Понт, гл. Пантыйскае царства

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПОНТ (ад грэч. Pontos мора),

старажытная вобласць у М. Азіі на ўзбярэжжы Понта Эўксінскага, на тэр. якой у 301 да н.э. ўтварылася Пантыйскае царства.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Понт-Авенская школа (маст., Нармандыя) 3/283

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПОНТ ЭЎКСІ́НСКІ (Pontos Euxenos літаральна гасціннае мора),

старажытнагрэчаская назва Чорнага м. Да 6 ст. да н.э. яго называлі Понтам Аксінскім (негасціннае мора). Пераназвана пасля пашырэння рэгулярных эканам. і культ. сувязей грэкаў з мясц. насельніцтвам прыпантыйскіх абласцей. Плаванне па моры лічылася цяжкім і небяспечным, да 4 ст. да н.э. плавалі недалёка ад берагоў. Шмат ант. пісьменнікаў і географаў складалі перыплы (падрабязнае апісанне ўзбярэжжа П.Э.). Феакрыт, Сенека, Лукіян называлі П.Э. Скіфскім морам. У 9 ст. н.э. яго называлі яшчэ Рускім морам.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЕ МО́РА,

старажытная назва Чорнага мора ў рус. летапісах, калі апісваліся падзеі 9—15 ст., а таксама ў арабскіх крыніцах 10 ст. Стараж. грэкі наз. яго Понт Эўксінскі.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́НІЙ Малодшы,

Гай Пліній Цэцылій Секунд (Gaius Plinius Caecilius Secundus; 61 ці 62, г. Кома, Італія — каля 114), старажытнарымскі пісьменнік і дзярж. дзеяч. Пляменнік і прыёмны сын Плінія Старэйшага. Консул (100), імператарскі легат у прав. Віфінія і Понт (111—113). З твораў П. захаваліся 10 кн. пісьмаў і пахвальная прамова ў гонар Траяна («Панегірык»). У лістах П. вял. гіст. матэрыял, які характарызуе эканам. і паліт. жыццё ў Рым. імперыі 1—2 ст., яе культуру і побыт.

Тв.:

Рус. пер. — Письма Плиния Младшего. 2 изд. М., 1984.

Літ.:

Соколов В.С. Плиний Младший. М., 1956.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі бог, які ўвасабляў неба, першы валадар багоў і сусвету. Лічыўся сынам і мужам увасаблення зямлі — Геі, у шлюбе з якой ад яго нарадзіліся тытаны, німфы, кіклопы, старукія волаты, мора Понт. У. ненавідзеў сваіх дзяцей за іх жудасны выгляд і хаваў іх у чэраве Геі. Тая пакутавала ад гэтага і па яе падгаворы сын Кронас сярпом вылегчыў У. З кропель крыві У., што ўпалі пры гэтым на лона Геі, яшчэ нарадзіліся гіганты, багіні помсты эрыніі, німфы Меліі («ясеневыя») і Афрадыта. Пазбаўлены магчымасці працягваць род багоў, У. саступіў уладу над багамі і сусветам Кронасу.

т. 16, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГЕ́Н (Gauguin) Эжэн Анры Поль (7.6.1848, Парыж — 8.5.1903),

французскі жывапісец, графік, скульптар. У юнацтве служыў мараком, у 1871—83 — біржавым клеркам у Парыжы. З 1870-х г. пачаў самаст. займацца жывапісам, карыстаўся парадамі К.Пісаро. Працаваў у Понт-Авене (Брэтань), Арлі (разам з В. ван Гогам): «Ave Maria» (1887), «Прывід пасля пропаведзі», «Старыя дзеўкі» (абедзве 1888), «Брэтонскія могілкі» (1889). Пошукі сродкаў на існаванне і месца ў жыцці нарадзілі мару аб трапіканскай ідыліі — «майстэрні тропікаў», у 1891—94 Гаген з’ехаў на в-аў Таіці, дзе імкнуўся знайсці культурную глебу, стварыць выяўл. міфалогію астравіцян («А, ты раўнуеш?», 1892; «Таіцянскія пастаралі», 1893; «Цудоўная крыніца», 1894). Творы таго перыяду вылучаюцца непасрэднасцю, узаемапранікненнем старажытнасці і сучаснасці, рэліг. традыцый Захаду і Усходу, павышанай дэкаратыўнасцю. Пасля кароткачасовага вяртання ў Францыю (1893—95) Гаген назаўсёды пасяліўся на а-вах Акіяніі. Творчасць 2-га таіцянскага перыяду (1895—1903) набліжаецца да сімвалізму і прыводзіць Гагена і групу мастакоў, якія працавалі пад яго ўплывам (т.зв. понт-авенская школа), да ўзнікнення адмысловай жывапіснай сістэмы — т.зв. «сінтэтызму» (спрашчэнне і абагульненне формаў і ліній і г.д.). Гаген імкнуўся ўвасобіць сваю утапічную мару аб жыцці чалавека ў гармоніі з прыродай, удалечыні ад цывілізаванага грамадства («Жонка караля», 1896; «Збор пладоў», 1899). Карціны Гагена падобныя на пано па плоскаснасці, дэкаратыўнасці колеру, манументальнасці кампазіцыі, абагульненасці стылізаванага малюнка, мелі рысы стылю мадэрн. Яго творчасць істотна паўплывала на майстроў групы «Набі» і жывапісцаў пач. 20 ст.

Літ.:

Даниельсон Б. Гоген в Полинезии. М.; Л., 1969;

Перрюшо А. Жизнь Гогена: Пер. с фр. М., 1989.

Н.​М.​Усава.

П.Гаген. Ave Maria. 1887.
П.Гаген. Аўтапартрэт. 1897.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПАДО́КІЯ,

старажытная вобласць у цэнтр. частцы М. Азіі (тэр. сучаснай Турцыі). Напачатку яе насялялі хаты. У 2-м тыс. да н. э. асн. ядро Хецкага царства. У пач. 6 ст. да н. э. заваявана Мідыяй. З 2-й пал. 6 ст. да н. э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы, падзелена на 2 сатрапіі: Вялікую К. (займала ўнутр. вобласць) і Малую К. (узбярэжжа Чорнага м.), ці Понт. У 1-й пал. 4 ст. да н. э. намінальна ў дзяржаве Аляксандра Македонскага. У канцы 4 ст. да н. э. падпарадкавана Селеўкідамі, з сярэдзіны 3 ст. да н. э. самаст. царства. У 1 ст. да н. э. заваявана Стараж. Рымам (з 17 н. э. рым. правінцыя). Пасля 4—5 ст. н. э. ў складзе Візант. імперыі, у 1074 захоплена туркамі-сельджукамі. У 15 — пач. 20 ст. ў Асманскай імперыі.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЫ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА, Понт,

эліністычная дзяржава ў М. Азіі ў 302 (ці 301) — 64 да н.э. Засн. былым дынастам Мітрыдатам II з перс. роду Ахеменідаў. Склалася шляхам дыпламатыі і заваёў яго напаўгрэч.-напаўіранскіх валадароў. Этнічны склад насельніцтва неаднародны. Разам з высокаразвітымі грэч. гарадамі ў П.ц. ўваходзілі тэр., дзе існавалі родаплемянныя адносіны. Мела гандл. сувязі з гарадамі Паўн. Прычарнамор’я, рэгіёнам Эгейскага мора. З пач. 2 ст. да н.э. вяло актыўную знешнюю палітыку. Дасягнула найвышэйшага росквіту пры Мітрыдаце VI Еўпатару, уключыўшы амаль усе землі вакол Понта Эўксінскага (адсюль назва). П.ц. супрацьстаяла экспансіі Рыма, уступіўшы з ім у працяглы канфлікт — т.зв. Мітрыдатавы войны, якія скончыліся паражэннем і ўключэннем П.ц. ў склад рым. дзяржавы. Часткова адноўлена Маркам Антоніем як залежная ад Рыма дзяржава на чале з дынастыяй Палеманідаў, з мэтай супрацьстаяння Парфіі. Паводле загаду Нерона (64 да н.э.) канчаткова ператворана ў правінцыю.

Літ.:

Ломоури Н.Ю. К истории Понтийского царства. Ч. 1. Тбилиси, 1979;

Сапрыкин С.Ю. Понтийское царство. М., 1996.

А.​Г.​Зельскі.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)