ПЕ́ЦІ ((Petty) Уільям) (26.5.1623, г. Ромсі, Вялікабрытанія — 16.12.1687),

англійскі эканаміст, адзін з заснавальнікаў класічнай палітэканоміі. Атрымаў мед. адукацыю ва ун-тах Лейдэна, Парыжа, Оксфарда. Д-р фізікі (1649), праф. анатоміі і музыкі (1651). У творах «Трактат аб падатках і зборах» (1662), «Палітычная арыфметыка» (1676), «Некалькі слоў наконт грошай» (1682) і інш. даследаваў унутр. заканамернасці вытв-сці; лічыў крыніцай багацця сферу вытв-сці. Аўтар тэорыі прац. вартасці, на падставе якой аналізаваў праблему заработнай платы, прыбытку, зямельнай рэнты і інш. Лічыў капіталіст. лад натуральным і вечным. Навук. палажэнні яго вучэння атрымалі развіццё ў працах А.Сміта і Д.Рыкарда.

Тв.:

Рус. пер. — Экономические и статистические работы. Т. 1—2. М., 1940.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пеці У. 8/427

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́ЧНАЯ ЭКАНО́МІЯ,

навука, якая вывучае асновы грамадскай вытв-сці, законы яе функцыянавання і развіцця, праблемы вытв-сці, размеркавання, абмену, спажывання матэрыяльных затрат на розных ступенях развіцця грамадства. Тэрмін «П.э.» ўвёў франц. эканаміст А.​Манрэцьен («Трактат палітычнай эканоміі», 1615). Як самастойная навука сфарміравалася ў перыяд станаўлення капіталізму і атрымала развіццё ў працах прадстаўнікоў класічнай школы (У.​Пеці, Ф.​Кенэ, А.​Сміт, Д.​Рыкарда і інш.). У сярэдзіне 19 ст. ўзнікла марксісцкая П.э. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. склаліся аўстр., кембрыджская, матэм. і інш. школы П.э. Асн. кірункі сучаснай эканам. думкі: кейнсіянства, інстытуцыяналізм, неакласічны кірунак.

т. 12, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАГРА́ФІЯ (ад грэч. dēmos народ + ...графія),

навука аб народанасельніцтве і заканамернасцях яго развіцця. Па матэрыялах статыстыкі вывучае: рух і развіццё насельніцтва (нараджальнасць, смяротнасць, прырост, міграцыйныя працэсы, прагноз яго колькасці, складу, размеркавання, шлюбнасць, сям’ю, дзярж. і грамадскія ступені ўплыву на дэмаграфічныя працэсы); насельніцтва і эканам. развіццё (суадносіны эканам. і дэмаграфічнага росту, праблемы і крытэрыі занятасці, дэмаграфічныя праблемы выкарыстання прац. рэсурсаў, іх прафес. і кваліфікацыйны склад, эканам. ўмовы развіцця і ўзнаўлення насельніцтва); насельніцтва і прыродныя рэсурсы і інш. Падзяляецца на дэскрыптную (апісвае насельніцтва на аснове стат. звестак), эканамічную і сацыяльную (даследуе сувязі паміж дэмаграфічнымі, эканам. і сац. працэсамі), гістарычную (гісторыя развіцця народанасельніцтва), матэматычную (апісвае дэмаграфічныя працэсы і структуры з дапамогай матэм. мовы), патэнцыяльную (агульную колькасць чалавека-гадоў, якія належыць пражыць людзям, што ўваходзяць у пэўную сукупнасць), вайсковую (вайсковы патэнцыял краіны ў сувязі з эканам. і тэхн. патэнцыялам, яго выкарыстанне ў мірны і ваен. час) і інш. Цесна звязана з этнаграфіяй, экалогіяй, біяметрыяй, генетыкай народанасельніцтва і інш. Праз метады стат., матэм. і ўласна дэмаграфічныя Д. распрацоўвае тэорыю ўзнаўлення насельніцтва, дэмаграфічныя прагнозы, абгрунтоўвае дэмаграфічную палітыку. Найб. поўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца перапіс насельніцтва.

Пачынальнікам навукі Д. лічыцца Дж.​Граўнт (1620—74). Вялікі ўклад у развіццё Д. зрабілі англ. (У.​Пеці, Т.​Р.​Мальтус, Г.​Спенсер), ням. (І.​П.​Зюсмільх, В.​Лексіс, Г.​Ф.​Кнап, Р.​Р.​Кучынскі), франц. (А.​Дэпарсьё, Ж.​Бертыльён), амер. (Р.​Пірл, А.​Дж.​Лотка), галанд. (В.​Керсебом), швед. (П.​В.​Варгенцін), бельг. (А.​Кетле), рас. (Д.​Бернулі, М.​В.​Ламаносаў, Л.​Эйлер, І.​Ф.​Герман, К.​Ф.​Герман, В.​І.​Грабеншчыкоў, В.​Я.​Бунякоўскі, Г.​В.​Пляханаў, М.​В.​Птуха, С.​А.​Навасельскі) вучоныя.

На Беларусі дэмаграфічныя даследаванні пачаліся ў 1880-я г. (праводзілі медыкі-гігіеністы Л.​І.​Галынец, А.​А.​Бекарэвіч, В.​В.​Кошалеў, С.​М.​Урванцоў). У савецкі час аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923 і 1926, натуральны рух насельніцтва, асаблівасці яго ўзнаўлення, пытанні сям’і і шлюбу і інш. (С.​Слупскі, Д.​М.​Паслаўскі, С.​Я.​Вальфсон, Б.​Я.​Смулевіч). У 1960—70-я г. гал. цэнтрам вывучэння дэмаграфічных пытанняў стаў НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. Дэмаграфічнымі пытаннямі займаюцца Камітэты па народанасельніцтве і міграцыі; міграцыйная служба, НДІ і аддзелы дэмаграфіі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу, Мін-ве працы, Нац. АН. Праблемы Д. даследуюць А.А.Ракаў, С.А.Польскі, Л.П.Шахоцька, Л.​І.​Спіжанкоў, Б.​А.​Манак, М.​Р.​Юркевіч, А.​Н.​Пешкава, Г.​Ц.​Максімаў, І.​В.​Насонава і інш.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)