ЗЕ́НГЕР ((Sänger) Эйген) (22.9.1905, г. Прэсніц, Чэхія — 10.2.1964),
нямецкі вучоны ў галіне ракетна-касм. тэхнікі.
Чл.-заснавальнік Міжнар акадэміі астранаўтыкі, першы прэзідэнт Міжнар. астранаўтычнай федэрацыі (1950—53). Скончыў вышэйшую тэхн. школу ў Вене (1925). З 1936 кіраўнік Ракетнага НДІ у Траўэне. У 1942—45 у н.-д. цэнтры планетарызму ў Айнрынгу. З 1954 кіраўнік НДІ фізікі рэактыўных рухавікоў у Штутгарце (ФРГ). З 1963 праф.Тэхнал. ун-та ў Зах. Берліне. Навук. працы па тэхніцы ракетных палётаў, ракетных самалётаў, фатонных ракет, тэорыі касм. палёту. Аўтар праектаў арыгінальных лятальных апаратаў з вадкаснымі ракетнымі рухавікамі. Медаль Ю.Гагарына Міжнар.т-ва «Чалавек у космасе». Імем З. названы кратэр на Месяцы.
Тв.:
Рус.пер. — Техника ракетного полета. 2 изд. М., 1947;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАДЫНА́МІКА (ад астра... + дынаміка),
раздзел нябеснай механікі, які вывучае рух штучных нябесных целаў. Фундаментальныя законы астрадынамікі адкрыў І.Ньютан (гл.Ньютана законы механікі, Касмічныя скорасці). Значны ўклад у развіццё астрадынамікі зрабілі К.Э.Цыялкоўскі, Ф.А.Цандэр, Ю.В.Кандрацюк, В.Гоман, А.А.Штэрнфельд і інш. Ураўненні астрадынамікі, у адрозненне ад ураўненняў нябеснай механікі, улічваюць супраціўленне зямной атмасферы, магнітнае поле Зямлі, ціск сонечнага выпрамянення і інш. Асноўныя задачы астрадынамікі: вызначэнне арбіт касм. апаратаў; адпрацоўка спосабаў вызначэння, удакладнення і карэкцыі іх арбіт па выніках траекторных вымярэнняў; распрацоўка аптымальных траекторый міжарбітальных пералётаў; спосабаў знішчэння касм. апаратаў, якія адслужылі, і інш.
Літ.:
Бахшиян Б.Ц., Назиров Р.Р., Эльясберг П.Е. Определение и коррекция движения. М., 1980;
Охоцимский Д.Е., Сихарулидзе Ю.Г. Основы механики космического полета. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМУ́К (Пётр Ільіч) (н. 10.7.1942, в. Камароўка Брэсцкага р-на),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1973, 1975), лётчык-касманаўт СССР (1973), ген.-палкоўнік авіяцыі (1998), канд.тэхн.н. (1995). Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1964), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.Гагарына (1977), Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1983). З 1965 у атрадзе касманаўтаў. З 1976 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына (з 1991 начальнік). 18—26.12.1973 з В.В.Лебедзевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-13» (як камандзір); 24.5—26.7.1975 з В.І.Севасцьянавым — палёт на касм. караблі «Саюз-18» і арбітальнай станцыі «Салют-4» (як камандзір); 27.6—5.7.1978 з М.Гермашэўскім — палёт на касм. караблі «Саюз-30» (як камандзір) і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж — У.В.Кавалёнак, А.С.Іванчэнкаў). У космасе правёў 78,8 сут. Дзярж. прэмія СССР 1978, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗВА́ЖКАСЦЬ,
фізічны стан цела — складальнай часткі рухомай мех. сістэмы, пры якім вонкавыя сілы, што дзейнічаюць на цела і яго рух, не выклікаюць узаемнага ціску адных часцінак цела на іншыя. Узнікае пры свабодным руху цела ў гравітацыйным полі, калі такі рух з’яўляецца паступальным (напр., падзенне цела па вертыкалі, рух па арбіце штучнага спадарожніка Зямлі, палёт касм. карабля).
На цела, якое знаходзіцца ў гравітацыйным полі Зямлі на апоры (ці падвесе), дзейнічаюць сіла цяжару і ў процілеглым напрамку сіла рэакцыі апоры (ці сіла нацяжэння падвесу), што вядзе да ўзнікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую. У целе ўзнікаюць дэфармацыі і ўнутр. напружанні, якія чалавек успрымае як адчуванне ўласнай вагі (важкасці). У залежнасці ад умоў сіла рэакцыі апоры можа адрознівацца ад сілы цяжару нерухомага цела на паверхні Зямлі. Напр., калі касм. карабель рэзка павялічвае скорасць, касманаўта прыціскае да крэсла сіла, у некалькі разоў большая за нармальную вагу, што ўспрымаецца як павелічэнне ўласнай вагі касманаўта (т.зв. перагрузка). У стане свабоднага падзення на цела дзейнічае толькі сіла цяжару, а інш. вонкавыя сілы, у т. л. і сілы рэакцыі апоры, адсутнічаюць, што вядзе да знікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую, узнікае бязважкасць, якую чалавек успрымае як страту вагі.
Ва ўмовах бязважкасці зменьваецца шэраг функцый жывога арганізма: абмен рэчываў (асабліва водна-салявы), кровазварот, назіраюцца расстройствы вестыбулярнага апарату і інш. Неспрыяльны ўплыў бязважкасці на арганізм чалавека можна папярэдзіць або абмежаваць пры дапамозе фіз. практыкаванняў і заняткаў на спец. трэнажорах. Вынікі працяглых касм. палётаў сведчаць аб тым, што бязважкасць не з’яўляецца небяспечнай для арганізма чалавека і касманаўты ў такім стане могуць доўгі час жыць і працаваць, але павінны праходзіць курс рэабілітацыі пры вяртанні ў звычайныя гравітацыйныя ўмовы на паверхні Зямлі. Бязважкасць улічваецца пры стварэнні прыбораў і агрэгатаў касм. лятальных апаратаў. Напр., для вады і інш. вадкасцей выкарыстоўваюцца эластычныя пасудзіны і герметычныя кантэйнеры, якія папярэджваюць распырскванне; цыркуляцыя паветра забяспечваецца вентылятарамі і інш. Стан бязважкасці дае магчымасць праводзіць фізіка-тэхн. эксперыменты па вырошчванні паўправадніковых крышталёў, стварэнні звышправодных і магнітных матэрыялаў з аднародным размеркаваннем рэчыва па ўсім аб’ёме.
Літ.:
Левантовский В.И. Механика космического полета в элементарном изложении. 3 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТА (ням. Rakete ад італьян. rocchetta шпуля, верацяно),
лятальны апарат, які рухаецца ад дзеяння рэактыўнай цягі. Можа рухацца і ў беспаветранай прасторы, што дае магчымасць выкарыстоўваць Р. для палётаў у космас. Бываюць адна- і шматступеньчатыя ракеты, кіравальныя (маюць сістэму кіравання, якая забяспечвае палёт па зададзенай траекторыі, напр., балістычныя ракеты) і некіравальныя (звычайна баявыя тактычныя Р. з далёкасцю палёту да дзесяткаў кіламетраў). Выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (ракетная зброя), для навук. (напр., «Космас»), геафіз. (напр., «Вертыкаль») і метэаралаг. даследаванняў, а таксама для запуску касмічных апаратаў (гл.Ракета-носьбіт).
Асн. часткі Р.: корпус з адсекамі (злучае ўсе часткі Р. ў адзіную канструкцыю), адзін або некалькі ракетных рухавікоў, ёмістасці з ракетным палівам (запас рабочага цела), карысны груз (баявая частка, касм. апарат, метэапрылады), сістэма кіравання (на кіравальных Р.). Канструкцыя Р. залежыць ад яе прызначэння і тыпу выкарыстаных рухавікоў. Асн. тып рухавіка для Р.-носьбіта — вадкасны ракетны рухавік, для большасці баявых, метэаралаг. і геафіз. Р. — цвердапаліўны ракетны рухавік. На многіх Р. устанаўліваюць спец. разгонныя або стартавыя рухавікі (звычайна цвердапаліўныя). Органы кіравання — аэрадынамічныя (напр., паветраныя рулі, інтэрцэптары, элероны), газадынамічныя (газаструменныя рулі, паваротныя камеры і соплы, дэфлектары) і камбінаваныя; забяспечваюць дынамічную стабілізацыю Р., кіраванне ёю на ўсёй траекторыі ці на яе асобных участках. Некіравальныя Р. стабілізуюцца ў палёце хваставым апярэннем або вярчэннем вакол падоўжнай восі. Запускаюцца з пускавых установак, у т. л. шахтавага тыпу, караблёў, падводных лодак, самалётаў, верталётаў, касм. — са стартавага комплексу касмадрома. Састаўныя (шматступеньчатыя) Р. складаюцца з 2—4 ракетных ступеняў, размешчаных паслядоўна ці па т.зв. пакетнай схеме. На 1-м этапе актыўнага ўчастка дзейнічае І-я ступень, разгон працягвае 2-я і г.д.Асн. характарыстыкі Р.: сіла цягі рухавіка (да 10 МН) і скорасць выцякання рэактыўнага струменя (3000—4500 м/с). Стартавая маса ад некалькіх кілаграм да некалькіх тысяч тон. Баявыя Р. бываюць: стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; блізкага дзеяння, сярэдняй і вял. далёкасці (міжкантынентальныя); класаў «зямля—зямля», «зямля—паветра», «паветра—паветра», «паветра—зямля», «паветра—карабель», «карабель—зямля» і інш. Уваходзяць у наземныя, авіяц. і карабельныя ракетныя комплексы. Р. класа «зямля—паветра» — асн. зброя войск ППА (гл.Зенітны ракетны комплекс). Высокадакладным дальнабойным сродкам паветранага нападзення з’яўляецца крылатая ракета (ляціць больш за 2,6 тыс.км на выш. каля 30—100 м).
Вынайдзена ў Кітаі пасля адкрыцця пораху (каля 10 ст.); першае ўпамінанне пра Р. (трубкі з порахам) адносяцца да 1232. У Еўропе звесткі пра парахавыя Р. з’явіліся ў 13 ст., у канцы 14 — пач. 16 ст. існавала некалькі тыпаў Р. (рухаліся вертыкальна, па паверхні вады, па канаце). З канца 14 ст. сталі выкарыстоўвацца для феерверкаў (уяўлялі сабой кардонную гільзу з карысным грузам — зорачкамі ў верхняй частцы і порахам у ніжняй). Найб. раннія звесткі пра выкарыстанне Р. на Украіне адносяцца да 1516. У сярэдзіне 17 ст. лепшым ракетчыкам Еўропы лічыўся бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч, які апісаў (1650) розныя канструкцыі ракет, абгрунтаваў ідэю шматступеньчатай Р. і ракетных батарэй. Звесткі пра Р. ў Расіі адносяцца да 1675, у 1680-я г. створана маск. Ракетнае прадпрыемства. Даследаванні па розных тыпах Р. у канцы 18 ст. правялі франц. інжынеры. У пач. 19 ст.англ. канструктар У.Конгрыў абагульніў вопыт ракетабудавання, правёў шэраг навук. даследаванняў у галіне ракетнай тэхнікі, распрацаваў новыя тыпы парахавых Р. (выратавальныя, гарпунныя, са стартавай масай да 450 кг і далёкасцю палёту больш за 3 км). Р. як зброя пашырылася ў многіх краінах Еўропы. З канца 1920-х г. распрацоўку вадкасных Р. і ракетных рухавікоў у СССР пачалі ў Газадынамічнай лабараторыі, Рэактыўным НДІ і Групе па вывучэнні рэактыўнага руху. У пач. 1940-х г. у Германіі створана Р. Фау-2 (з 1944 выкарыстоўвалася для абстрэлу Вялікабрытаніі). У 1948 у ЗША адбыўся запуск 2-ступеньчатай вадкаснай Р. «Бампер» (1-й яе ступенню была дапрацаваная Р. Фау-2). У 2-й пал. 1950-х г. адбыўся пераход ад адна- да шматступеньчатых Р. (у СССР Р-7), з дапамогай якіх пачаліся даследаванні касм. прасторы (гл.Касманаўтыка). У Расіі і СССР развіццё Р. звязана з імёнамі А.Дз.Засядка, К.А.Шыльдэра, К.І.Канстанцінава, М.І.Кібальчыча, К.Э.Цыялкоўскага, Ф.А.Цандэра, А.І.Шаргея (Ю.В.Кандрацюк), С.А.Косберга, С.П.Каралёва, В.П.Глушко і інш. Значны ўклад у развіццё ракетабудавання зрабілі інжынеры і вучоныя Г.Гансвінт (Германія), Р.Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годард (ЗША), Г.Оберт і І.Вінклер (Германія), В. фон Браўн (Германія, ЗША).
Літ.:
Ляпунов Б.В. Ракета. 2 изд. М., 1960;
Золин Б.И., Савин Н.В. Основы теории и конструкции ракет. М., 1971;
Киселев С.П. Физические основы аэродинамики ракет. М., 1976;
Князьков В.С., Рожков В.В. Боевые ракеты. М., 1977;
Колесников К.С. Динамика ракет. М., 1980;
Феодосьев В.И. Основы техники ракетного полета. 2 изд. М., 1981;
Бельск і А.М., Ткачоў М.А. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мн., 1992.
У.С.Ларыёнаў, У.М.Сацута.
Схемы ракет: а, б — аднаступеньчатых на цвёрдым і вадкім паліве (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 і 5 — бакі акісляльніку і паліва, 4 — цвёрдае паліва, 6 — турбіна, 7 — камера згарання, 8 — стабілізатар); в — двухступеньчатай з папярочным дзяленнем (1 — карысны груз, 2 — пераходная ферма, РА — рухальны адсек, ПА — паліўны адсек); г — шматступеньчатай з пакетным размяшчэннем ступеняў (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 — паліўныя бакі, 4 — ракетныя рухавікі); д — стратэгічнай сярэдняй далёкасці (1 — галоўка саманавядзення, 2 — баявая частка, 3 — электроннае абсталяванне, 4 — маршавы рухавік, 5 — крыло, 6 — аэрадынамічныя рулі).