ДУ́БАР (Леанід Паўлавіч) (18.8.1925, г. Магілёў — 18.2.1978),

бел. жывапісец і графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (з 1961). Сярод работ сюжэтна-тэматычныя карціны «Чацвёра адважных» (1961), «У дарозе» (1962), «Тарпедная атака» (1963), «Пагрузка мін» (1964), «Матросы» (1970), пейзажы «Каля прычала» (1963), «Блакітнае змярканне» (1965), «Шэры дзень» (1967). Працаваў у кніжнай графіцы, аформіў кнігі «Шчаслівая дарога» А.​Александровіча (1958), «Мсціслаўцаў посах» Э.​Ялугіна (1971), «Па закліку сэрца» М.​Аляксеева (1974), «Дзяўчына ішла па вайне» М.​Гамолкі (1976).

А.​Б.​Александровіч.

Л.Дубар. Матросы. 1970.

т. 6, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРЭ́ВІЧ (Васіль Сцяпанавіч) (н. 15.7.1939, в. Купленка Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1964). Працаваў у газ. «Чырвоная змена». З 1979 на Бел. радыё. Друкуецца з 1956. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Вогненная камета» (1963), «Мерыдыяны і паралелі» (1966), «Ліставей» (1971), «Вечнае дрэва» (1974), «Радоўка» (1977), «Праталіна» (1983), «Відушчы посах» (1987), «Сумежжа» (1989) і інш., кніг нарысаў «Палын і медуніца» (1976), «Зямное сузор’е» (1980), «Старт у будучыню» (1982), вершаванай казкі «Лясныя вандраванні» (1967). Яго творы раскрываюць складаныя пошукі сучасніка, свет яго думак і пачуццяў, спалучаюць рэаліст. дакладнасць з рамант. узнёсласцю.

Тв.:

Везувій. Мн., 1993.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУС [Cruz; сапр. Асбахе-і-Рамірэс дэ Сантыльяна

(Asbaje y Ramírez de Santillana)] Хуана Інес дэ ла (12.11.1651, Сан-Мігель-дэ-Непантла, Мексіка — 17.4.1695),

мексіканская пісьменніца. З 1667 знаходзілася ў манастыры, прысвяціла сябе навуцы і паэзіі. У творчасці прытрымлівалася традыцый ісп. барока. Першы зб. вершаў «Кастальскае багацце» (1689). Філас. роздум пра зямное і трансцэндэнтнае ў паэме «Першы сон» (1690). Яе паэзіі ўласціва шчырасць лірычных пачуццяў, інтэлектуальная глыбіня і вытанчанасць стылю. Аўтар камедый нораваў «Дамашнія клопаты» (1683), «Каханне — самая заблытаная справа» (1688), вострапалемічных твораў у прозе «Крызіс адной пропаведзі» (1690), «Адказ паэтэсы славутай сястры Філатэі» (1691), алегарычных драм «Боскі Нарцыс», «Пакутнік таемнасці», «Посах Іосіфа».

І.​Л.​Лапін.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)