Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНІК (Knautia),
род кветкавых раслін сям. варсянкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, асабліва ў Міжземнамор’і і Зах. Азіі. На Беларусі 1 від — П. палявы (K. arvensis). Трапляецца ў лясах, на лугах, палях, уздоўж дарог.
П. палявы — шматгадовая карэнішчавая расліна выш. да 1 м, густа ўкрытая шчаціністымі валаскамі. Сцёблы прамастойныя. Лісце лірападобнае або перыстараздзельнае, супраціўнае, прыкаранёвае і ніжняе сцябловае звужана ў доўгі чаранок, верхняе — сядзячае. Кветкі дробныя, ліловыя, блакітна-бэзавыя ў галоўчатых суквеццях. Плод — сямянка. Фарбавальная, меданосная расліна.