Паўзямлянка 4/438, 439

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАСО́ВІЧЫ,

старажытнае селішча каля в. Насовічы Добрушскага р-на Гомельскай вобл. Датуецца некалькімі этапамі: 1—3 ст.; 5—7 ст.; магчыма, 8—9 ст.; 10—11 ст. У выніку археал. даследаванняў у найб. стараж. пластах выяўлена паўзямлянка з адкрытым агнішчам, якая адносіцца да калочынскай культуры. Знойдзены ляпная і ганчарная кераміка розных часоў, гліняныя прасліцы, фрагменты жал. прылад працы, сердалікавыя і шкляныя пацеркі і інш.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНА́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА, лінейна-стужачнай керамікі культура,

археалагічная культура плямён эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.), якія жылі ў бас. Дуная. У 4500—4000 г. да н.э. распаўсюдзілася ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. Больш за 40 помнікаў Д.к. вядомы на З Валыні, яе ўплывы і знаходкі сустракаюцца ў паўд.-зах. Беларусі. Насельніцтва Д.к. займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыллё — паўзямлянка, у зах. ч. арэала — наземнае слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Для Д.к. характэрны шарападобныя гаршкі з цыліндрычным горлам, крамянёвыя нажы, скрабкі, пласціны для сярпоў, наканечнікі стрэл, каменныя зерняцёркі, сякеры і інш. Д.к. ўплывала на нёманскую культуру.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТВЕ́РЖЫЧЫ,

бескурганны могільнік і 2 селішчы зарубінецкай культуры, курганны могільнік 10—11 ст. каля в. Атвержычы Столінскага р-на Брэсцкай вобласці. Даследавалі ў 1950—60-я г. Ю.​У.​Кухарэнка і К.​В.​Каспарава. На бескурганным могільніку ўскрыта 97 пахаванняў з трупаспаленнем у авальных або круглых ямах (1 ст. да нашай эры — 1 ст. нашай эры). Знойдзена шмат ляпнога посуду, металічныя фібулы, буйныя шпількі, трапецападобныя падвескі, бранзалеты, скураны пояс, упрыгожаны бронзавымі пласцінамі і бляшкамі, і інш. На адным з селішчаў раскапана паўзямлянка памерам 4,8×3 м, заглыбленая ў зямлю на 0,7 м, з рэшткамі глінабітнай печы дыям. 0,65 м.

Бронзавыя шпілька і фібулы з бескурганнага могільніка Атвержычы.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура ранняга сярэднявечча (5—7 ст.) на тэр. Еўропы, абмежаванай з У Дняпром, з З Эльбай, з Пд Дунаем, з Пн Прыпяццю. У самаст. культуру вылучана ў 1940-я г. чэшскім археолагам І.​Баркоўскім пад назвай «кераміка пражскага тыпу». Помнікі П.к. належалі раннім славянам. Вядома больш за 600 яе паселішчаў і могільнікаў. Прадстаўлена пераважна неўмацаванымі селішчамі, часам гарадзішчамі. У міжрэччы Дняпра і Віслы асн. тыпам жылля была квадратная ў плане паўзямлянка пл. 6—20 м² зрубнай ці слупавой канструкцыі з печчу-каменкай у адным з кутоў. На зах. Валыні паўзямлянкі мелі глінабітныя печы, у Беларускім Палессі — агмені, складзеныя з камянёў, металургічнага шлаку і кавалкаў балотнай руды (Петрыкаў, Кажан-Гарадок, Камень, Востраў), або печы, складзеныя з дробных камянёў і гліны (Струга 1-я, Ліпляны). Пахавальныя помнікі П.к. — грунтавыя могільнікі, часам курганы з абрадам трупаспалення па-за магіламі. Рэчавы матэрыял складаецца з керамікі, вырабаў з металу, шкла, косці і каменю. Адметная рыса культуры — высокія гаршкі з усечана-канічным тулавам, крыху звужаным горлам і кароткаю шыйкай. На тэр. Усх. Еўропы вылучаюць карчакскі варыянт П.к. Наконт генезісу П.к. адзінай думкі няма. Існуюць меркаванні аб значнай ролі ў яе фарміраванні кіеўскай культуры, пшэворскай культуры верхнеднястроўскага варыянта і чарняхоўскай культуры. У Бел. Палессі пахаванні паводле абраду трупаспалення ў грунтавых ямах даследаваліся каля в. Хорск, Снядзін і Хотамель.

В.​С.​Вяргей.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)