ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,

запасы сыравіны і матэрыялаў, паліва, некат. відаў машын і абсталявання, зерня і інш. прадуктовых тавараў, якія ствараюцца і планамерна папаўняюцца дзяржавай, неабходныя для бесперабойнага функцыянавання эканомікі на выпадак стыхійных бедстваў, патрэб абароны і інш., для пераадолення дыспрапорцый, якія могуць узнікнуць у ходзе развіцця нар. гаспадаркі. Дз. р. Рэспублікі Беларусь складаюць асобы цэнтралізаваны фонд дзяржавы, які пастаянна абнаўляецца. Расходаванне Дз.р. дапускаецца ў выключных выпадках толькі па спец. пастановах і распараджэннях урада.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́РНАЕ СВІДРАВА́ННЕ,

праходка глыбокіх свідравін з мэтай вывучэння геал. будовы пэўнай тэрыторыі і вызначэння напрамку пошукава-разведвальных работ. Выконваецца з адборам керну да глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў (у найб. спрыяльных структурных і стратыграфічных умовах). Адрозніваецца дэталёвым паслойным вывучэннем геал. разрэзу комплексам метадаў: геафіз., літолага-петраграфічных, геахім., гідрагеал., палеанталагічных, геахраналагічных і інш. Да апорнага свідравання таксама належыць свідраванне звышглыбокіх свідравін (да 10—15 км) для вывучэння будовы зямной кары і верхняй мантыі Зямлі. На Беларусі планамерна праводзіцца з 1960-х г. з мэтай вывучэння стрататыпаў геал. падраздзяленняў, тэктанічных структур і адкладаў, перспектыўных на карысныя выкапні (нафта, солі, жал. руды, алмазы і інш.).

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХЕНАЛО́ГІЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + ... логія),

навука пра лішайнікі; раздзел батанікі. Вывучае відавую разнастайнасць лішайнікаў (сістэматыка), іх будову (марфалогія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), роднасныя сувязі (філагенія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), геагр. пашырэнне і гасп. значэнне. Звязана з экалогіяй, медыцынай, прам-сцю. Першыя звесткі пра лішайнікі трапляюцца ў Тэафраста (4—3 ст. да н. э.). Заснавальнік Л. — Э.Ахарыус. На Беларусі першыя апісанні лішайнікаў зроблены С.Б.Юндзілам і Ф.​Блонскім у 19 ст. Планамерна вывучаць ліхенафлору пачалі з 1930-х г. у АН Беларусі і БДУ пад кіраўніцтвам М.​П.​Таміна, які сабраў багаты гербарны матэрыял, выдаў вызначальнікі лішайнікаў Беларусі (1936—38). Даследаванні па Л. (пераважна фларыстычныя і фітацэнатычныя) вядуцца ў Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі (У.​У.​Галубкоў, Н.​М.​Кобзар). Даследуюцца антрапагенныя змены ліхенафлоры і груповак лішайнікаў, вядуцца работы па ліхенаіндыкацыі стану навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Горбач Н.В. Лихенологические исследования в Белоруссии и перспективы их развития // Экология и биология низших растений: Тез. докл. Мн., 1982;

Техногенное загрязнение лесных экосистем Беларуси. Мн., 1995.

У.​У.​Галубкоў.

т. 9, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

працэс стварэння матэрыяльных і духоўных даброт, прызначэннем якіх з’яўляецца максімальнае задавальненне людскіх патрэб. Адрозніваюць вытворчасць індывідуальную (у межах прадпрыемства, фірмы) і грамадскую (як сістэму вытв. сувязей паміж прадпрыемствамі ў межах грамадства). Грамадская вытворчасць акрамя ўласна вытворчасці ўключае спажыванне, размеркаванне і абмен. На функцыянаванне вытворчасці ўплываюць яе аб’ём, цана, грашовая маса, попыт, прапанова, выручка, альтэрнатыўная вартасць, выдаткі, занятасць, інвестыцыі, экспарт, імпарт, валютны курс, схільнасць да спажывання і ашчаджання і інш. З боку паводзін суб’екта гаспадарання ў эканам. сістэме вытворчасць разглядаецца як аб’ект жаданняў, чаканняў, рызыкі, выбару і прыняцця рашэння, з боку функцыянавання — як працэс узаемадзеяння фактараў вытворчасці і іх трансфармацыі ў прадукты. Асн. фактары вытворчасці — зямля, праца, капітал і прадпрымальніцкі талент. Кожнаму з іх адпавядае свая форма даходу (рэнта, заработная плата, працэнт і прадпрымальніцкі прыбытак). Для вытворчасці характэрны падзел працы, які мае 2 бакі — спецыялізацыю і кааперацыю. Вылучаюць 3 узроўні падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства), асобны (паміж прадпрыемствамі), агульны (у межах грамадства).

Эканам. суб’ектам вытворчасці з’яўляецца прадпрымальнік або калектыў. Яго гал. сац. функцыя — арганізацыя высокадаходнай і высокаэфектыўнай вытворчасці. Па меры максімізацыі вытворчасці пэўнага прадукту эфектыўнасць яго выкарыстання зніжаецца. Максімальная велічыня выпуску прадукцыі пры дадзеным аб’ёме выкарыстання фактараў вытворчасць вызначаецца вытв. функцыяй. На развіццё вытворчасці ўплываюць прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны. Развіццё прадукц. сіл ідзе па шляху зніжэння матэрыялаёмістасці (уратоўванне прыроды) і працаёмістасці (уратоўванне чалавека). Чалавек усё больш вызваляецца ад непасрэднага працэсу вытворчасці і становіцца яго рэгуліроўшчыкам. Для развіцця вытв. адносін характэрны кансерватызм, адставанне ад развіцця прадукц. сіл. Гістарычна вядомы 3 формы вытворчасці: натуральная, таварная і планавая. Таварная вытворчасць узнікла з натуральнай, прайшла стадыю простай таварнай вытворчасці і зараз знаходзіцца на стадыі капіталістычнай, якая развіваецца ў планавую. Планамерна грамадская вытворчасць развіваецца толькі там, дзе створаны адпаведныя ўмовы: грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, інфарм. інфраструктура, высокая вытворча-працоўная і эканам. культура ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Звычайна вытворчасць выступае як бесперапынны працэс, г.зн. як узнаўленне вытв-сці. Адрозніваюць 2 асн. тыпы вытворчасці: экстэнсіўны (колькасны прырост сродкаў вытворчасці і рабочай сілы) і інтэнсіўны (якаснае абнаўленне сродкаў вытворчасці і рабочай сілы пры скарачэнні яе колькасці). Для Беларусі апошняга 50-годдзя характэрна пераважна экстэнсіўная вытворчасць. Валавы ўнутр. прадукт краіны ў 1995 склаў 10 304,4 млн. дол. ЗША (Расіі — 364 295 млн. дол.).

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1. Мн., 1952;

Хико Дж.Р. Стоимость и капитал: Пер. с англ. М., 1993;

Современная экономика. Ростов н/Д, 1995;

Рыночное реформирование экономики Беларуси: Темат. сб. Мн., 1996.

Т.​І.​Адамовіч.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТАЦТВАЗНА́ЎСТВА,

1) у шырокім сэнсе — комплекс грамадскіх навук, які вывучае мастацтва: яго асобныя віды, заканамернасці развіцця, сукупнасць пытанняў зместу і формы маст. твораў, маст. культуру грамадства ў цэлым. Уключае літаратуразнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства. Уяўляе сабой адзінства тэорыі, гісторыі мастацтва, мастацкай крытыкі. Тэорыя мастацтва вывучае метады творчага працэсу, прынцыпы кампазіцыйнай і маст. формы, адзінства вобразнага зместу і выяўл. сродкаў, заканамернасці эстэт. ўспрыняцця твораў мастацтва, сінтэз розных відаў мастацтва, узаемасувязі колеру, матэрыялу і інш. Гісторыя мастацтва даследуе агульныя заканамернасці развіцця сусв. мастацтва ад першабытнасці да сучаснасці, мастацтва асобных кантынентаў, рэгіёнаў, краін, творчасць розных суполак, аб’яднанняў, асобных майстроў у розныя эпохі і перыяды.

2) У вузкім сэнсе — навука пра пластычныя мастацтвы, архітэктуру, дызайн і тэхн. эстэтыку. Даследуе маст. творчасць, дае яе эстэт. ацэнку і навук. аналіз, спрыяе эстэт. выхаванню грамадства. У структуры М. вылучаюць раздзелы: іканаграфія, сацыялогія мастацтва, псіхалогія мастацтва, музеязнаўства, рэстаўрацыя і ахова помнікаў (гл. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны) і інш. Звязана з філасофіяй, археалогіяй, нумізматыкай, геральдыкай і інш. навукамі.

Элементы М. вядомы са старажытнасці і разглядаліся ў кантэксце філасофій, л-ры, багаслоўя, гіст. хронік, практычных кіраўніцтваў па рамёствах. Першыя вядомыя вучэнні пра мастацтва распрацоўваліся ў Стараж. Грэцыі Арыстоцелем і Платонам. Пытанні стылістыкі, іканаграфіі, тэхнікі закраналі ў сваіх трактатах скульпт. Паліклет, жывапісцы Еўфранор, Апелес, Памфіл, эвалюцыю грэч. жывапісу — першыя гісторыкі мастацтва Дурыс і Ксенакрат. Апісанні маст. твораў рабілі падарожнікі Палемон і Паўсаній. Больш цэласны і універсальны характар мелі маст. трактаты Стараж. Рыма. Эстэт. зварот да грэч. мастацтва сцвярджалі Цыцэрон і Квінтыліян, прынцыпы ўзаемасувязі арх. формы і буд. канструкцыі — Вітрувій, помнікі мастацтва апісваў Пліній Старэйшы. Здабыткі архітэктуры і мастацтва Усходу змяшчаюць трактаты стараж. і сярэдневяковай Індыі («Чытралакшана», «Шылпашастра», «Манасара», 1—12 ст.), Кітая (Се Хэ, Ван Вэй, Го Сі, 5—11 ст.), Японіі (Нісікава Сукэнобу, Сіба Какана, Кацусіка Хакусай, 18—19 ст.) і інш., краін ісламу (Султан Алі Мешхедзі, Дуст Мухамад, Казі-Ахмед, Садыгі-бек Афшар, 16 — пач. 17 ст.) і інш. У раннім хрысц. мастацтве эстэтыку «хараства свету і майстэрства творцы» распрацоўваў тэолаг Аўгусцін (4—5 ст.).

Пытанні эстэтыкі візант. рэліг. мастацтва закраналі багасловы Іаан Дамаскін і Феодар Студыт (8—9 ст.), якія сцвярджалі яго вял. ролю як матэрыяльнага пасрэдніка да першавобраза — Божага свету. У 12 ст. трактат пра выяўл. і дэкар. мастацтва напісаў Тэафіл (Германія). У 13 ст. ў Францыі цэласную сістэму хрысц. мастацтва стварыў Фама Аквінскі, суадносіны прапорцый у гатычным мастацтве распрацаваў Вілар дэ Анекур. Важным этапам у станаўленні М. стала эпоха Адраджэння. Гуманіст. ідэалы ант. традыцыі ў мастацтве, прызнанне ў асобе мастака творцы сцвярджаў італьянец Ч.​Чэніні («Трактат пра жывапіс», 14 ст.). У 15 ст. акцэнт на навук. прынцып спасціжэння свету і чалавека закладзены ў працах італьянцаў Л.​Гіберці («Каментарыі»), Л.​Б.​Альберціні (работы пра жывапіс, архітэктуру і скульптуру), Франчэска ды Джорджа (пра арх. прапорцыі), А.​Філарэтэ («Трактат пра архітэктуру») і інш. У 16 ст. мастацтвазнаўчыя ідэі ў Італіі выказвалі Леанарда да Вінчы (сумяшчаў тэарэтычныя, ідэйна-вобразныя і метадычныя мэты мастацтва), П.​Арэціна (адзін з першых крытыкаў венецыянскага жывапісу), Дж.​Віньёла, Д.​Барбара, С.​Сермо, А.​Паладыо (распрацоўваў у архітэктуры рэнесансавую ордэрную сістэму на аснове ант.), у Германіі — А.​Дзюрэр («Чатыры кнігі пра прапорцыі чалавека», 1528, і інш.), у Нідэрландах — К. ван Мандэр (біяграфіі нідэрл. жывапісцаў). Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў італьянец Дж.​Вазары («Жыццеапісанні найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550). У 17 ст. пашырылася колькасць трактатаў, аглядаў і апісанняў, прысвечаных мастакам і творам мастацтва розных часоў. У Італіі Дж.​П.​Белоры распрацаваў тэарэт. прынцыпы класіцызму («Жыццеапісанні сучасных жывапісцаў, скульптараў, архітэктараў», 1672). Першы слоўнік тэрмінаў выяўл. мастацтва склаў Ф.​Бальдынучы (Італія). Жывапіс класіцызму даследаваў А.​Феліб’ен, архітэктуру — Ф.​Бландэль (абодва Францыя). Ант. мастацтва даследаваў англічанін Ф.​Юніус («Пра жывапіс старажытных». 1637), раннехрысціянскае — італьянец А.​Бозіо («Падземны Рым», 1634), праблемы каларыту — француз Р. дэ Піль («Да дыскусіі пра каларыт», 1673; «Асновы курса жывапісу», 1708), італьянец М.​Баскіні («Скарбы венецыянскага жывапісу», 1684) і інш. У 18 ст. М. склалася як самаст. навука ў работах І.​Вінкельмана (Германія), які паказаў развіццё ант. мастацтва як адзіны працэс змены маст. стыляў, звязаны з эвалюцыяй грамадства і дзяржавы («Гісторыя старажытнага мастацтва», 1763), англічан У.​Чэмберса (даследаваў англ. готыку), У.​Хогарта («Аналіз хараства», 1754), французаў Ф.​Феліб’ена, К.​Ф.​Кейлюса («Зборы егіпецкіх, этрускіх, грэчаскіх і рымскіх старажытнасцей», т. 1—7, 1767), італьянцаў Л.​Ланцы (апісанні жыцця і творчасці італьян. жывапісцаў з часоў антычнасці), Ф.​Міліцыа («Запіскі пра антычных і новых дойлідаў», 1781; «Слоўнік мастацтва», 1787) і інш. У перыяд Асветніцтва ў работах Д.​Дзідро зарадзілася прафес. маст. крытыка («Салоны», 1759—81, энцыклапедычныя артыкулы і інш.). Ням. філосаф Г.​Лесінг увёў тэрмін «выяўленчыя мастацтвы» і прааналізаваў іх спецыфіку. У 19 ст. на развіццё М. ўплывалі эстэт. канцэпцыі ням. філосафаў І.​Канта, Ф.​Шэлінга, А. і Ф. Шлегеляў, Г.​Гегеля і інш. Пераадольваліся канцэпцыі класічных маст. норм, распрацаваных Г.​Меерам (Германія) і А.​К.​Катрмерам дэ Кенсі (Францыя). Новы погляд на свабоду творчасці і індывідуалізму ўнеслі рамантыкі Дж.​Констэбл (Англія), Э.​Дэлакруа, Ш.​Бадлер (Францыя) і інш. У Германіі першыя спробы стварэння ўсеагульнай гісторыі мастацтва зрабілі Ф.​Куглер, К.​Шназе, А.​Шпрынгер. У Францыі развівалася крытыка дэмакр. кірунку, што выступала ў абарону рэалізму (Т.​Тарэ і інш.). Вял. ролю адыгралі эстэт. погляды англічаніна Дж.​Рэскіна, які імкнуўся адрадзіць гармонію з прыродай і маст. традыцыі сярэднявечча. У канцы 19 ст. ў еўрап. М. абвастрылася барацьба з кансерватыўнай тэндэнцыяй непрыняцця новых маст. кірункаў (імпрэсіянізм, сімвалізм, сезанізм і інш). У Расіі першыя трактаты пра архітэктуру (П.​Яропкін, І.​Корабаў, М.​Зямцоў) і выяўл. мастацтва (І.​Урванаў, П.​Чакалеўскі і інш.) з’явіліся ў 18 ст. У 19 ст. цікавасць да гісторыі нац. мастацтва выявілася ў творах І.​Акімава, П.​Свіньіна, І.​Снегірова, А.​Вастокава, А.​Пісарава. У 20 ст. стылістычны аналіз мастацтва зрабіў І.​Грабар, візант. мастацтва і хрысц. іканаграфію даследавалі Дз.​Айналаў, Н.​Кандакоў, усеагульную гісторыю мастацтва — А.​Бенуа, І.​Цвятаеў, Б.​Фармакоўскі. Важны ўклад у развіццё сав. М. зрабілі М.​Алпатаў, Н.​Гершэнзон-Чагадаева, Грабар, Ю.​Колпінскі, В.​Лазараў, Г.​Недашывін, В.​Палявой, Г.​Вагнер, Б.​Рыбакоў, Дз.​Сараб’янаў, А.​Фёдараў-Давыдаў, У.​Стасаў, У.​Фаворскі і інш. Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі Г.​Апалінэр, А.​Англіўель дэ Ла Бамель, Т.​Бюрале, Д.​Габары (Францыя), Ф.​Вікгоф і М.​Дворжак (Аўстрыя), А. і Л. Вентуры, А.​Баларын. Л.​Белозі (Італія), Я.​Беластоцкі (Польшча), Я.​Гамолка (Чэхія), Э.​Панофскі (ЗША), Э.​Боўнес (Вялікабрытанія) і інш. Сярод тэарэтыкаў сучаснага мастацтва — К.​Малевіч (Расія), У.​Страмінскі (Беларусь—Польшча), П.​Мондрыян (Нідэрланды), Ле Карбюзье (Францыя) і інш. Сучаснае М. ахоплівае шырокае кола праблем мастацтва ўсіх эпох і краін, мае развітую метадалогію, апіраецца на філас.-эстэт. думку, грамадскія і дакладныя навукі. Сярод кірункаў — іканалогія (Э.​Папофскі), даследаванне структуры помнікаў (П.​Франкастэль), псіхалогія творчасці (Э.​Гомбрых), псіхааналіз (Э.​Крыс).

На Беларусі першыя звесткі і выказванні пра мастацтва трапляюцца ў «Словах» Кірылы Тураўскага (11 ст.), прадмовах і пасляслоўях Ф.​Скарыны да ўласных выданняў (16 ст.), некат. прамовах-пропаведзях і трактатах Сімяона Полацкага (17 ст.). Вывучэннем бел. мастацтва ў 19 ст. займаліся пераважна прафес. мастакі, якія напісалі шэраг прац мастацтвазнаўчага характару: К.​Ельскі (трактат «Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу», 1822), А.​Шэмеш («Успаміны пра Дамеля», 1845), В.​Смакоўскі («Валенты Ваньковіч», 1845), А.​Ромер (вывучаў бел. нар. дэкар.-прыкладное мастацтва, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы), а таксама У.​Сыракомля (апісаў маст. творы, якія знаходзіліся ў 19 ст. ў храмах Мінска) і інш. Матэрыялы пра бел. мастацтва змяшчаў час. «Атэнэум», што выдаваўся ў Вільні. У 1920-я г. ў перыяд. друку з’яўляліся даследаванні пра гравюры ў выданнях Скарыны і В.​Вашчанкі, выдадзены «Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва» М.​Шчакаціхіна, перакладзены працы ням. мастацтвазнаўца А.​Іпеля, прысвечаныя самабытнасці бел. мастацтва. Манаграфіі пра набіванку (крашаніну) выдалі А.​Шлюбскі і І.​Фурман, пра гравюры С.​Юдовіна — Фурман, пра мастакоў Віцебска — І.​Гаўрыс. Вял. ролю ў развіцці бел. М. адыграў Інстытут беларускай культуры і дзейнасць аднаго з яго заснавальнікаў — Шчакаціхіна. Матэрыялы па праблемах мастацтва змяшчалі час. «Искусство», «Полымя», «Маладняк», «Трыбуна мастацтва», у 1930-я г.газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Чырвоная Беларусь», «Мастацтва і рэвалюцыя». У Зах. Беларусі тэарэт. працы па эстэт. задачах мастацтва пісаў Ф.​Рушчыц, па тэорыі фотамастацтва — Я.​Булгак. У «Нарысах па гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі» (1940) зроблена спроба вызначыць асн. этапы развіцця бел. выяўл. мастацтва і даць характарыстыку творчасці вядучых мастакоў. З канца 1940-х г. вывучэнне бел. мастацтва вядзецца планамерна і мэтанакіравана. Важнае значэнне ў развіцці бел. М. мела стварэнне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускай акадэміі мастацтваў і інш. Вял. ўклад у развіццё бел. М. зрабілі А.​Аладава, М.​Арлова, А.​Воінаў, Н.​Высоцкая, В.​Гаўрылаў, П.​Герасімовіч, Л.​Дробаў, І.​Елатомцава, В.​Жук, Ю.​Карачун, М.​Кацар, А.​Лявонава, А.​Лакотка, П.​Масленікаў, М.​Нікалаеў, М.​Раманюк, Я.​Сахута, А.​Сурскі, У.​Чантурыя, В.​Церашчатава, Т.​Чарняўская, Р.​Шаура, В.​Шматаў, Ю.​Якімовіч, М.​Яніцкая і інш. Праблемы розных відаў мастацтва даследавалі і даследуюць А.​Атраховіч, М.​Баразна, В.​Буйвал, Л.​Вакар, П.​Васілеўскі, Э.​Вецер, Т.​Габрусь, Т.​Гаранская, В.​Гаршкавоз, М.​Гугнін, В.​Каваленка, П.​Карнач, Б.​Крэпак, А.​Кулагін, В.​Лабачэўская, Б.​Лазука, Л.​Лапцэвіч, Л.​Налівайка, Э.​Петэрсон, І.​Паньшына, А.​Пікулік, У.​Пракапцоў, Э.​Пугачова, У.​Рынкевіч, Г.​Сакалоў-Кубай, Л.​Салавей, А.​Сяліцкі, В.​Трыгубовіч, Н.​Трыфанава, Л.​Фінкельштэйн, М.​Цыбульскі, М.​Шамшур, А.​Ярашэвіч і інш. Артыкулы па гісторыі і тэорыі мастацтва, нарысы пра творчасць мастакоў, агляды выставак друкуюцца ў час. «Мастацтва», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газ. «Культура», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і інш.

Літ.:

Базен Ж. История истории искусства: От Вазари до наших дней: Пер. с фр. М., 1995;

Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 10, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)