ПЕРАСЕ́КІНА (па мужу Бажутава) Таіса Васілеўна
(н. 7.7.1941, г. Краснаармейск Саратаўскай вобл., Расія),
бел. спартсменка (самалётны спорт). Засл. майстар спорту СССР (1967). З 1969 у Мінскім аб’яднаным авіяатрадзе Бел. ўпраўлення грамадз. авіяцыі. Чэмпіёнка свету ў адвольным комплексе, сярэбраны прызёр па вышэйшым пілатажы ў мнагабор’і (1966, Масква). Абс. чэмпіёнка СССР па вышэйшым пілатажы (1965, 1966).
т. 12, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЛЁТНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на самалётах; адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае спаборніцтвы на самалётах розных катэгорый з поршневымі, турбавінтавымі і рэактыўнымі рухавікамі на ўстанаўленне рэкордаў скорасці, вышыні, далёкасці, працягласці, хуткаўздымнасці і грузападымальнасці; спаборніцтвы на 1-месных спарт. і 2-месных вучэбных самалётах з поршневымі і рэактыўнымі рухавікамі па выкананні фігур вышэйшага пілатажу (у т. л. паветраная акрабатыка) у палётах прамым, абернутым, па крузе; у самалётаваджэнні па маршруце, удзень і ўначы.
Узнік у пач. 20 ст. Міжнар. авіяц. федэрацыя засн. ў 1905 (Парыж), Усерасійскі аэраклуб — у 1908 (Пецярбург). Чэмпіянаты свету па вышэйшым пілатажы праводзяцца з 1960 раз у 2 гады. Найб. развіты С.с. у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Расіі, Францыі, Швейцарыі і інш.
На Беларусі спаборніцтвы па С.с. праводзяцца штогод з 1949. Зборная каманда — сярэбраны прызёр 19-га асабіста-каманднага чэмпіянату СССР (1972). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся В.Аўсянкін, Т.Перасекіна, Я.Фралоў, В.Яікава і інш.
т. 14, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)