ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

адзін з кірункаў глыбіннай псіхалогіі, які заснаваны на вучэнні аўстр. псіхолага А.Адлера. Гал. яе ідэя ў тым, што чалавек — адзіны і непадзельны арганізм, ва ўзаемасувязі якога знаходзяцца не толькі мозг і цела, але і ўсе праявы яго псіхічнага жыцця, Адлер лічыў, што ўжо ў дзяцінстве ў чалавека часам праяўляецца пачуццё фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці (т.зв. «комплекс непаўнацэннасці»), якое ён імкнецца пераадолець. У кожнага складваецца свой унікальны стыль жыцця, фарміруецца т.зв. «сацыяльны інтарэс», на развіццё якога істотны ўплыў аказваюць асаблівасці сямейнага выхавання і сацыялізацыі асобы. Састаўной часткай І.п. з’яўляецца канцэпцыя творчага «Я», паводле якой кожны чалавек патэнцыяльна здольны дзейнічаць творча, стваральна, а яго паводзіны вызначаюцца пастаўленай жыццёвай мэтай — дасягнуць асабістай дасканаласці, цэласнасці і самарэалізацыі. І.п. аказала ўплыў на развіццё сацыяльна-псіхалагічных і групавых метадаў тэрапіі (К.​Хорні, Э.​Фром і інш.).

Літ.:

Адлер А. Практика и теория индивидуальной психологии: Пер. с нем. М., 1995;

Яго ж. Понять природу человека: Пер. с нем. СПб., 1997;

Хьел Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯ́Н ((Vian) Барыс) (10.3.1920, г. Віль-д’Аўрэ, Францыя — 23.6.1959),

французскі пісьменнік, музыкант, аўтар і выканаўца песень. Дэбютаваў зб. «Сто санетаў пра каханне» (1941), раманам «Сумятня ў Ардэнах» (1942, выд. 1966). Вылучаюцца раманы «Пена дзён» (1947; аднайм. фантасмагарычная опера Э.​Дзянісава, 1963), «Восень у Пекіне» (1947), п’еса «Усеагульная скуралупня» (паст. 1950). Пад псеўданімам Вернон Салівэн апублікаваў свае раманы «Я прыйду плюнуць на вашы магілы» (1946), «Мёртвыя аднаго колеру» (1947), «Знішчыць усіх вырадкаў» (1948), «Яны не разумеюць, што робяць» (1949), выдаўшы іх за пераклады амер. бестселераў. У 1950 пасля суд. разбору «як перакладчык» Віян абвінавачаны ў «зневажанні нораваў». Аўтар раманаў «Чырвоная трава» (1950), «Сэрцадзёр» (1953), зб. вершаў «Я не хацеў бы здохнуць» (1962), п’есы «Падвячорак генералаў» (паст. 1962), лібрэта опер «Снежны кавалер» (1957, муз. Ж.​Дэлеру) і «Фіеста» (1958, муз. Д.​Міё). Віян распрацаваў прынцыпова новую эстэтыку, якая папярэднічала постмадэрнізму. Пацыфізм і нон-канфармізм Віяна, непрыняцце яго героямі рэлігіі, дзяржавы і працы, геданізм і эскапізм засвоены маладзёжнай контркультурай 1960-х г.

Тв.:

Бел. пер. — Ваўкалак: [Апавяданне] // Французская навела XX ст. Мн., 1992;

Рус. пер. — Мёртвые все одного цвета. М., 1992;

Женщинам не понять. СПб., 1993;

Пена дней. Л., 1994;

Мурашки. М., 1994;

Сердцедер. М., 1994.

Літ.:

Ерофеев В.В. Борис Виан и «мерцаюшая эстетика» // Ерофеев В.В. В лабиринте проклятых вопросов: Эссе. 2 изд. М., 1996.

К.​М.​Міхееў.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)