ПЕРАКСІ́ДНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у малекуле якіх ёсць група з 2 злучаных атамаў кіслароду. Падзяляюць на арганічныя і неарганічныя.

Арганічныя П.з. маюць пераксігрупу —O—O—, непасрэдна злучаную з атамамі вугляроду. Адрозніваюць пераксіды арганічныя, гідрапераксіды (агульная ф-ла ROOH, дзе R — арган. радыкал), ацылгідрапераксіды, ці пераксікіслоты (надкіслоты), RC(O)OOH і азаніды. Вадкасці (метылпераксід CH3OOCH3 — газ) ці цвёрдыя рэчывы. Дрэнна раствараюцца ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. Пры награванні, у прысутнасці прымесей (асабліва цяжкіх металаў і іх солей) раскладаюцца; тэрмоліз звычайна прыводзіць да ўтварэння свабодных радыкалаў (ROM​0 ці RCO—O​0). Моцныя акісляльнікі, лёгка загараюцца (некаторыя выбухованебяспечныя). Удзельнічаюць у біял. працэсах (напр., акісленні ліпідаў, біясінтэзе простагландзінаў). Атрымліваюць уздзеяннем на арган. рэчывы кіслароду (аўтаакісленне), азону (азанаванне), неарган. і арган. пераксідаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці палімераў (ініцыятары полімерызацыі, вулканізавальныя агенты), для адбельвання тканін і харч. прадуктаў, як дабаўкі да маторнага паліва, у арган. сінтэзе. Неарганічныя П.з. падзяляюць на простыя (пераксіды, супераксіды, азаніды, гідрапераксіды) і комплексныя (пераксікіслоты, пераксасальваты і інш.). Найпрасцейшае і найб. пашыранае П.з. — пераксід вадароду. Пераксіды (злучэнні шчолачных металаў і металаў II групы перыяд. сістэмы, акрамя берылію), супераксіды, ці надпераксіды (злучэнні шчолачных і шчолачна-зямельных металаў), і азаніды — іонныя злучэнні, іх крышт. рашоткі складаюцца з іонаў металаў і малекулярных аніёнаў O2−2, O​2 і O​3 адпаведна. Акісляльнікі. Пры награванні лёгка раскладаюцца з вылучэннем кіслароду. У прам-сці выпускаюць натрыю пераксід, пераксіды барыю BaO2 (гл. Барыю злучэнні) і кальцыю CaO2, супераксіды натрыю NaO2 і калію KO2. Выкарыстоўваюць як акісляльнікі, адбельвальнікі (напр., у тэкст., харч., цэлюлознапапяровай прам-сці), крыніцы кіслароду для рэгенерацыі паветра, кампаненты ракетнага паліва і інш.

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДПЕРАКСІ́ДЫ,

гл. ў арт. Пераксідныя злучэнні.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКСІ́ДЫ АРГАНІ́ЧНЫЯ,

арганічныя пераксідныя злучэнні, у якіх пераксігрупа злучана з 2 атамамі вугляроду. Маюць агульную ф-лу ROOR′, дзе R,R′ — арган. радыкалы. Паводле прыроды радыкалаў адрозніваюць пераксіды алкілаў і аралкілаў, цыклічныя (напр., 1,2-дыаксетан і яго вытворныя), дыацылпераксіды (напр., бензаілу пераксід), пераксідныя вытворныя карбанільных злучэнняў, а таксама элементаарган. пераксіды, у якіх адзін ці абодва радыкалы далучаны да пераксігрулы праз гетэраатам (фосфару, серы, крэмнію і інш.).

Да арт. Пераксіды арганічныя: а — 1,2-дыаксетан; б — 1,2-дыаксетандыён.

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЕР ((Baeyer) Адольф) (31.10.1835, Берлін — 20.8.1917),

нямецкі хімік. Скончыў Берлінскі ун-т (1858). З 1872 праф. Страсбургскага, з 1875 Мюнхенскага ун-таў. Ажыццявіў поўны сінтэз індыга і ўстанавіў яго будову (1878—83). Даследаваў фталевыя, тэрпенавыя, пераксідныя, нітроза- і аксоніевыя злучэнні. Стварыў тэорыю напружанасці цыклічных злучэнняў (Баера тэорыя), якая тлумачыць іх стабільнасць. У 1910 уведзены памятны медаль Баера за дасягненні ў галіне арган. хіміі. Нобелеўская прэмія 1905.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)