ПЛАСТЫЛІ́Н (італьян. plastilina ад грэч. plastos вылеплены),
матэрыял для лепкі. Вырабляецца з ачышчанага і раздробненага парашку гліны з дамешкам воску, тлушчу і інш. рэчываў, якія не дапускаюць высыхання. Афарбоўваецца ў розныя колеры. Выкарыстоўваецца для лепкі эскізаў, невялікіх мадэляў, скульптуры малых форм.
т. 12, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІРО́ЎКА (ад італьян. modellare ляпіць) у выяўленчым мастацтве, перадача аб’ёмна-пластычных і прасторавых уласцівасцей прадметнага асяроддзя сродкамі святлоценявых градацый (жывапіс, графіка) або адпаведнай пластыкай трохвымерных форм (скульптура) з мэтай ідэйна-вобразнай характарыстыкі прадмета, абагульнення, выяўлення і ўзмацнення істотнага і інш. У жывапісе ажыццяўляецца сродкамі колеру, перспектывы, святлаценю, у скульптуры — пластыкай пэўнага матэрыялу. У скульптуры М. — стварэнне твораў з мяккага пластычнага матэрыялу (гліна, пластылін, воск).
т. 9, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПКА ў мастацтве,
1) стварэнне скульптуры з мяккіх пластычных матэрыялаў (гліна, воск, пластылін). Існуе як самастойная тэхніка ў дэкар. і арнаментальнай скульптуры, дэкар -прыкладным мастацтве, і як пачатковая стадыя ў працэсе работы скульптара (выкананне эскізаў і мадэлей). Вырабы ствараюцца шляхам ручной фармоўкі з камяка гліны ці інш. матэрыялу або нанясеннем матэрыялу на метал. каркас спец. інструментамі — стэкамі.
2) Рэльефныя выявы (фігурныя, арнаментальныя) на фасадах і ў інтэр’ерах будынкаў, пераважна адлітыя або адпрасаваныя з гіпсу, бетону і інш. матэрыялаў. Пад Л. разумеюць таксама выяўленне аб’ёму, пластычнай формы ў жывапісе і графіцы.
т. 9, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)