НЕ́СЦЕРКА,
герой бел. нар. казак. Разумны і спрытны бядняк, які ў любых сітуацыях знаходзіць выйсце, можа перахітрыць і паноў. Казкі з героямі, падобнымі да Н. (сюжэтны тып АТ * 847 «Залатое стрэмечка»), ёсць у рус., літ. і польск. фальклоры. На аснове бел. казак пра дасціпнага і знаходлівага бедняка В.Вольскі напісаў прасякнутую яркім нац. гумарам камедыю «Несцерка».
т. 11, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ВЕНСКІ ЗБО́РНІК»,
рукапісны літаратурны зборнік 1-й трэці 18 ст. Складзены ў Ковенскім езуіцкім калегіуме. Апісаны А.Брукнерам і Я.Карскім (рукапіс загінуў у 1944 у Варшаве). Зборнік уключаў «аргумент» (пераказ гіст. падзей, пакладзеных у аснову твора), масленічную драму пра жыццё і смерць рым. імператара Нерона (паст. 1731), бел. інтэрмедыі «Селянін, вучань», «Селянін і вучань-уцякач», «Літаратар, селянін, Самахвальскі», «Гульня Фартуны» і інш. Інтэрмедыі адметныя завершанасцю жанравай формы, іх гал. герой — бел. селянін, кемлівы, вынаходлівы, здольны ашукаць (перахітрыць) паноў, шляхціцаў, «мудрых» вучоных, студэнтаў і нават чорта. Герой надзелены жывой, набліжанай да гутарковай, мовай.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 192—199.
А.В.Мальдзіс.
т. 8, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)