Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛАС,
1) сукупнасць гукаў чалавека або жывёл з лёгачным дыханнем, утвораных з дапамогай галасавога апарату. Голас фарміруецца ў гартані; сілу і афарбоўку набывае за кошт верхніх (глотка, поласць рота, носа, прыдаткавыя пазухі) і ніжніх (трахеі, бронхі) рэзанатараў. Характарызуецца аб’ёмам, вышынёй, сілай, тэмбрам. Адрозніваюць голас гутарковы і пеўчы. Гутарковы голас праходзіць стадыі, якія адпавядаюць развіццю чалавека: ад голасу нованароджаных і немаўлят да голасу састарэлых людзей, калі адбываецца звужэнне дыяпазонаў гукаў па вышыні і па сіле. Пеўчы голас характарызуецца вышынёй, дыяпазонам, сілай і тэмбрам (афарбоўкай). Адрозніваюць пеўчы голас бытавы («непастаўлены») і прафес. («пастаўлены»). Пастаўлены ад прыроды пеўчы голас сустракаецца даволі рэдка; як правіла, прыдатным для прафес.муз. практыкі голас становіцца ў выніку спец. пастаноўкі. Вызначальныя якасці пеўчага голасу — прыгажосць тэмбру, сіла і здольнасць доўга трымаць гук. Оперна-канцэртны голас павінен быць моцным, добра чутным у вял. залах на фоне арк. суправаджэння, валодаць т.зв. палётнасцю. Пеўчы голас мае некалькі рэгістраў. У мужч. голасе вылучаюць грудны рэгістр у ніжняй частцы дыяпазону і фальцэтны ў верхняй, у жаночым — грудны, галаўны (у верхняй частцы дыяпазону) і цэнтральны (медыум, галаўное і грудное гучанне). Тыпы голасу класіфікуюць паводле тэмбру і вышыні: высокі жан. голас — сапрана (найб. высокі — каларатурнае сапрана), сярэдні — мецца-сапрана, нізкі — кантральта; высокі мужч. голас — тэнар, сярэдні — барытон, нізкі — бас. У кожным тыпе больш высокія і светлыя па гучанні голасу маюць назву лірычных, больш нізкія, густыя і цёмныя — драматычных. Асн. форма гукавядзення пеўчага голасу — звязнае спяванне, аснова кантылены.
2) Пэўная меладычная лінія ў шматгалосым муз. Творы.
3) Партыя асобнага інструмента, харавой групы, выпісаная з партытуры твора для яго развучвання і выканання.
4) Матыў, мелодыя песні.
Літ.:
Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КЛЯ Іван, бел.пеўчы 17 ст. Служыў у Полацкім Богаяўленскім манастыры. У 1656 паводле ўказа цара Аляксея Міхайлавіча запрошаны з сям’ёй у Маскву з абяцаннем «аддзякаваць за службу», а ў тым выпадку, калі ён не пажадае працаваць у Маскве, адпусціць яго назад у Полацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРА́НА (італьян. soprano ад sopra над, звыш),
1) самы высокі пеўчы (у асн. жаночы ці дзіцячы) голас. Асн. разнавіднасці С.: драм., лірычнае і каларатурнае; а таксама лірыка-драм., лірыка-каларатурнае і інш. 2) Самая высокая партыя ў мяшаным хоры.
3) Высокія па рэгістры разнавіднасці некат. муз. інструментаў (сапранавыя труба, саксафон і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НТАР (ад лац. cantor спявак),
першапачаткова пеўчы ў касцёле, пазней — спявак у прыдворнай капэле, настаўнік музыкі ў каталіцкіх і пратэстанцкіх духоўных навуч. установах, гар. школах. У пратэстантаў К. ствараў таксама музыку для царк. службаў і гар. урачыстасцей і кіраваў муз. выкананнем. Часам К. узначальваў усё муз. жыццё горада (да канца 18 ст.; напр., І.С.Бах). У яўр. сінагозе — гал. спявак хору (наз. таксама хазан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́СКАНТ (ад дыс... + лац. cantus спевы),
1) від шматгалосся 12—15 ст. Першапачаткова тэрмін абазначаў 2-галоссе ў сінхронным рытме («нота супраць ноты») і пераважна з супрацьлеглым рухам галасоў.
2) Высокі дзіцячы пеўчы голас з дыяпазонам c1—a2, а таксама яго партыя ў хоры ці вак. ансамблі.
3) Верхні голас у 4-галосым выкладанні (тое, што сапрана).
4) Дышкант — высокі саліруючы галас у данскіх казацкіх песнях і песнях усх. абласцей Украіны і Беларусі (наз. таксама падводка, гаравік).
5) У 16—17 ст. назва самага высокага інструмента ў сям’і (напр., Д.-віёла, Д.-трамбон і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СА (Lasso) Арланда ды [сапр.Ралан дэ Ласю (Roland de Lassus); каля 1532, г. Монс, Бельгія — 14.6.1594], нідэрландскі кампазітар; найб. значны прадстаўнік нідэрландскай школы. Працаваў у Палерма, Неапалі, Рыме, Антверпене. З 1556 пеўчы, з 1563 кіраўнік прыдворнай капэлы ў Мюнхене. Творча пераўтвараў і абагульняў характэрныя рысы нідэрл., ням., франц., італьян.муз. культуры. Майстар хар. поліфаніі. Стварыў больш за 2 тыс. свецкіх і духоўных твораў — мадрыгалы, віланелы, песні, месы, магніфікаты, матэты, псалмы і інш., насычаныя глыбокім і шматвобразным эмацыянальна-псіхал. зместам. Узбагаціў выразныя сродкі поліфаніі строгага стылю. Яго музыцы ўласцівы меладычная насычанасць галасоў, шырокае выкарыстанне нар.-песеннага тэматызму, зварот да прыёмаў гамафоннага пісьма. Прадвызначыў паяўленне манодыі. Узоры поліфанічнага мастацтва змешчаны ў зб. матэтаў «Magnum opus musicum» (т. 1—6, 1604). Сярод вучняў Дк.Габрыэлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРМАЛО́ГІЙ, ірмалагіён, ірмалой, ермалой,
зборнік ірмосаў праваслаўнага богаслужэння. Як аднажанравая пеўчая кніга склаўся ў 10 ст. ў Візантыі. Яго структура падпарадкавана сістэме асмагласся; унутры кожнага гласу ірмосы размешчаны ў паслядоўнасці 9 песень канона, выкладзеных знаменным спевам. У Расіі існуюць І. богаслужэбны, з поўнымі слоўнымі тэкстамі канонаў, і пеўчы, які ўключае толькі ірмосы нядзельных і святочных канонаў, сядмічных службаў Актоіха і інш. песнапенні. Поўны І. уключае каля 1050 ірмосаў. Першыя друкаваныя зб-кі — «Ірмалагіён» (1700, Львоў) і «Ірмалогій нотнага спеву» (1772).
Найб. ранняе ўпамінанне пра бел. І. адносіцца да 15 ст. У канцы 16 ст. на Беларусі і Украіне склаўся тып паўд.зах. І. ў ноталінейным выкладанні. Ён значна багацейшы ў жанравых адносінах, акрамя ірмосаў уключае святочныя песнапенні ўсяго царк. гадавога круга, у т. л. з Актоіха, Святаў і Абіходу, выкладзеныя знаменным, кіеўскім, балг. і мясц. спевамі. Захавалася некалькі дзесяткаў бел. аднагалосых І. 16—18 ст. і больш позніх. Яны вылучаюцца дэмакратызмам, імкненнем да індывідуалізацыі, часам выяўленчасцю мелодыі, выкарыстаннем муз. сімволікі. Вядомы Супрасльскі І. (1598—1601), магілёўскія, віцебскія, віленскія, куцеінскія, нова-іерусалімскія, жыровіцкія, слуцкія і інш. І., выкладзеныя нац.мясц. спевамі, што сведчыць пра існаванне ў тагачаснай Беларусі шматлікіх пеўчых школ. Бываюць І. практычнай накіраванасці (простыя, без аздаблення) і святочныя (па-мастацку аформленыя, багата ўпрыгожаныя застаўкамі, ініцыяламі, мініяцюрамі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМО́ЎСКІЯ,
расійскі дваранскі род укр. паходжання, прадстаўнікі якога займалі значныя дзярж. і дыпламат. пасады ў 18—1-й пал. 19 ст. Вялі радаслоўную ад укр. казака Рыгора Розума, чыё змененае прозвішча (або мянушка) стала іх родавым прозвішчам. Найб. вядомы: сын Рыгора Розума Аляксей Рыгоравіч Р. (28.3.1709, с. Лемяшы Чарнігаўскай вобл., Украіна — 17.7.1771), граф.(1744), ген.-фельдмаршал (1756). З 1731 пеўчы прыдворнай укр. капэлы. Фаварыт, з 1742 таемна вянчаны муж імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Адстойваў ва ўрадзе Расіі інтарэсы ўкр. казацкай старшыны, спрыяў аднаўленню гетманства на Левабярэжнай Украіне. З 1762 у адстаўцы. Яго брат Кірыла Рыгоравіч Р. (29.3.1728, нарадзіўся там жа — 15.1.1803), граф (1744), ген.-фельдмаршал (1764). Апошні гетман Левабярэжнай Украіны (1750—64). Прэзідэнт Пецярбургскай АН (1746—98; у час знаходжання за мяжой у 1766—98 яго замяшчалі дырэктары). У час гетманства абмежаваў у інтарэсах казацкай старшыны сял. пераходы, правёў суд. рэформу 1760—63, заахвочваў развіццё ўкр. культуры. Сын Кірылы Рыгоравіча Р. Аляксей Кірылавіч Р. (23.9.1748, С.-Пецярбург — 17.4.1822), граф. Міністр нар. асветы (1810—16). Яго брат Андрэй Кірылавіч Р. (2.11.1752, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 23.9.1836), князь (1815), дыпламат. З 1777 на дыпламат. службе. Рас. пасол у Аўстрыі (1790—99, 1801—07) і некат. інш. дзяржавах. Адзін з кіраўнікоў (першы ўпаўнаважаны) рас. дэлегацыі на Венскім кангрэсе 1814—15.