плазменны генератар, газаразрадная прылада для атрымання патокаў нізкатэмпературнай плазмы.
Пашыраны дугавыя (магутнасць да 10 МВт) і высокачастотныя (да 1 МВт) П. У дугавым П. рабочы газ (напр., вадарод, аргон, азот) ператвараецца ў плазму пры праходжанні праз сціснутую эл. дугу з высокай канцэнтрацыяй энергіі. У высокачастотных П. газ награваецца за кошт віхравых высокачастотных (ці ЗВЧ) токаў. Стабілізацыя разраду ў П. ажыццяўляецца магн. полем, газавым віхрам, які абдзімае дугу, і інш. Выкарыстоўваецца ў плазменнай металургіі, для плазменнай апрацоўкі матэрыялаў, у плазмахім. тэхналогіі.
Плазматроны: а — дугавы; б — індукцыйны; 1 — крыніца сілкавання; 2 — разрад; 3 — плазменны струмень; 4 — электроды; 5 — разрадная камера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЭ́ (Альфрэд Львовіч) (н. 8.9.1933, Мінск),
бел. вучоны ў галіне цепла- і масаабмену. Д-ртэхн.н. (1984), праф. (1992). Засл. вынаходнік СССР (1978). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское інж. вучылішча (Ленінград, 1956). З 1959 у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» Нац.АН Беларусі (з 1990 заг. лабараторыі). Навук. працы па плазменным абсталяванні і плазменных тэхналогіях. Распрацаваў плазменны рэактар з шматструменнай камерай змешвання і тэхналогію перапрацоўкі таксічных, радыеактыўных і быт. адходаў.
Тв.:
Применение низкотемпературной плазмы в технологии неорганических веществ. Мн., 1973 (разам з У.В.Пячкоўскім);
Обработка дисперсных материалов в плазменных реакторах. Мн., 1980 (разам з І.С.Буравым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІ́ЦА (Пётр Леанідавіч) (8.7.1894, г. Кранштат, Расія—8.4.1984),
савецкі фізік, адзін з заснавальнікаў фізікі нізкіх тэмператур і фізікі моцных магнітных палёў. Акад.АНСССР (1939, чл.-кар. 1929) і многіх замежных АН і навук. т-ваў. Двойчы Герой Сац. Працы (1945, 1974). Скончыў політэхн.ін-т у Петраградзе (1918). У 1921—34 у навук. камандзіроўцы ў Вялікабрытаніі, дзе праводзіў даследаванні пад кіраўніцтвам Э.Рэзерфарда. Арганізатар і першы дырэктар (1935—46 і з 1955) Ін-та фіз. праблем АНСССР. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы і тэхніцы звышмоцных магн. палёў, фізіцы і тэхніцы нізкіх т-р, электроніцы вял. магутнасцей, фізіцы высокатэмпературнай плазмы. У 1928 выявіў у моцных магн. палях лінейную залежнасць эл. супраціўлення шэрагу металаў ад напружанасці поля (Капіцы закон). Адкрыў звышцякучасць вадкага гелію (1938). Распрацаваў спосаб звадкавання паветра пры дапамозе турбадэтандэра, новы тып магутнага звышвысокачастотнага генератара. Устанавіў, што пры высокачастотным разрадзе ў шчыльных газах утвараецца стабільны плазменны шнур з т-рай электронаў 105—106 К. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943. Нобелеўская прэмія 1978. Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР 1959.
Тв.:
Эксперимент. Теория. Практика: Ст. и выступл. 4 изд. М., 1987.