ДАРО́ШКА (Пятро Ануфрыевіч) (24.12.1910, с. Тупічаў Чарнігаўскай вобл., Украіна),

украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ун-т (1933). Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Перад навальніцай» (1935), «Жывыя крыніцы» (1960), «След» (1971) і інш. арганічна спалучаны публіцыстычны пафас і мяккі лірызм, паэтызуюцца краса роднай зямлі і чысціня пачуццяў. У аповесці «Лясная Гута» (1964), рамане «Не паўтары маю долю» (1968) вострыя маральна-этычныя праблемы. Аўтар паэм-прысвячэнняў М.​Чарнышэўскаму «Вілюйскі вязень» (1955) і Т.​Шаўчэнку «Спалох уначы» (1965), кніг твораў для дзяцей, зб. апавяданняў і ўспамінаў «Ад зары да зары» (1987). Пераклаў на ўкр. мову творы П.​Броўкі, Я.​Коласа, Я.​Купалы, П.​Панчанкі. На бел. мову яго творы пераклалі М.​Аўрамчык, М.​Гамолка, К.​Кірэенка.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1980;

Бел. пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія. Мн., 1975. Т. 1.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЯ́НСКІЯ МО́ВЫ,

група роднасных моў, агульным продкам якіх з’яўляецца праславянская мова. Належыць да сям’і індаеўрапейскіх моў. Найб. блізкія да С.м. балтыйскія мовы. Пашыраны на тэр. Еўропы і Азіі. Носьбітамі С.м. з’яўляюцца каля 350 млн. чалавек. У славяназнаўстве ў залежнасці ад геагр. лакалізацыі, асаблівасцей гіст. развіцця вылучаюць 3 слав. моўныя групы: усх,слав., зах.-слав. і паўд.-славянскую. Да ўсх.-слав. групы адносяцца: беларуская мова, руская мова, украінская мова. Зах.-слав. група аб’ядноўвае польскую мову, чэшскую мову, славацкую мову, сербалужыцкія мовы і мёртвую палабскую мову. Да паўд.-слав. групы належаць балгарская мова, македонская мова, сербская мова, харвацкая мова, славенская мова, мёртвая стараславянская мова. Існуюць і т.зв. слав. літ. мікрамовы, якія функцыянуюць на вельмі абмежаванай тэр.: русінская, кашубская, усх.-славацкая, ляшская і інш.

С.м. ўяўляюць сабой вельмі блізкую групу роднасных моў у параўнанні з інш. індаеўрап. мовамі. Гэта праяўляецца ў лексіцы, структуры слова, словаўтваральных сродках, граматыцы, сінтаксісе, семантыцы. Аднак паміж імі існуюць і значныя адрозненні, што абумоўлена іх рознымі шляхамі развіцця ў апошнія паўтары тыс. гадоў. Напр., лексічны склад многіх С.м. адрозніваецца запазычаннямі з інш. неслав. моў: турцызмы ў балг. мове, германізмы ў чэшскай, літуанізмы ў беларускай і г.д. Пісьменнасць у славян існуе на аснове 2 азбук: слав. (гл. Кірыліца) і лац. (гл. Лацінскі алфавіт). Слав. азбука служыць усім усх. славянам, балгарам, сербам. македонцам. Зах. славяне, харваты, славенцы карыстаюцца лац. алфавітам. Для абазначэння некат. спецыфічных слав. гукаў, якія не маюць у лац. алфавіце адпаведных літар, ужываюцца розныя надрадковыя знакі або спалучэнні літар.

Працэс пераходу праслав. мовы ў самастойныя С.м. гістарычна звязаны з узнікненнем ранніх слав. феад. дзяржаў на значнай тэр. Паўд.-Усх. і Усх. Еўропы ў апошнія стагоддзі 1-га тыс. н.э. У розныя гіст эпохі колькасць і суадносіны С.м. мяняліся. Так, у наш час мёртвай з’яўляецца стараслав. мова, якая раней мела важнае культ. і культавае значэнне ў жыцці славян, зрабіла істотны ўплыў на фарміраванне і развіццё інш. С.м. (асабліва паўд. і ўсх.). Рус., бел. і ўкр. мовы існуюць як самастойныя з 14 ст.; яны развіліся з адной старажытнарускай мовы, якая раней абслугоўвала патрэбы моўных зносін усіх усх. славян. Знікла палабская мова, на якой размаўляла слав. насельніцтва. што жыло ў басейне р. Лаба (Эльба). У выніку актыўнай германізацыі палабы перайшлі на ням. мову. З другога боку, македонская мова як самаст. літ. мова сфарміравалася ў 20 ст., у 19 ст. былі аб’яднаны ў моўных адносінах сербы і харваты. У канцы 20 ст. адбылося разыходжанне сербскай і харвацкай моў, адзначаны намаганні моваведаў Босніі і Герцагавіны ў стварэнні т.зв. басняцкай (баснійскай) мовы.

Літ.:

Кондрашов Н.А. Славянские языки. 2 изд. М., 1962;

Нахтигал Р. Славянские языки. М., 1963;

Славянские языки. М., 1977;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 14, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)