ПАЎЛЬ ((Paul) Герман) (7.8.1846, Зальбке, каля г. Магдэбург, Германія — 29.12.1921),
нямецкі мовазнавец-германіст. Выкладаў ва ун-тах Фрайбурга (з 1874; праф.) і Мюнхена (1893—1916). Адзін з асн. тэарэтыкаў школы младаграматызму, асн. пастулаты якой сфармуляваў у кн. «Прынцыпы гісторыі мовы» (1880). Аўтар прац па праблемах гісторыі герм. моў, «Слоўніка нямецкай мовы» (1897), «Граматыкі нямецкай мовы» (т. 1—5, 1916—20). Разам з В.Браўне заснаваў і рэдагаваў час. «Beiträge zur Geschichte der deutschen Sprache und Literatur» («Пытанні гісторыі нямецкай мовы і літаратуры», з 1874). Пад рэд. і пры ўдзеле П. выдавалася калект. праца «Асновы германскай філалогіі» (т. 1—3, 1891—93, з 1911 аднайм. серыя манаграфій), якая змяшчала багаты матэрыял па герм. філалогіі і этнаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЬ ((Paul) Вольфганг) (10.8.1913, Лорэнцкірх, Германія — 7.12.1993),
нямецкі фізік. Чл.Герм. акадэміі прыродазнаўчых навук «Леапальдзіна» (1964). Скончыў Тэхн.ун-т у Берліне (1937). З 1937 ва ун-це г. Кіль, з 1944 у Гётынгенскім ун-це (з 1950 праф.), з 1952 у Бонскім ун-це (дырэктар Фіз. ін-та). Адначасова ў 1979—89 прэзідэнт Фонду імя А.Гумбальта. Навук. працы па фізіцы малекулярных пучкоў, фізіцы высокіх энергій, спектраметрыі. Распрацаваў эл.-магн. прыстасаванне для ізалявання і ўтрымлівання іонаў у малым аб’ёме свабоднай прасторы на працягу часу, неабходнага для даследвання іх уласцівасцей (іонная пастка, ці «пастка П.»). Прапанаваў метад раздзялення і назапашвання пры дапамозе іоннай пасткі іонаў рознай масы, які выкарыстоўваюць у прэцызійнай спектраскапіі. Адзін са стваральнікаў Ням. электроннага сінхратрона (1957; г. Гамбург). Нобелеўская прэмія 1989 (разам з Г.Дэмелтам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЭР ((Karrer) Паўль) (21.4.1889, Масква — 18.6.1971),
швейцарскі хімік-арганік. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1911). З 1918 праф. гэтага ун-та (у 1950—52 рэктар), адначасова з 1919 дырэктар Хім. ін-та (г. Цюрых). Навук. працы па даследаванні караціноідаў, флавінаў і вітамінаў. Устанавіў будову і сінтэзаваў шэраг пігментаў, вітамінаў (A, B2, E, K1), алкалоідаў. Даказаў сувязь паміж вітамінам A і B-карацінам. Нобелеўская прэмія 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НДЭ ((Linde) Карл Паўль Готфрыд фон) (11.6.1842, г. Турнаў, Германія — 16.11.1934),
нямецкі фізік і інжынер, адзін з заснавальнікаў вытв-сці халадзільнай тэхнікі. Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це. У 1868—78 і 1892—1910 праф. Вышэйшага тэхн. вучылішча ў Мюнхене. На падставе выкарыстання Джоўля—Томсана эфекту сканструяваў і пабудаваў першую прамысл. ўстаноўку для атрымання вадкага паветра (1895) і рэктыфікацыйны апарат для раздзялення паветра на кампаненты (1902).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЛЬС ((Diels) Ота Паўль Герман) (23.1.1876, г. Гамбург, Германія — 7.3.1954),
нямецкі хімік-арганік. Скончыў Берлінскі ун-т (1899), дзе і працаваў (з 1906 праф.). З 1916 у Кільскім ун-це. Навук. працы па структурнай арган. хіміі. Адкрыў важнейшую рэакцыю арган. хіміі — дыенавы сінтэз (1928, разам з К.Альдэрам), каталітычную рэакцыю селектыўнага дэгідрыравання з дапамогай селену цыклагексенавага ці цыклагексанавага кольца ў малекулах поліцыклічных злучэнняў (1930). Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Альдэрам).