ПЕ́РЦАВЫ ГРЫБ (Suillus piperatus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. пераважна ў хвойных лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 3—6 см, пукатая, ліпкая, жоўта-маркоўна-бурая. Мякаць шчыльная, бура-жоўтая, перцава-горкая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя, жоўтыя або іржава-бурыя з шырокімі порамі. Ножка цыліндрычная, каля асновы звужаная. Споры верацёнападобныя, жоўта-бурыя. Неядомы.

Перцавы грыб.

т. 12, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЦАВЫ БЕ́РАГ, Малагета,

участак узбярэжжа Атлантычнага ак. ў Афрыцы, у Ліберыі, паміж мысамі Мезурада і Пальмас. Нізінны, плоскі, лагуннага тыпу. Пераважаюць вільготныя экватарыяльныя лясы і мангравыя зараснікі. Назва ад гвінейскага перцу (малагеты), які вывозіўся адсюль у мінулым.

т. 12, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗДЫ́,

шапкавыя базідыяльныя грыбы з роду млечнік сям. сыраежкавых. Вядома больш за 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя грузд сапраўдны, або хрушчак (Lactarius resimus), расце пераважна ў яловых і бярозавых лясах; грузд жоўты (L. scrobiculatus), расце ў вільготных месцах ў хваёвых лясах; грузд чорны, або чарнуха (L. necator), вельмі пашыраны, расце ў бярозавых і мяшаных лясах; грузд перцавы, або кароўка, малачай (L. piperatus), часцей трапляецца ў дубовых лясах. Мікарызаўтваральнікі. Ядомыя. Спажываюцца салёныя. Грузд перцавы выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне для лячэння нырачнакаменнай хваробы.

Растуць групамі. Пладаносяць у ліп.—верасні. Шапка дыяметрам да 20 см, пукатая, потым лейкападобная, часцей з апушаным завернутым уніз краем. Мякаць шчыльная з едкім млечным сокам (таму перад засолкай вымочваюць або адварваюць). Пласцінкі зыходныя або прырослыя. Ножка цыліндрычная, кароткая, у спелых грыбоў пустая (у грузда перцавага — суцэльная). Споры шарападобныя або шырокаавальныя.

Грузды: 1 — перцавы; 2 — жоўты; 3 — сапраўдны; 4 — чорны; 5 — асінавы.

т. 5, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАСЁН (Persicaria),

род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмерана цёплых і трапічных абласцях Паўн. паўшар’я, таксама ў Паўд. Амерыцы. На Беларусі 8 дзікарослых відаў: Д. земнаводны, або вадзяная грэчка (P. amphibia), перцавы, або вадзяны перац (P. hydropiper), раскідзісты (P. lapathifolia), ільняны (P. linicola), плямісты (P. maculata), малы (P. minor), мяккі (P. mitis), шурпаты (P. scabra). Растуць у вадзе, па берагах рэк і вадаёмаў, у сырых лясах як пустазелле. Як дэкар. расліну вырошчваюць Д. усходні (P. orientalis).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным, іншы раз апушчаным у ваду раўнамерна аблісцелым сцяблом. Лісце звычайна ланцэтнае, на кароткіх чаранках, з раструбам, у водных формаў — эліптычнае ці ланцэтна-яйцападобнае, голае і гладкае, на доўгіх чаранках. Кветкі ружовыя, ружова-белыя, белаватыя ці зеленаватыя, двухполыя, сабраныя ў верхавінкавыя гронкападобныя суквецці, размешчаны пучкамі ў похвах прыкветнікаў-раструбаў на кароткіх кветаножках. Плод — арэшак. Лек., кармавыя і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 6, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)