ЧУЛКО́Ў Міхаіл Дзмітрыевіч (1743 або 1744, Масква — 4.11.1792),
рускі пісьменнік, гісторык, этнограф, эканаміст. Быў акцёрам, прыдворным лакеем, чыноўнікам Сената; у 1779 атрымаў спадчыннае дваранства. Аўтар зб. шахрайскіх навел і чарадзейна-рыцарскіх аповесцей «Перасмешнік, або Славенскія казкі» (ч. 1—5, 1766—89), у якім упершыню ў рус. л-ры выкарыстана слав. міфалогія, затым сістэматызаваная ім у спец. міфалагічных слоўніках (самы поўны «Абэвэга рускіх забабонаў...», 1786). Яго твор «Прыгожая паварыха, або Прыгода распуснай жанчыны» (1770, няскончаны) — першая спроба рус. шахрайскага рамана, напісанага ад асобы гераіні. Складальнік «Збору розных песень» (т. 1—4, 1770—74), «Слоўніка рускіх забабонаў» (1782). Працаваў над зборам заканад. актаў і інш. дакументаў пра гандаль «Гістарычнае апісанне расійскай камерцыі...» (т. 1—7, 1781—88).
Тв.:
У кн.: Поэты XVHI в. Л., 1958. Т. 1;
Стихотворная сказка (новелла) XVIII — нач. XIX вв. Л., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае Вялікія Антыльскія (Куба, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Ямайка), Багамскія, Малыя Антыльскія а-вы, Трынідад; уваходзіць у біягеаграфічнае царства Неагею. Флора прадстаўлена пераважна трапічнымі лясамі, ёсць і інш. фармацыі расліннасці. Фауна тыповая для астравоў. Наземных млекакормячых мала (6 родаў). Эндэмічнае сям. шчыліназубаў з 2 відамі. З грызуноў нутрыевыя і загуці. Трапляюцца астраўны апосум і янот. Многа рукакрылых (24 роды, з іх 4 эндэмічныя): вампіры (14 родаў), пладаедныя, рыбаедныя, лісцяносыя, лістабародыя і інш. У арнітафауне 150 родаў, з іх 38 эндэмічных, у т. л.сям. тодзі (пляскатадзюбы) з атр.ракшападобных. Сярод калібры, трагонаў, зязюль, тыранаў і інш. каля 25% эндэмікаў. Найбольш эндэмікаў на Ямайцы. Сярод паўзуноў некалькі відаў чарапах, 2 віды кракадзілаў (адзін эндэмічны на Кубе), шматлікія яшчаркі (22 роды, з іх 7 эндэмічных, у т. л. рыючыя амфісбены), змеі (19 родаў з 4 эндэмічнымі відамі). З амфібій трапляюцца жабы (5 родаў, у т. л.квакшы, паўднёваамер. свістуны і кароткагаловыя жабы — эндэмікі Кубы). Сярод прэснаводных рыб — панцырны шчупак (на Кубе), хромісы, жывародныя і яйцародныя карпазубыя (на Гаіці і Кубе), гамбузія. Разнастайнасць насякомых невялікая. Шмат наземных малюскаў, паходжанне якіх мае сувязі з афр. і азіяцкімі відамі. Натуральныя ландшафты вобласці моцна парушаны дзейнасцю чалавека, таму многія віды жывёл зніклі або на мяжы знікнення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕКімя С.У.Абразцова.
Створаны ў 1931 у Маскве, з 1981 акад., з 1992 імя С.У.Абразцова, які ў 1931—92 узначальваў т-р. Рэпертуар эстр.-канцэртнай, героіка-рамант., сатыр. накіраванасці, разлічаны на дзіцячую і дарослую аўдыторыю. Сярод спектакляў для дзяцей: «Кот у ботах» Г.Уладычынай (1937), «Церам-Церамок» С.Маршака (1940), «Вясёлыя медзведзяняты» М.Паліванавай (1945), «Хітры Вожык» Н.Гернет і Я.Спяранскага (1979), «Маўглі» паводле Р.Кіплінга (1987), «Тыграня Петрык» Гернет паводле Г.Янушэўскай і Я.Вількоўскага (2000), «Братка Трусік» Б.Галдоўскага паводле Дж.Харыса (2003), для дарослых: «Чароўная лямпа Аладзіна» Гернет (1940), «Кароль-алень» Спяранскага паводле К.Гоцы (1943), «Звычайны канцэрт» А.Бондзі і З.Герта (1946, 1952; яго новая рэдакцыя — «Незвычайны канцэрт» Абразцова, Бондзі, З.Папернага, Герта і У.Кусава, 1968), «Боская камедыя» І.Штока (1961), «Шлягер, шлягер, толькі шлягер» А.Хайта (1985), «Геракл» М.Барценева (1994), «Камедыя памылак» У.Шэкспіра (1998), «Вялікі перасмешнік» Галдоўскага і К.Абразцовай па кн. Абразцова «Па прыступках памяці» (2001), «Тыль» Р.Горына (2002) і інш. У трупе т-ра ў розныя гады нар.арт.СССР Герт, нар.арт. Расіі Кусаў, С.Самадур, Спяранскі, засл. арт. Расіі Н.Абразцова, І.Зайцаў, І.Мазінг, Е.Сінельнікава, К.Успенская, рэж. К.Абразцова, Ф.Віёлін, А.Дзеннікаў, маст. Б.Тузлукаў, А.Спешнева. З 1937 пры т-ры працуе музей тэатр. лялек. На фасадзе будынка т-ра ўстаноўлены гадзіннік з заваднымі лялькамі — адна са славутасцей Масквы.
Літ.:
Смирнова Н.И. Театр Сергея Образцова. М., 1971;
Хорт А., Голдовский Б. Не только куклы. М., 2001;
Духанина Л. Кукольное братство двадцатого века // Куклы и театр. М., 2002.
Цэнтральны тэатр лялек імя С.У.Абразцова Гадзіннік на фасадзе будынка тэатра.