Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ УКРАІ́НА,
гістарычная назва зямель Украіны, якія складаюць тэр. сучасных Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай, Валынскай і Ровенскай абласцей. Да 1917 тэр. цяперашніх Валынскай і Ровенскай абласцей знаходзілася ў складзе Рас. імперыі, астатніх (да 1918) — у складзе Аўстра-Венгрыі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 З.У. адышла да Польшчы. У вер. 1939 пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу Чырв. Армія заняла З.У. 26—28.10.1939 Нар. сход З.У. прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні сав. улады і ўключэнні яе ў склад Укр. ССР. 1.11.1939 Вярх. Савет СССР і 14.11.1939 Вярх. Савет Укр. ССР прынялі адпаведна законы аб уключэнні З.У. ў склад СССР і далучэнні яе да Укр. ССР (гл. таксама ў арт. Украіна. Гісторыя).
Літ.:
Постников Н.А. Незримые межи: [История зап. обл. Украины]. Киев, 1989.
М.Г.Нікіцін.
т. 7, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУА́ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя, якая вывучае ўласцівасці алгебраічных ураўненняў віду xn+a1xn-1 + ... + an=0 і іх рашэнне пры дапамозе груп тэорыі.
Падрыхтавана працамі Ж.Лагранжа, К.Гаўса, Н.Абеля. Створана Э.Галуа. Ставіць у адпаведнасць алг. ўраўненню яго групу Галуа, якая складаецца з тых падстановак каранёў, што захоўваюць усе рацыянальныя суадносіны паміж каранямі і каэфіцыентамі ўраўнення. Галуа тэорыя дае неабходную і дастатковую ўмову вырашальнасці ўраўнення ў радыкалах. У прыватнасці, з яе вынікае, што алг. ўраўненні ступені вышэй за 4-ю ў агульным выпадку невырашальныя ў радыкалах. У сучасным разуменні Галуа тэорыя — тэорыя, якая вывучае матэм. аб’екты праз іх групы аўтамарфізмаў. Напр., існуюць Галуа тэорыі палёў, кольцаў, тапалагічных прастораў і інш. Ідэі і метады Галуа тэорыі выкарыстоўваюцца ў тэорыі аналітычных функцый, тапалогіі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Літ.:
Чеботарев Н.Г. Основы теории Галуа. Т. 1—2. М.; Л., 1934—37;
Постников М.М. Теория Галуа. М., 1963.
В.І.Бернік.
т. 4, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,
галіна гіст. ведаў, якая займаецца стварэннем гіст. карт і атласаў. Арганічна звязана з геаграфіяй гістарычнай. Гал. састаўныя элементы — час, тэрыторыя і падзея — вызначаюць характар гіст. карт. Паводле тэматыкі яны падзяляюцца на археалагічныя, этнагр., гіст.-эканам., гіст.-культурныя і інш., паводле мэтавага прызначэння — вучэбныя, даведачныя, або ілюстрацыі да самаст. гіст. даследавання. У залежнасці ад тэматыкі і прызначэння выбіраюцца маштаб карты, легенда і ўмоўныя знакі. У адносінах да сучаснасці старыя гіст. карты становяцца гіст. крыніцамі. Назва «Русь» і абазначэнне некат. бел. гарадоў упершыню змешчаны на карце Ідрысі (12 ст). Першым узорам карты новага тыпу стала карта Еўропы Мікалая Кузанскага (15 ст.), дзе пазначана Русь Белая. Па ініцыятыве М.Радзівіла Сіроткі ў 1603 у Нясвіжы Т.Макоўскім выдадзена буйнамаштабная карта ВКЛ, але больш дакладнай стала карта ВКЛ Г.Баплана (1652). У пач. 18 ст. выканана першая рас. карта Беларусі. У гіст. плане тэр. Беларусі адлюстравана на асобных картах, створаных І.Лялевелем, М.Балінскім, Я.Тапальніцкім. Асобныя тэмы бел. гісторыі (народанасельніцтва, адм. падзел і інш.) даволі падрабязна раскрыты ў картаграфічных працах рас. вучоных 2-й пал. 19 ст. П.М.Бацюшкава, М.К.Любаўскага, Р.Ф.Эркерта. На мяжы 19—20 ст. польск. гісторыкі і картографы пачалі выданне падрабязных карт Рэчы Паспалітай 16 ст., якія павінны былі скласці гіст. атлас. З сярэдзіны 20 ст. ў Польшчы выдаецца серыя буйнамаштабных гіст. карт, якія ўваходзяць у шматтомны гіст. атлас. У СССР надрукаваны «Рускі гістарычны атлас» К.В.Кудрашова (1928), «Атлас гісторыі СССР» К.В.Базілевіча, І.А.Галубцова і М.А.Зіноўева (ч. 1—3, 1948—50), «Атлас карт і схем па рускай ваеннай гісторыі» Л.Р.Бяскроўнага (1946) і інш. У Беларусі картаграфічныя матэрыялы па гісторыі выдаюцца з 1950-х г., у т. л. ў комплексным атласе БССР (1958). Розныя па тэматыцы гіст. карты ўвайшлі ў шэраг энцыклапедычных і інш. выданняў выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». З 1992 праца па складанні гіст. карт вядзецца ў аддзеле спец. гіст. навук Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Рыхтуюцца да друку «Вялікі гістарычны атлас Беларусі» ў 5 т. з камплектам стараж. карт, гіст. нарыс «Беларусь на ваенна-тапаграфічных картах» і інш. выданні. Карты стараж. Беларусі прадстаўлены на старонках час. «Падарожнік».
Літ.:
Постников А.В. Развитие картографии и вопросы использования старых карт. М., 1985;
Ширяев Е.Е. Беларусь: Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. Мн., 1991;
Казлоў Л.Р. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1998.
Л.Р.Казлоў.
т. 8, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)