Пентод 1/203; 6/476; 8/375
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТО́Д [ад грэч. pente пяць + (электр)од],
пяціэлектродная электронная лямпа. Мае катод, анод і 3 сеткі (кіравальную, экранную і антыдынатронную, ці ахоўную). З’явіўся як далейшае развіццё тэтрода. Выкарыстоўваецца для генерыравання (гл. Генератарная лямпа) і ўзмацнення нізка- і высокачастотных эл. сігналаў, фарміравання рознай формы эл. ваганняў у індыкатарных прыладах і інш.
т. 12, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАРНАЯ ЛЯ́МПА,
электронная лямпа для пераўтварэння энергіі пастаяннага (радзей пераменнага) току ў энергію эл. ваганняў.
Генератарныя лямпы адрозніваюць паводле дыяпазону частот, колькасці электродаў (трыёд, тэтрод, пентод і інш.), магутнасці, што рассейваецца анодам (малой магутнасці — да 50 Вт, сярэдняй — да 5 кВт, вялікай — больш за 5 кВт), роду работы (неперарыўнага дзеяння і імпульсныя), канструкцыі балона (шкляныя, металашкляныя, металакерамічныя) і інш.; генератарная лямпа для дэцыметровага і больш высокачастотных дыяпазонаў хваль маюць уласную рэзанансную вагальную сістэму (клістрон, лямпа адваротнай хвалі, лямпа бягучай хвалі, магнетрон і інш.). Выкарыстоўваюцца ў радыёперадатчыках рознага прызначэння, вымяральнай тэхніцы, прамысл. устаноўках індукцыйнага нагрэву і інш.
т. 5, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)