ЛЕ́ЙПЦЫГСКАЯ БІ́ТВА 1813, бітва народаў пад Лейпцыгам,
адна з вырашальных бітваў у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). Адбылася 16—19.10.1813 каля г.Лейпцыг (Германія) паміж саюзнымі прускімі, аўстр., рас. і швед. войскамі (300—316 тыс.чал., больш за 1,3 тыс. гармат) і арміяй Напалеона I(каля 190—200 тыс. французаў, палякаў, саксонцаў, італьянцаў, бельгійцаў, галандцаў; 700 гармат). 16 кастр. адбыліся ўзаемныя малавыніковыя атакі паміж войскамі Напалеона і Багемскай арміяй саюзнікаў (133 тыс.чал.), бакі страцілі па 30 тыс.чал. 17 кастр. баёў не было. 18 кастр. Напалеон намагаўся адцясніць войскі кааліцыі і адкрыць сабе дарогу для адыходу, але моцны ўдар саюзнікаў з Пд, У і Пн прымусіў яго вярнуцца ў Лейпцыг, адкуль ён ноччу 19 кастр. пачаў адыходзіць на З па адзіным уцалелым мосце. Пакінуты Напалеонам у ар’ергардзе корпус Ю.Панятоўскага, які стрымліваў наступаючых, быў амаль увесь знішчаны, пры ўзрыве моста праз р. Вайсе-Эльстэр загінуў і Панятоўскі. Страты арміі Напалеона склалі 40 тыс.чал. забітымі і параненымі, 20 тыс. палоннымі, 325 гармат, саюзнікаў — 45—50 тыс.чал. (22 тыс. расійскіх, 14 тыс. прускіх, 9 тыс.аўстр. вайскоўцаў). Пазней рэшткі франц. арміі (60 тыс.чал.) адышлі за Рэйн. У выніку Л.б. ад франц. панавання вызвалена Германія, Францыя пазбавілася тэр. заваёў у Еўропе. У 1913 у Лейпцыгу ўзведзены Манумент Бітвы Народаў.
Літ.:
Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЕ́ЖНЫЯ ПАХО́ДЫ РУ́СКАЙ А́РМІІ 1813—14,
сумесныя з войскамі Прусіі, Швецыі і Аўстрыі баявыя дзеянні рус. арміі супраць войск Напалеона I на тэр. Польшчы, Германіі і Францыі. Мелі на мэце вызваленне краін Зах. Еўропы ад напалеонаўскага панавання, аднаўленне і ўмацаванне феад.-абсалютысцкіх рэжымаў, што існавалі ў іх да Французскай рэвалюцыі 1789—99 і напалеонаўскіх войнаў. Да канца зімовай кампаніі 1812—13 аб’яднаныя войскі Расіі і Прусіі (27—28.2.1813 Прусія заключыла з Расіяй саюзны дагавор) пад камандаваннем М.Л.Кутузава вызвалілі ад напалеонаўскіх войск герцагства Варшаўскае, Усх. Прусію і сталіцу Прусіі г. Берлін, уступілі на тэр. Саксоніі і Баварыі. 2.5.1813 пад Лютцэнам і 20—21 мая пад Баўтцэнам саюзная армія пад камандаваннем П.Х.Вітгенштэйна (змяніў М.І.Кутузава, які памёр 28.4.1813) пацярпела паражэнні. 29.5.1813 новым галоўнакамандуючым прызначаны М.Б.Барклай дэ Толі. 10.8.1813 вайну Францыі аб’явіла Аўстрыя, да антыфранц. кааліцыі далучыліся Вялікабрытанія і Швецыя. Да восені 1813 баявыя дзеянні ішлі з пераменным поспехам. 16—19.10.1813 аб’яднаныя рус.-аўстр.-прус.-швец. сілы нанеслі вырашальнае паражэнне арміі Напалеона I у Лейпцыгскай бітве 1813 («бітва народаў»), пасля чаго напалеонаўскія войскі пакінулі Германію і адышлі за р. Рэйн. Да студз. 1814 сілы антыфранц. кааліцыі (453 тыс.чал., у т. л. 153 тыс. рускіх) фарсіравалі Рэйн. Пасля шэрагу бітваў на тэр. Францыі 30.3.1814 перад саюзнай арміяй (100 тыс.чал., у т. л. 64 тыс. рускіх) капітуляваў г. Парыж. 6.4.1814 Напалеон I адрокся ад прастола. 30 мая паміж саюзнікамі і Францыяй падпісаны Парыжскі мірны дагавор 1814.
Літ.:
Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;
Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКЕ́ВІЧ (Іван Фёдаравіч) (19.5Л782, г. Палтава, Украіна — 1.2Л856),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Граф Эрыванскі (1828), святлейшы кн. Варшаўскі (1831), ген.-фельдмаршал (1829). Яго маці Г.В.Карабаноўская паходзіла са стараж. шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Пажскі корпус (1800). У рас.-тур. вайну 1806—12 камандаваў у 1810—11 Віцебскім пяхотным палком. Са студз. 1812 нач. 26-й пяхотнай дывізіі. У вайну 1812 вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (каля Магілёва, 23 ліп.), Смаленскам (16—18 жн.), Барадзіном (7 вер.), Малаяраслаўцам (24 кастр.) і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14. У 1821—25 нач. 1-й гвардз. дывізіі, з 1825 камандзір 1-га пяхотнага корпуса. У гэты перыяд зблізіўся з будучым імператарам Мікалаем I, які служыў пад яго камандаваннем. З 1826 камандуючы рас. войскамі ў Закаўказзі, з 1827 намеснік на Каўказе. У час.рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў кіраваў войскамі пры ўзяцці крэпасцей Эрывань (Ерэван), Карс, Эрзурум. З чэрв. 1831 камандаваў рас. войскамі пры задушэнні паўстання 1830—31, 7.9.1831 штурмам авалодаў Варшавай. У 1832—56 намеснік цара ў Каралеўстве Польскім, дзе жорстка праводзіў вялікадзярж. палітыку. Камандаваў рас. войскамі пры задушэнні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі. У Крымскую вайну 1853—56 камандаваў рас. войскамі на зах. межах і (1853—54) на Дунаі. У маі 1854 пацярпеў няўдачу каля Сілістры (Балгарыя) і выехаў у Гомель, якім валодаў з сярэдзіны 1830-х г., потым у Варшаву. Пры П. атрымаў далейшае развіццё Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
Літ.:
Борисенок Ю. Хозяин мятежного края: Штрихи к образу фельдмаршала Паскевича // Родина, 1994. № 12;
Памяць: Гіст. дак. хроніка Гомеля. Мн., 1998. Кн. 1. С. 152—162;
Виноградов В.Н. Венгерский поход И.Ф.Паскевича 1849 г.: легенда и действительность // Новая и новейшая история. 2000. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НІЯСтаражытная
(грэч. Makedonia, лац. Macedonia),
дзяржава ў 5—2 ст. да н.э. на ПнУ Балканскага п-ва. Да ўтварэння макед. дзяржавы яе тэрыторыю з пач. 1-га тыс. да н.э. насялялі плямёны фракійцаў і ілірыйцаў, якіх у 7 ст. да н.э. падпарадкавалі роднасныя стараж. грэкам макед. плямёны (паходзілі з тэрыторыі ў басейне р. Аліякман). У ходзе некалькіх войнаў цар Пердыка I [правіў каля 700 да н.э.] і яго пераемнікі аб’ядналі макед. плямёны і заснавалі самаст. царства. У 6—5 ст. да н.э. цары з дынастыі Аргеадаў пашырылі сваю ўладу на ўнутр. тэрыторыю п-ва, але былі адцеснены ад Эгейскага м. грэкамі. Ва ўмовах унутр. крызісу ў Стараж.Грэцыі Філіп II заваяваў шэраг грэч.полісаў і пасля перамогі каля Херанеі (338 да н.э.) усталяваў свой пратэктарат над усёй Грэцыяй. Яго сын Аляксандр Македонскі працягваў заваяванні і стварыў вялізную дзяржаву з цэнтрам у М., што дало пачатак эпохі элінізму. Пасля смерці Аляксандра (323 да н.э.) М. падзелена паміж яго паплечнікамі, якія вялі бесперапынныя міжусобныя войны. Магутнасць М. адноўлена пры Антыгоне II Гонаце [277—239 да н.э.], які заснаваў устойлівую дынастыю Антыганідаў. У 277—168 да н.э. М. была адной з вядучых дзяржаў Міжземнамор’я, але сутыкненні са Стараж. Рымам (т.зв. Македонскія войны) прывялі да яе хуткага заняпаду. Пры. Філіпе V [221—179 да н.э.] у выніку паражэння ў 2-й Макед. вайне (200—196 да н.э.) М. страціла кантроль над Грэцыяй. 3-я Макед. вайна (171—168 да н.э.) завяршылася разгромам македонцаў у бітве каля Підны (168 да н.э.). Апошні макед. цар Персей [179—168 да н.э.] трапіў у палон і адпраўлены ў Рым, а М. падзелена на 4 рэспублікі пад пратэктаратам Рыма. Пасля ліквідацыі рымлянамі паўстання пад кіраўніцтвам Андрыска (148 да н.э.) М. канчаткова страціла незалежнасць і ператворана ў рым. правінцыю.
Літ.:
Шофман А.С. История античной Македонии. Ч. 1—2. Казань, 1960—63;
Арриан. Поход Александра: Пер. с др.-греч. М., 1993;
Дройзен И.Г. История эллинизма: Пер. с фр.Т. 1—2. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛСУ́ДСКІ ((Piłsudski) Юзаф Клемент) (5.12.1867, маёнтак Зулова Свянцянскага пав. Віленскай губ., цяпер Залавас, Літва — 12.5.1935),
польскі паліт., дзярж. і ваен. дзеяч; лідэр руху за аднаўленне польскай дзяржаўнасці ў пач. 20 ст. Маршал Польшчы (1920). Скончыў Віленскую гімназію (1885), вучыўся ў Харкаўскім ун-це. Зблізіўся з народнікамі, у 1887 арыштаваны ў Вільні і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. У 1893 вярнуўся ў Вільню і далучыўся да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Сродкамі барацьбы за вызваленне Польшчы лічыў масавы рабочы і нац. рух прыгнечаных народаў Рас. імперыі. Свае погляды прапагандаваў праз газ. «Robotnik» («Рабочы»), якую рэдагаваў да другога арышту (1900). Адзін з заснавальнікаў баявой арг-цыі ППС (1905). Пасля расколу партыі (1906) засяродзіўся на падрыхтоўцы кадраў будучай польск. арміі, наладзіў супрацоўніцтва з аўстр. генштабам (1909). Адыгрываў вядучую ролю ў стварэнні паўваен. польскіх арг-цый у Галіцыі. У пач. 1-й сусв. вайны па яго загадзе польскія стралкі спрабавалі ўзняць антырас. паўстанне ў Каралеўстве Польскім (жн. 1914). Камандаваў 1-й брыгадай легіёнаў польскіх (да ліп. 1916). Стварыў сакрэтную Польскую арганізацыю вайсковую. Уваходзіў у Часовую дзярж. раду ў Варшаве (са студз. 1917), кіраваў яе вайск. камісіяй. Зразумеўшы бесперспектыўнасць арыентацыі на Аўстра-Венгрыю і Германію, летам 1917 заклікаў сваіх прыхільнікаў у «Польскіх узбр. сілах» адмовіцца ад прысягі гэтым дзяржавам, за што 22.7.1917 зняволены ў Магдэбургскай крэпасці. У ліст. 1918 вызвалены і вярнуўся ў Варшаву. 11.11.1918 атрымаў ад рады вайск. ўладу, 14.11.1918 рада перадала яму поўную ўладу і самараспусцілася; П. стаў «начальнікам» (кіраўніком) дзяржавы (зацверджаны Устаноўчым сеймам 20.2.1919). Сваёй гал. мэтай лічыў усталяванне бяспечнага месца Польшчы ў Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Карыстаючыся аслабленнем Расіі, імкнуўся адцясніць яе на У. Дзеля гэтага прапагандаваў ідэю федэратыўнага саюза з Польшчай дзяржаў, што ўтвараліся на тэр. былой Рэчы Паспалітай. 22.4.1919 у Вільні ў звароце «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» заявіў аб супольнай працы з насельніцтвам краю. 18—19.9.1919 быў у Мінску. У 1920 кіраваў польскімі войскамі пры абароне Варшавы (гл.Варшаўская аперацыя 1920). Знясіленне Польшчы прымусіла П. адмовіцца ад федэратыўных планаў, але дамогся ўключэння ч.тэр. Беларусі і Украіны ў склад Польшчы ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 (гл.Заходняя Беларусь). У кастр. 1920 ініцыіраваў «бунт» Літ.-бел. дывізіі на чале з ген. Л.Жалігоўскім, у выніку якога захоплена Віленшчына. Створаная тут Сярэдняя Літва ў 1922 далучана да Польшчы. Падтрымліваў антысав. выступленне ген. С.Булак-Балаховіча на Палессі (ліст. 1920). П. не ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1922 і саступіў пасаду кіраўніка дзяржавы абранаму прэзідэнту Г.Нарутовічу, у 1923 адмовіўся ад інш.дзярж. пасад. 12.5.1926 здзейсніў дзярж. пераварот пад заклікам «санацыі» («аздараўлення») дзяржавы. У выніку ім устаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым» з фіктыўнай уладай прэзідэнта, з абмежаванымі паўнамоцтвамі сейма і фактычна неабмежаванай уладай самога П. Ен займаў пасады ген. інспектара арміі і ваен. міністра, а ў кастр. 1927 — чэрв. 1928 і ў жн.—снеж. 1930 — і кіраўніка ўрада. Жорстка душыў камуніст. рух, бел. і ўкр.нац. рух. Пад яго кіраўніцтвам закладвалася палітыка «раўнавагі» Польшчы паміж двума яе вял. суседзямі: 25.7.1932 заключаны дагавор аб ненападзе з СССР, 26.1.1934 — Дэкларацыя аб непрымяненні сілы з Германіяй (гл.Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). У Польшчы фарміраваўся культ П. як стваральніка і абаронцы польскай дзяржавы. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. у Польшчы адбыўся рэнесанс культу П. У яго гонар названы вуліцы, плошчы, устаноўлены помнікі ў многіх гарадах краіны.
Тв.:
Pisma zbiorowe. T. 1—11. Warszawa, 1989—91;
Myśli, mowy i rozkazy. Warszawa, 1989;
Рус.пер. — Война 1920 г. // Тухачевский М. Поход за Вислу;
Пилсудский Ю. Война 1920 г.М., 1992.
Літ.:
Михутина И.В. Майский переворот 1926 г. в Польше // Сов. славяноведение. 1989. № 6;
Наленч Д., Наленч Т. Юзеф Пилсудский: Легенды и факты: Пер. с пол. М., 1990;
Коўкель І.І. «Беларускае пытанне» ў палітыцы Польшчы (1918—1920) // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;
Астрога В., Скалабан В. Пілсудскі ў Менску: Хроніка аднаго візіту // Спадчына. 1998. № 4;
Garlicki A. Józef Piłsudski, 1867—1935. 2 wyd. Warszawa, 1989.