ГА́НДЗІ (Раджыў) (29.8.1944, г. Бамбей, Індыя — 21.5.1991),

палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Сын І.Гандзі. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це (Вялікабрытанія) і навук.-тэхн. каледжы «Імперыял» (Лондан), лётнай школе ў Дэлі. У 1968—80 лётчык грамадз. авіяцыі. Дэп. Нар. палаты парламента (з 1981). У 1983 адзін з 5 ген. сакратароў партыі Інд. нац. кангрэс (Індзіра). Старшыня Руху, недалучэння (1984—86). У 1984—89 прэм’ер-міністр Індыі, адначасова міністр замежных спраў (1984—88). Праводзіў курс на асцярожнае рэфармаванне эканомікі, прымірэнне паміж індусамі і сікхамі. Аўтар шэрагу мірных знешне-паліт. ініцыятыў.

Літ.:

Абашкин А. Смена первого пилота: Почему Раджив Ганди и его партия потерпели поражение на всеобщих парламентских выборах // Новое время. 1989. № 51.

Р.Гандзі.

т. 5, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫВО́ЦІНАЎ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 14.3.1922, г. Вольск Саратаўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед. н. (1973), праф. (1976). Ганаровы акад. Бел. акадэміі мед. навук (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1950) і працуе ў ім. Навук. працы па хваробах перыферычнай нерв. сістэмы, астэахандрозе пазваночніка, рэўматызме мозга ў дзяцей, выкарыстанні выліч. метадаў і аўтаматызаваных сістэм для ранняй дыягностыкі, прагназавання неўралагічных праяў астэахандрозу пазваночніка і інш. хвароб нервовай сістэмы. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Неврологические нарушения при поясничном остеохондрозе. Мн., 1979;

Прогнозирование и диагностика дискогенного пояснично-крестцового радикулита. Мн., 1982 (разам з Я.​А.​Луп’янам);

Поражение нервной системы при эндокринных болезнях. Мн., 1989 (разам з М.​З.​Клябанавым).

Літ.:

Б.​В.​Дривотинов: (к 75-летию со дня рождения) // Здравоохранение. 1997. № 4.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)