ПАЎКУ́СТ,

шматгадовая расліна, у якой ніжняя ч. надземных парасткаў дзеравянее і захоўваецца некалькі гадоў, а верхняя (травяністая) — штогод адмірае. Выш. да 80, зрэдку да 150—200 см. Пашыраны пераважна ў арыдных зонах (некат. віды куравая, палыну, салянак), таму пупышкі ўзнаўлення размешчаны на адраўнелай ч. над зямлёй, што засцерагае іх ад перагрэву ў моцна нагрэтай глебе.

т. 12, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧУ́ЛІ (Pogostemon patehouli),

кветкавая расліна сям. ясноткавых. Радзіма — Філіпінскія а-вы. Вырошчваюць як эфіраалейную культуру ў трапічнай зоне Паўд.-Усх. Азіі.

Паўкуст выш. да 1 м з валасніковістымі каранямі. Лісце супраціўнае, яйцападобнае, зубчастае, з моцным мускатным пахам. Кветкі белыя або светла-бэзавыя ў гронках. Плод — арэшак. Эфірны алей лісця выкарыстоўваюць у парфумерыі (лепшы фіксатар паху), мае інсектыцыдныя ўласцівасці. Лек., тэхн. расліна.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МІ, рамі белае,

кітайская крапіва (Boehmeria nivea),

кветкавая расліна сям. крапіўных. Пашырана ў Кітаі і Паўд. Японіі. Культывуецца як тэкст. культура ў трапічных і субтрапічных раёнах.

Шматгадовы паўкуст з добра развітай каранёвай сістэмай. Сцёблы прамастойныя, цыліндрычныя, негалінастыя. Лісце буйное, сэрцападобнае, знізу белалямцавае. Кветкі дробныя, аднаполыя ў шматкветкавых суквеццях. Доўгія (да 500 мм) шаўкавістыя валокны Р. выкарыстоўваюцца ў вытв-сці тканін, вышэйшых сартоў паперы і інш.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАНІ́КА, маліна неская (Rubus nessensis),

кветкавая расліна сям ружавых. Пашырана ў Еўропе; на Беларусі — усюды. Трапляецца ў лясах, па берагах рэк. Нар. назва — дуброўка.

Паўкуст выш. 50—100 см з прамастойнымі сцёбламі. Знешне падобная да ажыны, адрозніваецца пладамі без шызага налёту і граністымі парасткамі першага года. Лісце пяціпальцае з прылісткамі, чаргаванае. На сцёблах і чаранках лісця пурпурова-чорныя шыпы. Кветкі буйныя, белыя, па 5—12 у шчытках. Плод — малінава-чорная шматкасцянка, ядомы (спажываюць у свежым выглядзе, гатуюць варэнне, джэмы, мармелады, сокі).

Куманіка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАЮ́ЛА, гуаюла (Parthenium argentatum),

каўчуканосная расліна сям. складанакветных. Пашырана ў пустынях паўн. ч. Мексіканскага нагор’я (да 2000 м над узр. мора), а таксама на Пд ЗША (штат Тэхас). Раней культывавалася ў ЗША, Мексіцы, Іспаніі, Алжыры, Марока, Закаўказзі і ў Сярэдняй Азіі. На Беларусі не вырошчваецца.

Вечназялёны моцна разгалінаваны паўкуст выш. да 1 м, з доўгім разгалінаваным стрыжнёвым коранем. Лісце ланцэтнае або лапатчатае, выемчастае або перыстараздзельнае. Кветкі ў дробных кошыках на доўгіх кветаносах. Лісце, кветаносы і аднагадовыя галіны ўкрыты кароткімі густымі серабрыстымі валаскамі. Каўчук маюць у каранях і галінках.

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)