форму дзярж. ладу, вызначае сістэму, парадак стварэння, кампетэнцыю і прынцыпы дзейнасці дзярж. органаў. Гал. крыніцай К.п. з’яўляецца канстытуцыя, а таксама прававыя акты, якія змяшчаюць нормы дзярж.-прававога характару. У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах для абазначэння гэтай галіны права выкарыстоўваецца тэрмін дзяржаўнае права.

т. 7, с. 596

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭА́МБУЛА (франц. préambule ад лац. praeambulus той, які наперадзе, папярэдні),

уводная або ўступная частка заканад. або інш. прававога акта, а таксама дэкларацыі ці міжнар. дагавора, у якіх звычайна выкладаюцца прынцыповыя палажэнні, пабуджальныя матывы, мэты выдання адпаведнага акта. Змяшчае т.зв. «нормы-мэты» і «нормы-прынцыпы», якія не валодаюць непасрэднай юрыд. сілай, але могуць прымацца пад увагу пры тлумачэнні інш. палажэнняў акта, а таксама пры неабходнасці высвятлення іх агульнага кантэксту.

т. 13, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЫФІКА́ЦЫЯ (лац. codificatio) заканадаўства, форма сістэматызацыі заканадаўства, якая заключаецца ў стварэнні новага зводнага кадыфікацыйнага акта на аснове перапрацоўкі дзеючых норм, выключэння з іх супярэчнасцей і недахопаў, адмены неэфектыўных і ўстарэлых норм. У выніку замест вял. колькасці юрыд. нарматыўных дакументаў ствараецца адзіны зводны акт, чым дасягаецца большая дакладнасць і эфектыўнасць у прававым рэгуляванні. К. можа быць усеагульная (пераглядаецца ўсё заканадаўства дзяржавы), галіновая (перапрацоўваюцца нормы пэўнай галіны заканадаўства), спецыяльная (пераглядаюцца нормы якога-н. прававога інстытута). Гл. таксама Кодэкс, Інкарпарацыя.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

юрыдычнае паняцце, што абазначае прававыя нормы, з дапамогай якіх дзяржава ажыццяўляе ўздзеянне на грамадскія адносіны шляхам прамога і непасрэднага прававога рэгулявання. Нормы М.п. замацоўваюць формы ўласнасці, юрыд. становішча маёмасці і асоб, вызначаюць парадак стварэння і структуры дзярж. органаў, устанаўліваюць прававы статус грамадзян, асновы і межы адказнасці за правапарушэнні і г.д. Аб’ектам М.п. выступаюць маёмасныя, прац., сямейныя і інш. адносіны. Фактычны (матэрыяльны) змест адносін складае аб’ектыўную аснову, у прыдатнасці да якой нормы М.п. вызначаюць узаемныя правы і абавязкі іх удзельнікаў. Гл. таксама Працэсуальнае права.

т. 10, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПІТАР ((Kopitar) Варфаламей) (Ерней; 23.8.1780, Рэпне, Славенія — 11.8.1844),

славенскі філолаг-славіст. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1826). Вучань і супрацоўнік чэш. філолага І.Добраўскага. Хавальнік, з 1844 дырэктар Венскай прыдворнай б-кі. Аўтар граматыкі славенскай мовы (1808; на ням. мове, з дадаткам крытычнага агляду славенскай л-ры). Даследаваў стараж. слав. помнікі, выдаў глагалічны помнік стараслав. мовы «Клоцаў зборнік» (1836) з каментарыем, слоўнікам і сціслай граматыкай стараслав. мовы. Артыкулы К. сабраны Ф.​Міклашычам у зб. «Невялікія артыкулы Варфаламея Копітара лінгвістычнага, этнаграфічнага і прававога зместу» (1857). Сярод вучняў К. сербскі філолаг В.Караджыч.

Тв.:

Рус. пер. — Новые письма Добровского, Копитара и других юго-западных славян. СПб., 1897.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ ПРЫВА́ТНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць норм, якія рэгулююць прыватна-прававыя адносіны міжнар. характару. У іх прымаюць удзел чужаземцы, замежныя юрыд. асобы і замежныя краіны; яны звязаны з тэрыторыяй дзвюх або некалькіх дзяржаў; аб’ектам праваадносін з’яўляецца рэч, якая знаходзіцца за мяжой. Да сфер дзейнасці М.п.п. адносяцца пытанні цывільна-прававога стану чужаземцаў, замежных юрыд. асоб і змешаных т-ваў, права ўласнасці, абавязацельнага, аўтарскага, вынаходніцкага, сямейнага, спадчыннага правоў і інш. Нормы М.п.п. ёсць як у двухбаковых, так і ў шматбаковых міжнар. дагаворах. Асаблівасцю цывільна-прававых адносін М.п.п. з’яўляецца тое, што яго нормы, як правіла, не рэгулююць канкрэтна спрэчку, якая ўзнікла, а толькі ўказваюць, заканадаўства якой краіны належыць выкарыстаць (гл. Калізійнае права).

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)