сканцэнтраванне вытв-сці падобных відаў прадукцыі на буйных прадпрыемствах, у межах невял. рэгіёна. Адрозніваюць тэхналагічную форму К.в. — павелічэнне адзінкавай магутнасці асн.тэхнал. абсталявання; заводскую — узбуйненне прадпрыемства за кошт павелічэння колькасці адзінак абсталявання; арганізацыйна-гаспадарчую — адм. і гасп. аб’яднанне некалькіх дробных прадпрыемстваў у адно вытворчае аб’яднанне. У залежнасці ад узроўню канцэнтрацыі прадпрыемствы падзяляюцца на дробныя, сярэднія і буйныя. У буйных прадпрыемствах зніжаюцца капітальныя ўкладанні на адзінку вытв. магутнасці; расце прадукцыйнасць працы, зніжаецца сабекошт адзінкі прадукцыі за кошт памяншэння ўмоўна-пастаянных выдаткаў, паўней вырашаюцца пытанні сац. развіцця калектыву. У той жа час буд-ва буйных прадпрыемстваў патрабуе вял. аднаразовых інвестыцый і тэрмінаў іх будаўніцтва, што прыводзіць да «замарожвання» аддачы інвестыцый. З ростам К.в. павялічваюцца трансп. расходы, узнікае абмежаванасць сыравінных рэсурсаў у гэтым раёне, памяншаецца патрэбнасць у дадзенай прадукцыі, што зніжае эфект К.в. Тэндэнцыяй развіцця К.в. ва ўмовах рыначнай эканомікі з’яўляецца павелічэнне долі малых прадпрыемстваў, якія садзейнічаюць стабілізацыі спажывецкага рынку, пераадоленню манапалізму, стварэнню канкурэнцыі, дадатковых рабочых месцаў, вырашэнню экалагічных праблем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСКА́Д (франц. cascade),
1) у садова-паркавым мастацтве і ландшафтнай архітэктуры — сістэма вадаспадаў, якія ствараюцца вадаёмамі, размешчанымі на розных узроўнях. У паркавых кампазіцыях дэкар. вырашэнне К. узбагачаецца арх. элементамі (паркавыя К. на італьян. вілах 16—18 ст., у Петрадварцы і інш.) і прыроднымі формамі з натуральнага каменю. Штучныя К. набываюць маляўнічасць і дэкаратыўнасць у спалучэнні з кветкамі, дэкар.-лісцевымі раслінамі. На Беларусі ў выглядзе дэкар. К. аформлены вадаскід на вадасховішчы «Крыніца» пад Мінскам, шэраг К. створаны на Сляпянскай воднай сістэме.
2) К. узмацнення — радыётэхнічная прылада, якая мае ўзмацняльны элемент (напр., электронную лямпу, паўправадніковую прыладу), ланцугі нагрузкі і сувязі з папярэднімі і наступнымі К. Звычайна ўзмацняльнік мае некалькі К., злучаных паслядоўна.
3) К. электрамашынны — агрэгат з дзвюх ці больш эл. машын, звязаных паміж сабой механічна і электрычна ці толькі электрычна. Выкарыстоўваецца для плаўнага рэгулявання частаты вярчэння эл. рухавіка ў электрапрыводах сярэдняй і вял. магутнасці.
4) К. гідраэлектрастанцый — сукупнасць гідраэлектрастанцый, размешчаных паслядоўна ўздоўж цячэння ракі. Дазваляе паўней выкарыстоўваць энергет. рэсурсы ракі, павысіць ступень рэгулявання сцёку і інш. 5) У пераносным сэнсе — імклівы, нястрымны паток чаго-н., напр., слоў, гукаў і інш.
А.В.Сычова (у садова-паркавым мастацтве і ландшафтнай архітэктуры).
Фантан «Каскад» у г. Петрадварэц Ленінградскай вобл.