Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ ХВАЛЬ, рэфракцыя хваль,
змена напрамку распаўсюджвання хвалі ў неаднародным асяроддзі, абумоўленая залежнасцю фазавай скорасці хвалі ад каардынат. Разглядаецца як асобная (незалежная ад дыфракцыі хваль) з’ява толькі ў межах прамянёвага апісання хвалевых працэсаў (гл.Геаметрычная оптыка, Геаметрычная акустыка). Адрозніваюць П.х. на плоскай ці плаўна выгнутай мяжы падзелу аднародных асяроддзяў і П.х. у плаўна неаднародным асяроддзі.
Пры пераламленні плоскай монахраматычнай хвалі на плоскай мяжы падзелу аднародных асяроддзяў напрамкі распаўсюджвання падаючай і пераломленай хваль падпарадкоўваюцца закону Снэля (гл.Пераламлення паказчык). На мяжы падзелу анізантропных асяроддзяў, дзе фазавая скорасць хвалі залежыць ад напрамку яе распаўсюджвання, адной падаючай хвалі могуць адпавядаць некалькі пераломленых хваль (гл.Падвойнае праменепераламленне). Пры рэзкіх межах падзелу асяроддзяў П.х. суправаджаецца адбіццём хваль. Суадносіны амплітуд падаючай, адбітай і пераломленай хваль залежаць ад прыроды і палярызацыі хваль і вызначаюцца Фрэнеля формуламі. Рэфракцыяй хваль тлумачацца многія з’явы прыроды: міражы, гукавыя каналы ў атмасферы і ў акіяне, звышдалёкая радыёсувязь і інш.Гл. таксама Пераламленне святла, Сейсмічныя хвалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ СВЯТЛА́,
змена напрамку распаўсюджвання аптычнага выпрамянення (святла) пры яго праходжанні праз мяжу падзелу двух асяроддзяў.
Для працяглай плоскай мяжы падзелу аднародных ізатропных асяроддзяў пераломлены прамень ляжыць у плоскасці, якая праходзіць праз прамень і нармаль да мяжы падзелу, вуглы падзення α і пераламлення β падпарадкоўваюцца закону Снэля: sinα /sinβ = n2/n1, дзе n1 і n2 — абсалютныя пераламлення паказчыкі 1-га і 2-га асяроддзя адпаведна. П.с. суправаджаецца таксама адбіццём святла. Суадносіны інтэнсіўнасцей падаючага, адбітага і пераломленага праменяў залежаць ад вуглоў падзення і пераламлення, а таксама ад палярызацыі падаючага праменя (гл.Фрэнеля формулы). Пры любых вуглах падзення, адрозных ад 0, П.с. суправаджаецца зменай стану палярызацыі святла, што выкарыстоўваецца для атрымання лінейна-палярызаванага святла (гл.Брустэра закон). На законах П.с. заснавана будова аптычных прылад, якія служаць для змены напрамку светлавых праменяў і атрымання відарысаў аптычных, напр., мікраскопаў, тэлескопаў, спектрографаў, фотаапаратаў. Гл. таксама Падвойнае праменепераламленне.
В.В.Валяўка.
Да арт.Пераламленне святла: 1 — падаючы прамень; 2 — пераломлены прамень; 3 — нармаль да паверхні падзелу асяроддзяў I і II; α — вугал падзення; β — вугал пераламлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБІЦЦЁ ХВА́ЛЯЎ,
перавыпрамяненне хваляў перашкодамі са зменай напрамку іх распаўсюджвання. Адбываецца на непразрыстых целах, у якіх хвалі такой прыроды не распаўсюджваюцца, і неаднароднасцях асяроддзяў. Звычайна на мяжы падзелу асяроддзяў з рознымі ўласцівасцямі разам з адбіццём хваляў адбываецца і пераламленне хваляў. Інтэнсіўнасць адбітай хвалі характарызуецца каэфіцыентам адбіцця, які залежыць ад прыроды хваляў і іх палярызацыі, уласцівасцяў асяроддзяў, вугла падзення і роўны адносіне патокаў энергіі адбітай хвалі і той, што падае. Пры люстраным адбіцці хваляў на плоскіх межах падзелу выконваюцца законы, якія супадаюць з законамі адбіцця святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЫПРАМЯНЕ́ННЕ СО́НЦА,
выпрамяненне розных слаёў Сонца ў радыёдыяпазоне. Адрозніваюць: радыёвыпрамяненне спакойнага Сонца (амаль не мяняецца з цягам часу; абумоўлена цеплавым выпрамяненнем электронаў у эл. полі іонаў няўзбуранай атмасферы Сонца), выпрамяненне актыўных абласцей у атмасферы над сонечнымі плямамі (павольна мяняецца з цягам часу, мае таксама цеплавы характар), спарадычнае Р.С., звязанае з ваганнямі плазмы пры праходжаннях праз яе касм. прамянёў у час храмасферных успышак. У сонечнай кароне адбываецца моцнае паглынанне і пераламленне радыёхваль — на метровых хвалях яркасная т-ра кароны дасягае мільёна кельвінаў, на больш кароткіх хвалях яна значна меншая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁХВА́ЛІ,
электрамагнітнае выпрамяненне, даўжыня хвалі якога ўмоўна большая за 50 мкм. Працэсы выпрамянення, распаўсюджвання і пераўтварэння Р. вывучае радыёфізіка і радыётэхніка.
Існаванне Р. эксперыментальна даказана Г.Герцам (1888). Адрозніваюць Р., узбуджаныя штучнымі крыніцамі (радыёперадатчыкамі), і Р., якія паступаюць ад пазаземных крыніц ні выкліканы маланкай. Р. ад штучных крыніц умоўна падзяляюць па даўжыні хвалі (частаце) на дыяпазоны (гл.Радыёчастоты), з іх дапамогай перадаюць інфармацыю, вызначаюць адлегласці да аб’ектаў і інш. Энергію такіх Р. можна канцэнтраваць у вузкі пучок з дапамогай накіраваных антэн ці радыёхваляводаў. Р. выкарыстоўваюцца ў радыёсувязі, радыёлакацыі, радыёастраноміі і інш.Гл. таксама Адбіццё хваляў, Выпрамяненне і прыём радыёхваль, Дыфракцыя хваль, Інтэрферэнцыя хваль, Палярызацыя хваль, Пераламленне хваль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБІЦЦЁ СВЯТЛА́,
частковае ці поўнае вяртанне ў першае асяроддзе светлавога патоку, які падае на мяжу двух асяроддзяў з рознымі паказчыкамі пераламлення. Адбівальная здольнасць цела залежыць ад аптычных уласцівасцяў сумежных рэчываў, даўж. хвалі λ святла, якое падае, і якасці адбівальнай паверхні.
Калі няроўнасці паверхні падзелу меншыя за λ, наглядаецца люстраное адбіццё святла. Пры гэтым выконваюцца 2 законы адбіцця святла: адбіты прамень S′ ляжыць у адной плоскасці з праменем S, што падае, і перпендыкулярам ON да адбівальнай паверхні ў пункце падзення; вугал адбіцця Z′ роўны вуглу падзення α (рыс. 1). Калі няроўнасці адбівальнай паверхні большыя за λ, святло адбіваецца па ўсіх напрамках у межах паўсферы — дыфузнае адбіццё (рыс. 2). У 1954 Ф.І.Фёдаравым адкрыта з’ява перпендыкулярнага да плоскасці падзення зруху адбітага пучка святла (гл.Фёдарава зрух). Асобны выпадак адбіцця святла — поўнае ўнутранае адбіццё. Памяншэнне адбіцця святла дасягаецца прасвятленнем оптыкі; для павелічэння адбіцця на люстраныя паверхні наносяць метал. дыэлектрычныя пакрыцці. Гл. таксама Пераламленне святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛАМЛЕ́ННЯ ПАКА́ЗЧЫКабсалютны, адносіны скорасці святла (c) у вакууме да фазавай скорасці святла (v) у дадзеным асяроддзі: n = c/v. Залежыць ад хім. саставу асяроддзя, яго стану (т-ры, ціску і інш.) і частаты святла (гл.Дысперсія хваль). З дыэлектрычнай (ε) і магнітнай пранікальнасцямі (μ) звязаны суадносінамі:
. Адносны П.п. — адносіны фазавых скарасцей святла (ці хваль інш. прыроды) у 1-м (vi) і ў 2-м (v2) асяроддзях:
(Снэля закон) і ў той жа час адносіны сінуса вугла падзення (α) да сінуса вугла пераламлення (β):
(гл.Пераламленне святла). З абсалютнымі П.п. асяроддзяў звязаны суадносінамі
. Для анізатропных асяроддзяў П.п. залежыць ад напрамку распаўсюджвання выпрамянення і яго палярызацыі. Паглынальныя асяроддзі апісваюцца камплексным П.п. (гл.Металаоптыка, Паглынанне святла, Паглынанне хваль).
Да арт.Пераламлення паказчык: n−sinα/sinβ — паказчык пераламлення; α і β — вуглы падзення і пераламлення адпаведна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЯ О́ПТЫКА,
раздзел нейтроннай фізікі, які вывучае хвалевыя ўласцівасці нейтронаў і працэсы распаўсюджвання нейтронных хваль у рэчывах і палях.
У адпаведнасці з карпускулярна-хвалевым дуалізмам нейтрон можа паводзіць сябе як часціца з энергіяй E і імпульсам або як хваля з частатой
, даўжынёй хвалі λ = 2πh/p і хвалевым вектарам
, дзе h — Планка пастаянная. Хвалевыя ўласцівасці найб. выяўлены ў нейтронаў з малымі кінетычнымі энергіямі (гл.Павольныя нейтроны). Гэтымі ўласцівасцямі тлумачыцца пераламленне і адбіццё нейтронных пучкоў на мяжы падзелу двух асяроддзяў, поўнае адбіццё (пры пэўных умовах) ад мяжы падзелу, дыфракцыя на неаднароднасцях асяроддзя і на яго перыядычнай структуры. Для некаторых рэчываў пры адбіцці і пераламленні назіраецца палярызацыя нейтронаў, што вельмі падобна на ўзнікненне кругавой палярызацыі святла ў аптычна актыўных асяроддзях. У рэчывах, дзе спіны ядраў арыентаваны (палярызаваны) у адным напрамку, назіраецца ядз. прэцэсія нейтронаў, абумоўленая ядз. псеўдамагн. полем (гл.Ядзерная оптыка). Калі даўжыня хвалі нейтрона параўнальная з адлегласцю паміж атамамі (ядрамі) крышталёў, назіраецца дыфракцыя нейтронаў, аналагічная дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў.
На Беларусі даследаванні па асобных пытаннях Н.о. праводзяцца ў НДІядз. даследаванняў пры БДУ.
Літ.:
Крупчицкий П.А. Фундаментальные исследования с поляризованными медленными нейтронами. М., 1985;
Барышевский В.Г. Ядерная оптика поляризованных сред. М., 1995.