Поры года 5/14; 8/518—519; 12/28

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РЫ ГО́ДА,

перыяды года (вясна, лета, восень, зіма), змена і паслядоўнасць якіх абумоўлены рухам Зямлі вакол Сонца і нахілам яе восі да плоскасці арбіты (пад вуглом 66°33). Нахіл восі і пастаянства яе напрамку ў прасторы прыводзяць да таго, што ў адзін перыяд года Сонца асвятляе больш Паўн. паўшар’е, у другі — Паўд. паўшар’е і адбываецца змена П.г. Астранамічны пачатак П.г. ў Паўн. паўшар’і супадае з момантамі праходжання Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (20 або 21 сак.), пункт летняга сонцастаяння (21 або 22 чэрв.), пункт асенняга раўнадзенства (23 вер.) і пункт зімовага сонцастаяння (21 або 22 снеж.). З-за эліптычнасці зямной арбіты і нераўнамернасці руху Зямлі вакол Сонца П.г. маюць неаднолькавую працягласць. У Паўн. паўшар’і астр. працягласць вясны 92,8 сут.; лета 93,6; восені 89,8; зімы 89 сут. П.г. ў прыродзе могуць не супадаць з каляндарнымі, што залежыць ад перамяшчэння паветр. мас атмасферы. Таму побач з астр. вылучаюцца феналагічныя сезоны, якія не маюць цвёрдых каляндарных межаў і вызначаюцца ўмовамі надвор’я, рознымі феналагічнымі з’явамі. На Беларусі (56—51° паўн. ш.) вясна пачынаецца ў канцы сак. і цягнецца да сярэдзіны мая, лета канчаецца ў сярэдзіне вер., зіма пачынаецца ў сярэдзіне лістапада.

Да арт. Поры года. Рух зямлі па арбіце і асветленасць яе паверхні сонечнымі прамянямі ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЦЯРЭ́ЎСКІ (Мікалай Лаўрэнцьевіч) (н. 31.3.1931, в. Бацюты Падляскага ваяв., Польшча),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). З 1963 працаваў на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 у Бел. тэатр.-маст. ін-це, з 1969 на Мінскім маст. камбінаце. Працуе пераважна ў галіне маст. керамікі. Аўтар набору «Юбілейны» (1975), скульпт. кампазіцый «Спявачкі» (1978), «Лявоніха», «Поры года» (абедзве 1979), «Вясна» (1983), дэкар. пласты «Здароўе» (1978; у паліклініцы Нац. АН Беларусі), «З народнага жыцця» (1981; у сталовай ВА «Інтэграл»), на станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» (1984, у сааўт.), пласты і кафлі для інтэр’ера кафэ «Бульбяная» (1983), афармленне рэстарана аэрапорта «Мінск 2» (1990; усе ў Мінску), універмага «Мінск» у г. Валгаград, Расія (1985), бюстаў Ф.​Скарыны (1985), К.​Каліноўскага, А.​Міцкевіча, А.​Багдановіча (усе 1998), плакетак «Каралі Вялікага княства Літоўскага, Жамойцкага і іншых» (2000), жывапісных кампазіцый.

М.Несцярэўскі. Фрагмент дэкаратыўнай кампазіцыі «Поры года». 1979.

т. 11, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕЛА́ЙЦІС ((Donelaitis) Крысціёнас) (1.1.1714, в. Лаздзінеляй, Усх. Прусія, цяпер Калінінградская вобл., Расія — 8.2.1780),

літоўскі паэт, заснавальнік жанру байкі ў літ. л-ры. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1740). З 1743 святар лютэранскага прыхода. Найб. значны твор — паэма «Поры года» (1765—75, апубл. 1818; перакладзены на многія мовы свету). У ёй шматгранна і рэалістычна паказаў працу, побыт, нар. звычаі, маляўнічую прыроду Літвы, раскрыў сац. супярэчнасці, стварыў яркія самабытныя характары. У яго байках (захавалася 6, апубл. ў 1824) крытыка чалавечых заган, пратэст супраць сац. і нац. прыгнёту. На бел. мову асобныя творы Д. пераклаў А.​Зарыцкі.

Тв.:

Бел. пер. —Чатыры пары года. 2 выд. Мн., 1983;

Рус. пер. — Времена года: Басни. Л., 1960.

Літ.:

Довейка К. Кристионас Донелайтис: Пер. с лит. Вильнюс, 1963.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЦО́Ў (Віктар Віктаравіч) (н. 8.9.1941, с. Белая Гліна Краснадарскага краю, Расія),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1972 выкладае ў Бел. АМ, з 1995 заг. кафедры. Сярод твораў; габелены «Музыка» ў Бел. дзярж. філармоніі (1974—76, у сааўт. з А.​Яскіным, У.​Ткачовым), «Беларусь — край мой родны» ў рэзідэнцыі прэзідэнта Беларусі (1983—84), вітражы «Песні Беларусі» і «Поры года» ў Т-ры юнага гледача Беларусі (1978, у сааўт. з Ткачовым), «Сонечныя кветкі. Флора і фауна» ў мед. ін-це (1992—93), «Старажытная геральдыка гарадоў Беларусі» ў тэхнал. ун-це (1993—94; усе ў Мінску), «Белавежская пушча» ў бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. (1981—82), дэкар. рэльефаў. Аўтар жывапісных палотнаў «Успаміны. Дзікі мёд» (1981), «Алегорыя трывогі» (1986), «Бабіна лета» (1990), «Стары млын» (1992), «Каля люстэрка» (1996), «А.​Пушкін», «А.​Міцкевіч» (абодва 1999), трыпціха «Поры года» (1995), серыі пейзажаў «Па Галандыі і Францыі» (1999). Творам уласцівы гарманічная пластычнасць з рэаліст. трактоўкай сюжэта, метафарычнасць.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Нямцоў. Каля люстэрка. 1996.

т. 11, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫНЕ́Ц (Вячаслаў Іванавіч) (н. 2.7.1948, в. Ятвезь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Яго творы вызначаюцца выразнасцю малюнка, глыбокім псіхалагізмам персанажаў: цыкл трыптыхаў «Поры года» (1977), «Пад старой грушай», «Зімовы пейзаж» (абодва 1980), «Ахвяра», «Мёртвая вёска», «Багаты сусед», «Антрапагенны ландшафт», серыя «Дварнягі» (1990—96) і інш. Аформіў кнігі: «Беларускія народныя казкі» (1993), казкі братоў Грым «Чарадзейная хатка» (1994) і інш.

В.Валынец. Пад старой грушай. 1980.

т. 3, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІНО́Ў (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 30.12.1935, г. Віцебск),

бел. графік. Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1965). Тэматыка твораў — пейзажы Беларусі. Працуе ў тэхніках лінарыту (серыі «Веснавыя паводкі», 1973; «Лепельшчына», 1975; «Поры года», 1978; «Бярэзінскі запаведнік», 1980; «Песні палёў», 1982; «Мой горад», 1983; «Зімовыя карункі», 1985; «Мой родны кут», 1993; асобныя аркушы: «Жыта каласуе», 1970; «Месячная ноч», 1974; «Калядная ноч», 1990, «Вечнасць» і «Восеньская мелодыя», абодва 1995), акварэлі. Выразная графічная мова твораў прасякнута лірызмам і эмацыянальным светаўспрыманнем.

В.​В.​Шамшур.

т. 7, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНКРЭ́ ((Lancret) Нікала) (22.1.1690, Парыж — 14.9.1743),

французскі жывапісец, прадстаўнік ракако. Вучыўся ў П.​Дзюлена (да 1708), К.​Жыло (1712—18). Зазнаў уплыў А.Вато. З 1719 чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. Аўтар вытанчаных галантных тэатр. і быт. сцэн, дэкар. пейзажаў, напісаных у мяккай жывапіснай манеры: «Канцэрт у парку», «Урок музыкі», «Танец», «Баль», «Вясковае вяселле» (1737), «Поры года» (1738) і інш. Партрэты распрацоўваў як жанравыя сцэны («Сям’я Бурбон-Канці»; «Танцоўшчыца Камарго», 1730). Ілюстраваў «Байкі» і «Казкі» Ж.​Лафантэна.

Н.Ланкрэ. Танцоўшчыца Камарго. 1730.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРДАМІ́ЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Вердамічы (Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл.). Пл. каля 12 га. Парк пейзажнага тыпу. Цэнтрам яго кампазіцыі быў палац (не захаваўся). Тэрыторыя парку абнесена мураванай сцяной. Ад уязной брамы разыходзяцца цэнтр. і кальцавая алеі. У кампазіцыі парку выкарыстаны прыёмы паступовага раскрыцця пейзажу, кантрасту, улічаны асаблівасці афарбоўкі дрэў у розныя поры года, формы кроны, хуткасць росту і інш. Растуць дуб шарлахаўскі, клёны (чырвоны, серабрысты, ясенялісты), явар і яго пурпуровая форма, хвоя веймутава, лістоўніца (еўрапейская, польская), туя заходняя і інш.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКЛІ́ЧКІ,

абрадавыя песні магічнай функцыі са зваротам да аб’екта клічу. Найчасцей аб’ектам звароту выступалі поры года, святы (Вясна, Каляда, Купала), стыхіі, прыродныя з’явы (сонца, дождж, хмара), прадстаўнікі жывёльнага і расліннага свету. Заклінальны характар гэтых песень родніць іх з замовамі. Інтанацыя клічу найб. выразная ў вясновых З. Звароты да вясны ў першай страфе, дапоўненыя выгукамі «Гу!» ў канцы кожнай страфы, найб. поўна выяўляюць функцыян. прызначэнне гэтых З. Страта магічнай функцыі прывяла да пераходу некат. З. у дзіцячы фальклор.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Довженок Г.В. Український дитячий фольклор: (Віршовані жанри). Київ, 1981;

Мельников М.Н. Русский детский фольклор. М., 1987.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)