ЛАКАМО́ЦЫЯ

(ад лац. locus месца + motio рух),

перамяшчэнне, сукупнасць узгодненых рухаў у жывёл і чалавека, што забяспечваюць актыўнае і мэтанакіраванае перамяшчэнне ў прасторы. Адрозніваюць водную, паветраную і сухапутную Л., якія рэалізуюцца ў розных тыпах: бег (вынослівы, імклівы, скачкамі, цяжкі, таранны і інш.); лажанне; плаванне (рыбападобнае, брас, ныранне); палёт (парашутаванне, планіраванне); поўзанне; хадзьба (на 2 або 4 нагах) і інш. Тыпы Л. мяняліся і ўскладняліся ў працэсе эвалюцыі жывёл і вызначалі асаблівасці іх будовы. Паяўленне новых тыпаў Л. звязана з удасканальваннем рухальнага апарату, органаў пачуццяў і асабліва ц. н. с. Найб. складаная і разнастайная Л. ў пазваночных. Прагрэсіўныя змены Л. ў прыматаў (пераход да прамахаджэння і інш.) адыгралі важную ролю ў антрапагенезе.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЮЦЫНА́ЦЫІ

(ад лац. hallucinatio трызненне, прывід),

стан уяўнага (несапраўднага) успрымання чалавекам чаго-небудзь як рэальна існуючага ў навакольным асяроддзі без уздзеяння знешніх раздражняльнікаў. Паводле І.П.Паўлава, у аснове галюцынацый ляжаць парушэнні функцый кары галаўнога мозга. Найчасцей галюцынацыі ўзнікаюць пры псіхічных захворваннях.

Адрозніваюць галюцынацыі: зрокавыя, слыхавыя, нюхальныя, тактыльныя і інш.; простыя (успышкі святла, шоргат, стук) і складаныя (вобразы людзей, гаворка); сапраўдныя галюцынацыі і псеўдагалюцынацыі (менш выразныя і ў меншай ступені звязаныя з пачуццём рэальнасці; адсутнічаюць у дзіцячым узросце). Да галюцынацый не адносяць ілюзіі. Зрокавыя галюцынацыі характэрныя для псіхозаў інфекц. і інтаксікацыйнага паходжання. Пры белай гарачцы, напр., хворыя бачаць дробных жывёл (мышэй, змей), адчуваюць поўзанне па скуры насякомых, уяўную прысутнасць пачвар, страшыдлаў, забойцаў. Слыхавыя галюцынацыі больш частыя пры шызафрэніі. Нярэдка яны тояць сац. небяспеку, таму што могуць мець імператыўны (загадвальны) змест і накіроўваць хворага на агрэсіўныя дзеянні. У хранічных алкаголікаў слыхавыя галюцынацыі часцей «каментарныя» («галасы» абмяркоўваюць стан ці дзеянні хворага). Нюхальныя і тактыльныя галюцынацыі ўвасабляюцца ў адчуванні несапраўдных пахаў (напр., гнілі, парфумы, газы і г.д.) і дотыкаў да скуры (насякомых, вільгаці, паветраных патокаў і інш.). Шэраг рэчываў (галюцынагены) здольныя выклікаць галюцынацыі штучна, што ўласціва наркаманіі.

Ф.М.Гайдук.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)