Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЙНІ́ЗМ,
рэлігійна-філасофскае вучэнне, пашыранае ў Шры-Ланцы і Індыі. Узнікла ў Індыі каля 6 ст. да н.э. Заснавальнікам лічыцца Вардхамана, празваны Джынай (пераможцам). Джайны пакланяюцца сваім паўміфічным прарокам як божаствам. Паводле вучэння Дж., не існуе адзінага бога-творца, сусвет бясконцы і нікім не створаны, усе істоты маюць жыватворчы пачатак — душу. Вял. значэнне надаецца прынцыпу ахімсы — непрычыненню зла жывому. У чалавека вызначаюцца 2 сутнасці: матэрыяльная (цела) і духоўная (душа). Выратавання і вечнай асалоды можа дасягнуць толькі той, хто верыць у ісціннасць вучэння, выконвае правілы, выпрацаваныя ў Дж., маўкліва скараецца лёсу. Існуюць 2 асн. кірункі Дж.: дыгамбары (адмаўляюцца ад усіх спакус жыцця) і шветамбары (прапаведуюць менш строгі падыход да жыцця).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРЫШЧА́НА»,
помнік бел. перакладной л-ры. Папулярны рыцарскі раман. Перакладзены на бел. мову ў 2-й пал. 16 ст. з сербскай крыніцы (апошняя з італьян. арыгінала). Бел. пераклад збярогся ў Пазнанскім рукапісным зборніку. У аснове твора — паэт. кельцкая легенда пра ўзнёслае каханне рыцара Трыстана і каралевы Ізольды (у бел. рэдакцыі — Трышчана і Іжоты), што ў шматлікіх літ. апрацоўках на працягу стагоддзяў бытавала сярод народаў Еўропы. «Аповесць пра Трышчана» — класічны ўзор жанру рыцарскага рамана, пабудаванага на авантурна-прыгодніцкай фабуле і любоўнай інтрызе. Гал. герой — ідэальны рыцар, які служыць прыгожай даме і праводзіць свой час у няспынных прыгодах і рыцарскіх турнірах. У барацьбе за прыгожую Іжоту, дачку ірландскага караля, якую герой здабывае ў паядынках з рознымі сапернікамі свайму дзядзьку, каралю Марку, Трышчан выходзіць пераможцам. Аднаго ён не можа пераадолець — сваіх пачуццяў да Іжоты. Каханне прыносіць героям вял. пакуты: Іжота належыць каралю Марку, сеньёру Трышчана, і становіцца яго жонкай. У зах.-еўрап. версіях легенды зроблена спроба знайсці выйсце: гал. герой жэніцца на другой Ізольдзе. Аднак такі ўчынак прыносіць новыя пакуты закаханым. Усёпаглынальная любоўная страсць паскарае заўчасную смерць гал. герояў. Фінал твора гучыць як гімн вял. каханню. У бел.-сербскай «Аповесці пра Трышчана» падзеі заключнай часткі выкладзены інакш: Трыстан не жэніцца з другой жанчынаю, а застаецца верны сваёй каханай да канца, дзеянне ў творы не даведзена да трагічнага фіналу. У бел. апрацоўцы асн. ўвага сканцэнтравана на апісанні незвычайных прыгод, паядынкаў і рыцарскага гераізму Трышчана; аптыміст. канец лепш стасуецца з агульнай ідэйна-маст. канцэпцыяй аповесці, у якой, насуперак аскетычным прынцыпам хрысціянства, апяваюцца пачуцці і перажыванні чалавека, яго зямныя радасці і страсці, паэтызуецца пераможная сіла кахання. «Аповесць пра Трышчана» — унікальны слав. варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай легенды, каштоўны помнік бел.літ. мовы 16 ст. Перакладзена на сербскахарвацкую (Бялград, 1966), англ. (Лідс, 1977; Нью-Йорк, 1988), італьян. (Фларэнцыя, 1983) мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЯ БІ́ТВА 1514,
адбылася пад Оршай (Віцебская вобл.) паміж войскамі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы.
Неўзабаве пасля капітуляцыі Смаленска перад рус. войскамі (жн. 1514) вял.кн. маскоўскі Васіль III паслаў 80-тысячнае войска з коннікаў, дваран і «дзяцей баярскіх» на чале з кн. М.І.Булгакавым-Голіцам і І.А.Чалядніным у напрамку Оршы і Друцка. Паводле польскіх гісторыкаў, кароль польскі і вял. князь ВКЛ Жыгімонт І Стары сабраў апалчэнне ВКЛ пад камандаваннем вял. гетмана ВКЛкн. К.І.Астрожскага (16 тыс. коннікаў), 14 тыс. польскіх коннікаў, 3 тыс. наёмнай пяхоты, атрады паноў з Малой Польшчы і шляхціцаў-добраахвотнікаў з Вял. Польшчы (2500 коннікаў). Паводле звестак рускага гісторыка М.К.Любаўскага, польскіх коннікаў было 4 тыс., а частка польскіх салдатаў засталася ў Бярэсці і Барысаве. Жыгімонт застаўся ў Барысаве з 4-тысячным войскам, а асн. сілы (больш за 30 тыс.чал.) на чале з Астрожскім пайшлі пад Оршу. Атрадамі войска камандавалі Ю.Радзівіл, Я.Свярчоўскі і інш. Папярэднія баі адбыліся 27.8.1514 на р. Бярэзіна, пазней на р. Друць. Перад бітвай рус. войска пераправілася на левы бераг Дняпра і стала паміж Оршай і Дуброўнам на р. Крапіўна. Частка конніцы князя Астрожскага без страт пераправілася цераз Дняпро. Вышэй па цячэнні па наплаўным мосце раку перайшлі пяхота, конніца і артылерыя. Астрожскі павёў войска ў атаку на палкі Булгакава-Голіцы. Чаляднін у бой не ўступіў, а калі ўдар абрынуўся на яго палкі, то ад бою ўхіліўся Булгакаў-Голіца. Пад выглядам адступлення Астрожскі ўцягнуў праціўніка ў пагоню і вывеў яго пад агонь сваіх замаскіраваных гармат. Пасля гэтага ён зноў нанёс удар па палках Булгакава-Голіцы, якія былі разбіты і часткова трапілі ў палон. Былі разгромлены і палкі Чалядніна. У рус. войску пачалася паніка. Многія з уцекачоў загінулі ў Дняпры і Крапіўне. Паводле летапісаў і звестак рускіх гісторыкаў, рус. войска страціла 40 тыс.чал. У палон трапілі Булгакаў-Голіца, Чаляднін і яшчэ 8 ваявод, 17 інш. военачальнікаў, 2 тыс. «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тыс. воінаў. Пераможцам раздалі 20 тыс. трафейных коней і палавіну абозу. Аршанская бітва — адна з буйнейшых бітваў на тэр. Еўропы ў пач. 16 ст. Перамога ў ёй дала магчымасць вярнуць Дуброўну, Мсціслаў і Крычаў. Смаленск узяць не ўдалося, аднак пасля бітвы да 1518 не адбывалася ўварванняў маск. войскаў на Беларусь. Пра бітву была складзена бел. песня, якая праслаўляла кн. Астрожскага, на тэму Аршанскай бітвы ў 1520—30-я г. напісана батальная карціна (аўтар невядомы, зберагаецца ў Нац. музеі ў Варшаве) — першая ва Усх. Еўропе.
Літ.:
Грыцкевіч А., Трусаў А. Бітва пад Оршай // Мастацтва Беларусі. 1990. № 8;
Военная энциклопедия. Пг., 1914. Т. 17. С. 186—187;
Грыцкевіч А. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. // Спадчына. 1992. № 6;
Зимин А.А. Россия на пороге нового времени. М., 1972. С. 166—167;
Zarys dziejów wojskowosci polskiej do roku 1864. Warszawa, 1965 Т. 1. S. 333—336. Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. Т. 2. S. 378—384.